Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйна нэўтралітэт, у рэальнасьці — праіранскія сымпатыі. Як Менск адрэагаваў на атаку Ірана супраць Ізраіля


Супрацьракетная сыстэма Ізраіля працуе пасьля таго, як Іран запусьціў бесьпілётнікі і ракеты ў бок Ізраіля, від горада Ашкелона
Супрацьракетная сыстэма Ізраіля працуе пасьля таго, як Іран запусьціў бесьпілётнікі і ракеты ў бок Ізраіля, від горада Ашкелона

Першая ў гісторыі прамая ваенная атака Ірана супраць Ізраіля стала чыньнікам рэзкай эскаляцыі сытуацыі на Блізкім Усходзе, які ўжо больш як 70 гадоў называюць парахавой бочкай сьвету. Рэгіёну пагражае вялікая вайна. Як на гэты крызіс адрэагавалі ў Беларусі?

Сьцісла:

  • Цяперашняе абвастрэньне мае сваю асаблівасьць. Адбываецца канфрантацыя Ізраіля не з арабскімі краінамі, а з Іранам.
  • Саюзьнікам Ізраіля зьяўляюцца ЗША, і гэта моцна ўплывае на сымпатыі і расклады сусьветных гульцоў.
  • Гэтая вайна выгадная Расеі, бо адцягвае ўвагу сьвету, найперш заходніх краін, ад ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне.
  • Апошнім часам афіцыйны Менск актыўна супрацоўнічае з мусульманскімі краінамі, у тым ліку з Іранам. І наадварот, з Ізраілем супрацоўніцтва ня вельмі вялікае.

У канфлікце непасрэдна задзейнічаныя краіны, якія знаходзяцца па-за межамі Блізкага Ўсходу. Ізраілю дапамагалі абараніцца ад іранскай атакі ЗША, Вялікая Брытанія, Францыя.

Канфлікт Ізраіля з краінамі Блізкага Ўсходу цягнецца шмат дзесяцігодзьдзяў. Але цяперашняе абвастрэньне мае сваю асаблівасьць. У мінулым узброенае супрацьстаяньне Ізраіля адбывалася пераважна з палестынцамі, суседнімі арабскімі краінамі.

Цяпер жа адбываецца канфрантацыя з Іранам і ягонымі саюзьнікамі. Іран не арабская краіна, да таго ж шыіцкая. Канфлікт паміж шыітамі і сунітамі часта больш востры, чым паміж Ізраілем і арабамі. Адбываецца барацьба за дамінаваньне ў рэгіёне паміж Іранам і манархіямі Пэрсыдзкай затокі на чале з Саудаўскай Арабіяй. Вельмі адметна, што падчас цяперашняй іранскай атакі Ізраілю дапамагала абараняцца Ярданія і, паводле некаторай інфармацыі, таксама Саудаўская Арабія. Значыць, гэта не клясычны канфлікт паміж габрэямі і арабамі (мусульманамі), тут усё больш складана.

Адметна, што ЗША папярэдзілі Ізраіль, што не падтрымаюць зваротнага ўдару па Іране. Стрыманасьць ізраільскіх уладаў можа перадухіліць вялікую вайну.

Абвастрэньне блізкаўсходняга супрацьстаяньня выяўляе новыя заканамернасьці і акалічнасьці, у якіх апынуўся сьвет. Напрыклад, Аляксандар Лукашэнка, беларускія дзяржаўныя мэдыя любяць разважаць пра тое, што мы перажываем пэрыяд краху аднапалярнага сьвету з дыктатам адной сілы (ЗША, Захад), яму на зьмену прыходзіць новы, значна лепшы шматпалярны сьвет, у якім ніхто не дыктуе сваіх правілаў. Аднак насамрэч рэальнасьць зусім іншая. На зьмену аднапалярнаму парадку прыходзіць не шматпалярны парадак, як мроілася, а шматпалярны беспарадак. Чалавецтва ўступае ў пэрыяд, калі адрынутыя ўсе правілы, дамінуе хаос. Разбурылася ўся сыстэма міжнароднай бясьпекі.

Напад Ірана на Ізраіль адбыўся на тле глябальнага канфлікту, які цяпер адбываецца паміж Захадам і Расеяй (у саюзе зь Беларусьсю). І гэта вельмі моцна адбіваецца на стаўленьні да гэтай вайны. Глябальны канфлікт вызначае лініі расколу. Напрыклад, саюзьнікам Ізраіля зьяўляюцца ЗША, і гэта моцна ўплывае на сымпатыі і расклады сусьветных гульцоў.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі падтрымаў Ізраіль. Пастаянны прадстаўнік Расеі пры ААН Васіль Нябензя, наадварот, яго асудзіў.

На афіцыйным узроўні Беларусь у гэтай ірана-ізраільскай канфрантацыі заняла нэўтральную пазыцыю. МЗС заклікала да мірнага ўрэгуляваньне канфлікту палітыка-дыпляматычнымі сродкамі. Аднак дзяржаўныя мэдыя (у прыватнасьці БелТА), а таксама прапагандысты выказваюць яўную сымпатыю да Ірана, не хаваюць сваёй радасьці. Бо адчуваюць, на чыім баку рэальныя сымпатыі ўлады.

Іх пазыцыя зразумелая. Вялікая вайна на Блізкім Усходзе выгадная Расеі, яна адцягвае ўвагу сьвету, найперш заходніх краін, ад ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне. І гэта можа прывесьці да зьмяншэньня вайсковай падтрымкі Кіева, да росту сусьветных цэнаў на нафту, што таксама выгадна РФ.

Варта адзначыць, што з Расеі ў Ізраіль пераехалі многія вядомыя асобы — праціўнікі вайны Расеі супраць Украіны: Ала Пугачова, Максім Галкін, Андрэй Макарэвіч... І гэта таксама ня можа не раздражняць прапагандыстаў.

Апошнім часам афіцыйны Менск актыўна супрацоўнічае з арабскімі, мусульманскімі краінамі. Лукашэнка нядаўна рабіў візыт у Іран. І наадварот, з Ізраілем супрацоўніцтва ня вельмі значнае. Лукашэнка наведаў гэтую краіну толькі аднойчы, у 2000 годзе. У 2011 годзе ў Ізраіль зрабіў візыт тагачасны прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч. Сам Лукашэнка на мяжы 1990-2000 гадоў выступаў з шэрагам антысеміцкіх выказваньняў.

Таму пазыцыя афіцыёзных прапагандыстаў, дзяржаўных мэдыя — вельмі важны маркер сапраўднага стаўленьня ўладаў да гэтай блізкаўсходняй драмы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG