Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня толькі люксавыя аўтамабілі. Эўрапейскія грузавікі трапляюць у Расею празь Беларусь у абыход санкцыяў, — расьсьледаваньне


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Нядаўна Польшча, Літва і Латвія перасталі прапускаць празь межы зь Беларусьсю люксавыя аўтамабілі, на гандаль якімі з Расеяй наклалі санкцыі. Журналісты-расьсьледнікі высьветлілі, што сетка беларускіх, расейскіх і эўрапейскіх кампаній у абыход санкцыяў увозіць з Эўропы ў Расею празь Беларусь ня толькі люксавыя аўтамабілі, але і грузавыя.

Схемы перапродажу эўрапейскіх аўтамабіляў у Расею раскрывае ў сваім новым расьсьледаваньні беларускае «Бюро» ў партнэрстве з расейскім выданьнем «Вёрстка». Расьсьледаваньню дапамагалі «Кібэрпартызаны» і літоўскі расьсьледніцкі цэнтар Siena. Пераказваем асноўнае.

Пасьля поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну Эўразьвяз забараніў прадаваць грузавікі ў Расею і Беларусь, але аўтамабілі трапляюць у гэтыя краіны ў абыход санкцыяў. Як высьветлілі расьсьледнікі, падсанкцыйныя эўрапейскія грузавікі возяць у Расею дзясяткі беларускіх кампаній. Сярод папулярных аўтамабільных брэндаў — Volvo, Scania, Mercedes-Benz, DAF, MAN, Renault. Краінай паходжаньня грузавікоў пазначаныя Швэцыя, Бэльгія, Нідэрлянды, Францыя, Нямеччына, Польшча.

Паводле журналістаў, дзякуючы ланцужкам пасярэднікаў у 2023 годзе зь Беларусі ў Расею паставілі больш за 600 цягачоў на 60 мільёнаў даляраў. У тройку лідэраў па пастаўках увайшлі беларускія кампаніі «Белшынгандальсэрвіс», «Аўтабай Лізінг» і «НМП Лагістык». Яны падзялілі паміж сабой амаль 60% «шэрага» аўтарынку.

Сутнасьць схемы палягае ў тым, што эўрапейскія дылеры прадаюць цягачы кампаніям у Літве. Тыя, у сваю чаргу, прадаюць іх кампаніі ў іншай краіне, напрыклад у Казахстане. Потым машыны транзытам заяжджаюць на тэрыторыю Беларусі, дзе на іх робяць новыя дакумэнты. Пасьля грузавікі становяцца на ўлік у межах ЭАЭС і ад імя беларускіх фірмаў іх прадаюць расейскім дылерам, а потым — пакупнікам па ўсёй Расеі.

Прыкладна такая ж схема працуе і для люксавых аўтамабіляў. Так, усе тры кампаніі, якія пастаўляюць цягачы ў Расею, таксама правозяць і легкавыя аўтамабілі. У ланцужку паставак задзейнічаныя кампаніі з чатырох краін — Нямеччыны, Літвы, Беларусі і Расеі. Як і ў выпадку зь цягачамі, машыны ў эўрапейскіх пастаўшчыкоў купляе літоўская фірма, якая потым перапрадае іх беларускай, а тая, у сваю чаргу, перапрадае сваёй жа фірме, але расейскай.

Найбольшага посьпеху ў пастаўках эўрапейскіх грузавікоў у Расею дасягнула беларуская кампанія «Белшынгандальсэрвіс». Фірма больш за 30 гадоў прадае шыны, дыскі, акумулятары, аўтамабілі і спэцтэхніку, аўтазапчасткі і г.д., пасьля 2020-га ажыцьцяўляла пастаўкі сілавым ведамствам. За 2023 кампанія павялічыла выручку ў 5 разоў, амаль да 46 млн даляраў, чысты прыбытак вырас у 24 разы і склаў 390 тысяч даляраў. Кампанія прадавала ў Расею цягачы пад брэндамі Volvo, Scania, Mercedes-Benz, DAF, MAN, Renault. Зарабляе на гэтым беларус Уладзімер Сержановіч.

Беларуская фірма «Аўтабай Лізінг», якой валодае грамадзянін Беларусі родам з Крыму Сяргей Лытко, летась прадала сваёй расейскай «дачцэ» «Автобай» цягачы пад брэндамі Volvo, DAF, MAN, Scania і Renault на 5,8 млн даляраў, а таксама люксавыя легкавыя аўтамабілі Volkswagen, Mercedes-Benz, BMW, Audi, Lamborghini, Porsche, Ferrari на агульную суму звыш 3,5 мільёна даляраў. Пакупнік — кампанія «Автобай», якой валодае беларус, былы спартоўца Ігар Дзятко. За мінулы год выручка кампаніі «Аўтабай Лізінг» вырасла ў 6 разоў, да 15 млн даляраў, чысты прыбытак склаў 1 млн даляраў — у 22 разы больш, чым летась.

Беларуская кампанія «НМП Лягістык» была зарэгістраваная неўзабаве пасьля ўвядзеньня санкцыяў ЭЗ. За год яе выручка вырасла ў 10 разоў, да 7 мільёнаў даляраў, а чысты прыбытак склаў 47 тысяч даляраў — у 5 разоў больш, чым год таму. Уладальнік фірмы — Глеб Чарнышоў з Кобрыні. Летась яго кампанія пастаўляла ў Расею грузавікі Volvo, Mercedes-Benz, DAF і MAN. Адзіны пакупнік у Расеі — кампанія «Про Авто».

Нямецкія кампаніі, у якіх набывалі аўтамабілі, паведамілі журналістам, што не прадаюць тэхніку ў Расею. Некаторыя кампаніі адмовіліся адказваць на пытаньні.

Расьсьледаваньне цалкам можна пачытаць па спасылцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG