З такімі сьцьвярджэньнямі ў сумесным артыкуле, прысьвечаным 120-годзьдзю заключэньня франка-брытанскага саюзу, які ўвайшоў у гісторыю як Антанта, выступілі кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў Вялікай Брытаніі — лорд Дэвід Кэмеран і Францыі — Стэфан Сэжурнэ. Тэкст апублікавала брытанская газэта The Telegraph.
«Калі Ўкраіна прайграе, прайграем мы ўсе. Кошт нашай няздольнасьці падтрымаць Украіну зараз будзе нашмат большы, чым кошт адбіцьця агрэсіі Пуціна», — гаворыцца ў артыкуле.
У ім згаданыя канкрэтныя прыклады падтрымкі Кіева Лёнданам і Парыжам, у тым ліку пастаўкі ракет Scalp і Storm Shadow і навучаньне ўкраінскіх пілётаў. У той жа час у артыкуле гаворыцца, што для падтрымкі Ўкраіны неабходна прыкладаць яшчэ большыя намаганьні. Пры гэтым згадваецца пра лютаўскую нараду ў Парыжы, на якой абмяркоўвалася і магчымасьць адпраўкі ва Ўкраіну вайскоўцаў краін NATO. У самім тэксьце пра такую магчымасьць ня згадваецца.
Кэмэран і Сэжурнэ таксама адзначаюць важнасьць барацьбы зь міжнародным тэрарызмам і паказваюць, што, нягледзячы на «агрэсіўную вайну Пуціна супраць Украіны», Францыя і Брытанія выказалі салідарнасьць з народам Расеі ў сувязі з тэрактам у «Крокус Сіці Холе».
Міністры адзначаюць, што праз 120 гадоў пасьля стварэньня Антанты Францыя і Вялікая Брытанія працягваюць захоўваць сяброўства, а іх сумесная гісторыя дазваляе глядзець у будучыню з аптымізмам «нават у змрочныя дні». «Разам мы можам захапіць за сабой і іншых дзеля пераадоленьня цяперашніх цяжкасьцей». Кэмэран і Сэжурнэ пішуць таксама пра «абноўленую» Антанту.
У гонар 120-годзьдзя франка-брытанскага саюзу прайшлі незвычайныя цырымоніі — францускія вайскоўцы ўзялі ўдзел у зьмене варты каля Букінгемскага палаца ў Лёндане, а брытанскія — каля Елісейскага палаца ў Парыжы. Былі выкананыя гімны дзьвюх краін — «Марсэльеза» і «Божа, беражы караля».
- Антанта (ад францускага l’Entente cordiale — «сардэчная згода») — вайскова-палітычны саюз паміж Брытанскай імпэрыяй і Францыяй, які аформіўся ў 1904 годзе. 8 красавіка 1904 году падпісалі сэрыю пагадненьняў па каляніяльных пытаньнях, якімі былі вырашаныя ўсе спрэчкі паміж гэтымі дзяржавамі.
- Да гэтага моманту ўжо існаваў саюз паміж Францыяй і Расейскай імпэрыяй, а з заключэньнем брытанска-расейскай дамовы ў 1907 годзе аформілася так званая Траістая Антанта — саюз Францыі, Расеі і Брытаніі, які ў 1914 годзе ўступіў у Першую сусьветную вайну супраць Цэнтральных дзяржаў (Нямеччыны і яе саюзьнікаў).
- Пасьля рэвалюцыі ў Расеі і яе выхаду з вайны Антантай называлі таксама аформлены саюз Францыі, Брытаніі і ЗША, якія і сталі галоўнымі пераможцамі Першай сусьветнай вайны.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.