Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ёсьць сярод турэмнікаў сумленныя людзі? Адказваюць нобэлеўская ляўрэатка, экс-пракурор і былы турэмны лекар


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Шосты эпізод падкаст-сэрыялу «Архіпэляг БЕЛАГ» — пра восьмы круг пекла, куды сьвядома кідаюць палітвязьняў: ШЫЗА, перавод у памяшканьне камэрнага тыпу, катаваньні за кратамі, сьвядомае неаказаньне мэдычнай дапамогі, сьмерці палітвязьняў.

Ці ёсьць ускосны загад або ўказаньне ўладаў даводзіць палітвязьняў за кратамі да сьмерці? Вось што мяркуе прадстаўнік абʼяднаньня былых сілавікоў ByPol Аляксандар Ракіцкі, які служыў пракурорам аддзелу па наглядзе за законнасьцю выкананьня крымінальных пакараньняў з 2003 па 2008 гады.

Аляксандар Ракіцкі
Аляксандар Ракіцкі

— Ня думаю, што ёсьць устаноўка забіваць палітвязьняў, але ёсьць устаноўка на тое, што калі ў ходзе прымяненьня да іх тых мэтадаў, якія цяпер прымяняе адміністрацыя калёніі, нехта пацярпіць ці памрэ, то гэта дапушчальныя рэчы, скажам так. Думаю, гэта абазначана для супрацоўнікаў і адміністрацыі. Гэта не тэлефонная размова, гэта, найхутчэй, ці калегія, ці нейкая нарада, дзе даваліся ўстаноўкі начальнікам папраўчых установаў...


Працяглыя тэрміны ізаляцыі палітвязьняў у ШЫЗА праваабаронцы называюць катаваньнямі. Натальля Сацункевіч з Праваабарончага цэнтру «Вясна»:

Натальля Сацункевіч у цэнтры
Натальля Сацункевіч у цэнтры

— Працяглае знаходжаньне ў ШЫЗА і ПКТ мы, праваабаронцы, трактуем як жорсткае, бесчалавечнае абыходжаньне, і шмат у якіх выпадках гэта проста катаваньне. Тое, што палітвязьні расказваюць пра знаходжаньне ў ШЫЗА, як яны туды трапляюць, што на роўным, пустым месцы можа быць спагнаньне, ты атрымліваеш 10 сутак у ШЫЗА, яшчэ 10 і яшчэ 10, і так запар можа быць месяц, два, тры. Гэта ўсё бесчалавечнае абыходжаньне і катаваньне. І тыя ўмовы, пра якія расказваюць палітвязьні, што забіраюць тэрмабялізну, каб было яшчэ больш няўтульна, некамфортна, што там няма агулам бялізны, што там нельга сядзець і ляжаць удзень, толькі ўначы. Там ці вельмі горача, ці вельмі холадна, у залежнасьці ад пары году. Няма ніякай камунікацыі зь іншымі людзьмі. Ты ў адзіночнай камэры. Гэта адзін з самых страшных кампанэнтаў зьмяшчэньня ў ШЫЗА.

Былы палітвязень Алег Грузьдзіловіч сьведчыць пра наладжаную ў калёніях сыстэму, калі палітвязьняў з надуманых прычын адпраўляюць у ШЫЗА, а пасьля пераводзяць на больш жорсткі рэжым.

Алег Грузьдзіловіч
Алег Грузьдзіловіч

— У калёніі дзейнічае свая адпрацаваная сыстэма па далейшай ізаляцыі асуджанага, які ў чымсьці не даспадобы ці на яго ёсьць адмысловы загад. Што тычыцца палітычных, то гэта і ёсьць такія людзі. Паводле інструкцыі, калі чалавек пэўную колькасьць разоў за нейкія парушэньні адбыў у ШЫЗА, то яго можна зьмяшчаць у ПКТ, памяшканьне камэрнага тыпу, таму што ён нібыта ня стаў на шлях выпраўленьня. Што робяць адміністрацыя і ахоўнікі? Калі я зьявіўся ў калёніі, спачатку, як любы вязень, праходзіш карантын. Мяне адразу сябры па карантыне папярэдзілі, што палітычным адразу ў першыя дні дадуць ШЫЗА, каб прафіляктычна цябе запалохаць. Няважна, будзеш ты выконваць усе правілы ці нешта парушаць. Так і адбылося. Літаральна на чацьверты дзень на мяне быў складзены пратакол, што нібы памылку зрабіў у сьпісе сваіх рэчаў. Мяне адправілі на так званы суд, на камісію, і там ужо далі ШЫЗА. Начальнік калёніі адразу папярэдзіў: рыхтуйце яго да 411 артыкула. Гэта азначае, што спэцыяльна вешайце на мяне парушэньні. Ты атрымліваеш некалькі ШЫЗА, і потым цябе прызнаюць такім, які ня стаў на шлях выпраўленьня, і далей табе могуць даць ПКТ. Гэта фактычна пастаянная ізаляцыя. На паўгода. Гэта вельмі часта робіцца зараз з палітычнымі. А калі і гэта не дапаможа, чалавек не саступае, не падпісвае нейкія паперы пра прызнаньне віны, то адпраўляюць на суд і даюць па 411 артыкуле яшчэ адзін тэрмін. Могуць год, а могуць і больш даць. Ці могуць адправіць у крытую турму, як таксама часта робяць з палітычнымі...

Васіль Завадзкі
Васіль Завадзкі

Самае страшнае і, напэўна, непазьбежнае ў турме — захварэць. Могуць абвастрыцца старыя хранічныя хваробы ці зьявіцца новыя — як наступства ўмоваў утрыманьня і працяглага стрэсу. Былы турэмны лекар Васіль Завадзкі:

— За кратамі маюць месца тыя ж хваробы, што і на волі, хоць ёсьць асаблівасьці. Найчасьцей за кратамі праяўляюцца сухоты, бо месцы пазбаўленьня волі — больш рызыкоўнае месца для разьвіцьця гэтай хваробы, як, зрэшты, і іншых інфэкцыйных хваробаў. Можна сабе ўявіць: калі вострае рэсьпіраторнае захворваньне, той жа ковід, трапляе ў месца, дзе разам знаходзіцца столькі людзей, то гэта вельмі спрыяльныя ўмовы для распаўсюджваньня гэтай і іншых інфэкцыйных хваробаў. Калі я працаваў, былі ўспышкі пранцаў і іншых вэнэрычных захворваньняў, але яны ўсё ж характэрныя для асобнай катэгорыі вязьняў. Іншы аспэкт — стрэсавыя хваробы. Калі гаварыць пра палітвязьняў, я думаю, што да іх гэта мае дачыненьне ў першую чаргу. Палітвязьні — гэта людзі, якія не злачынцы па сваёй сутнасьці, для якіх трапіць у такія ўмовы — вельмі вялікі стрэс. Калі чалавек сапраўды зьдзейсьніў злачынства, ён успрымае суд, умовы зьняволеньня па-іншаму. Калі чалавек адчувае, што гэта ў нечым справядлівае пакараньне, то ў яго іншая рэакцыя арганізму. А для палітвязьняў гэта вялікі стрэс. А стрэс — магутны ўдар па імунітэце чалавека, праз што могуць абвастрацца хранічныя хваробы і зьяўляцца іншыя хваробы, такія як прабадная язва, як у Марыі Калесьнікавай, якая мае найчасьцей стрэсагенны характар.


У лістападзе 2021 году ў магілёўскай турме ў 47-гадовага палітвязьня Дзьмітрыя Сончыка здарыўся інфаркт, а пасьля — інсульт. Каля месяца ён прабыў у гарадзкой лякарні, прышпілены кайданкамі да ложка, пад назіраньнем канваіраў і відэакамэры, а потым яго вярнулі ў турму, дзе яго даглядалі сукамэрнікі. Былы палітвязень Валянцін Лабачоў быў разам зь Дзьмітрыем у камэры, калі ў яго здарыўся інфаркт.

Валянцін Лабачоў
Валянцін Лабачоў

— Я быў у магілёўскай турме. У камэру прывялі Дзьмітрыя Міхайлавіча Сончыка. Ён быў асуджаны таксама па «экстрэмісцкіх артыкулах». Ноччу яму стала дрэнна. Яго забралі, мы нічога ня ведалі пра яго дзесьці месяц. Празь месяц у камэру адміністрацыя прыйшла і кажа, што яго прывезьлі, што быў інсульт, інфаркт. Пажадана, каб хтосьці сядзеў зь ім, хто яго ведае, каб дапамаглі штосьці згадаць, бо ён крыху і памяць згубіў. Я вызваўся яму дапамагаць. Нас перавялі ў шасьцімесную камэру з рамонтам. Дапамагалі яму. Аб сьценку ён абапіраўся, бо ня мог добра ісьці. Прыходзілася яму і пампэрсы мяняць. Ён практычна стаў інвалідам. Ён знаходзіўся пад апэляцыйнай скаргай, і яму нічога не зьмяніла скарга, нягледзячы на тое, што ён інвалід.

Валянцін Лабачоў мяркуе, што ў Сончыка здароўе істотна пагоршылася праз тое, што яго моцна білі пры затрыманьні, і таму, што Сончык надта перажываў за кратамі.

Паводле былога турэмнага мэдыка Васіля Завадзкага, турэмныя мэдыкі збольшага ня могуць уплываць на рашэньні адміністрацыі. Завадзкі лічыць, што мэдычная служба ў пэнітэнцыярнай сыстэме павінна належаць да цывільнай сыстэмы аховы здароўя і мэдыкі не павінны падпарадкоўвацца МУС, як цяпер.


Невядомая дакладная колькасьць палітвязьняў, якія загінулі за кратамі ці іх сьмерць стала наступствам зьняволеньня. Праваабаронцы называюць 11 загінулых пасьля 2020 году ў месцах пазбаўленьня волі: Аляксандар Віхор, Вітольд Ашурак, Зьміцер Дудойць, Алена Амеліна, Сяргей Шчацінка, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Зьміцер Сарокін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік, Аляксандар Кулініч.

Няшмат вядома пра выпадкі, калі палітвязьням дапамагаюць за кратамі. Прычына зразумелая — публічнасьць можа пашкодзіць тым, хто ставіцца да палітвязьняў па-людзку. Працягвае былы турэмны лекар Васіль Завадзкі.

— Са свайго досьведу ведаю, што даволі шмат дактароў у месцах пазбаўленьня волі з душой ставяцца да пацыентаў, перажываюць за іх. Я такіх ведаў і ўпэўнены, што такія цяпер працуюць. Ня толькі пра лекараў, але і пра іншых супрацоўнікаў даходзіць інфармацыя, што людзі імкнуцца дапамагаць і дапамагаюць, але пра гэта гаварыць не выпадае цяпер. Ні пра лекараў, ні пра іншых супрацоўнікаў, на жаль, таму што ў сёньняшняй сытуацыі ім гэта можа нашкодзіць. Калі стане вядома, яны ня будуць больш працаваць, і тады яшчэ менш будзе магчымасьцяў дапамагаць людзям. Я ўпэўнены, што шмат якія мэдычныя работнікі, ня толькі лекары, але і сярэдні мэдычны пэрсанал, імкнуцца зрабіць усё, што ад іх залежыць, нават у тых складаных умовах.

Вольга Гарбунова
Вольга Гарбунова

Былая палітзьняволеная Вольга Гарбунова кажа, што ёй вядомыя выпадкі завядзеньня крымінальных справаў на супрацоўнікаў пэнітэнцыярнай сыстэмы, якія дапамагалі палітвязьням. Але ўлады максымальна хаваюць гэтую інфармацыю, кажа былая палітзьняволеная.

Працягвае прадстаўнік абʼяднаньня былых сілавікоў ByPol Аляксандар Ракіцкі, які служыў пракурорам аддзелу па наглядзе за законнасьцю выкананьня крымінальных пакараньняў.

— Зыходзячы са свайго жыцьцёвага досьведу, магу сказаць, што маральныя вырадкі, садысты — у меншасьці, але яны больш навідавоку і больш вызначаюць умовы, быт, утрыманьне асуджаных. Большая частка ўсё ж, мне так думаецца, хаця б палова, больш-менш адэкватныя, больш-менш па-чалавечы павінны ставіцца.

Аляксандар Ракіцкі быў знаёмы з многімі кіраўнікамі пэнітэнцыярных установаў. Паводле яго, у сыстэме даслужваюць сама больш да 50 гадоў. Гэта гранічная выслуга ў сыстэме МУС. Пасьля 50 гадоў можна служыць толькі са згоды Лукашэнкі. Паводле Ракіцкага, пасьля 2020 году звальненьні закранулі ўсю сыстэму МУС, пракуратуры, дзяржаўных установаў.

— Звальнялі і самі сыходзілі. Няма шырокага розгаласу і мала хто пра гэта заяўляе, але я перакананы на 100%, што такія выпадкі ў любой сыстэме дзяржслужбы, і ў МУС ведаю прыклады... Па пэнітэнцыярнай сыстэме канкрэтных выпадкаў ня ведаю, але перакананы, што яны былі.

Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч перакананая, што сярод турэмнікаў ёсьць сумленныя людзі.

Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

— Я хачу верыць, што такія людзі ёсьць, я нават не сумняюся, што такія людзі ёсьць. Яшчэ нядаўна мы жылі сярод добрых людзей. І што, мы цяпер апынуліся ўсе сярод дрэнных людзей? Ня можа такога быць. Проста, напэўна, такі час, што ня ўсе гатовыя на яўны супраціў. Ёсьць жа ціхі супраціў. Яны выбралі гэты спосаб барацьбы, таму што яны хочуць жыць дома. Я ўпэўненая, што ёсьць людзі, якія на баку дабра, але яны гэта робяць нябачна. Ёсьць такі нябачны фронт.

Падкаст «Архіпэляг БЕЛАГ». Дзе глядзець і слухаць

Гэта падкаст Ганны Соўсь пра тое, як Беларусь паступова ператвараюць у турму.

У сямі частках візуалізаванага падкаста «Архіпэляг БЕЛАГ» мы пройдзем праз усе кругі пекла карнай сыстэмы рэжыму Лукашэнкі — затрыманьне, «суткі», сьледзтва, хатнія арышты, «хімію», этапы, калёніі, турмы і жыцьцё пад наглядам па вызваленьні. У гэтым нам дапамогуць былыя палітзьняволеныя, былыя сілавікі, праваабаронцы, а таксама нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч.

Мы раскажам, як пабудаваны «Архіпэляг БЕЛАГ» знутры, на чым ён трымаецца, якія людзі там працуюць, на чый загад палітвязьняў катуюць і даводзяць да сьмерці. У падкасьце вы пачуеце парады былых палітвязьняў, былых сілавікоў і праваабаронцаў, як прайсьці «Архіпэляг БЕЛАГ» з найменшымі стратамі для псыхічнага і фізычнага здароўя.

Візуалізацыю падкасту разам з намі рабілі былыя палітзьняволеныя — Марыя Каленік, Лявон Халатран, Віктар Пархімчык, Анастасія Булыбенка, Натальля Карнеева і яшчэ некалькі чалавек, якія пажадалі захаваць ананімнасьць.

«Архіпэляг БЕЛАГ». Як Беларусь ператвараюць у турму
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:50 0:00

Новыя выпускі падкасту выходзяць кожны аўторак ад 2 красавіка на YouTube-канале Свабоды і асноўных падкаст-плятформах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал Радыё Свабода, каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG