Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа «Новага зроку» дайшла да суду: клініку вінавацяць у працы безь ліцэнзіі з 2011 году, хоць ліцэнзію Мінздароўя адабрала летась


20 сакавіка эканамічны суд Менску пачне разглядаць «пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні» за працу безь ліцэнзіі ў 2022 годзе ў дачыненьні да сеткі клінік «Новы зрок». Гэта, мяркуючы па ўсім, толькі вяршыня айсбэргу, расказаў «Люстэрку» заснавальнік сеткі Алег Каўрыгін.

У ліпені 2023 году Мінздароўя забрала ліцэнзію ў «Новага зроку». Тады ў заяве ведамства ўказвалася, што ліцэнзію ў кампаніі забіраюць з «даты яе выдачы». Цяпер «Новы зрок» абвінавачваюць у працы безь ліцэнзіі з 2011 году, калі быў выдадзены адкліканы дазвол.

Зыходзячы з дакумэнту, які ёсьць у распараджэньні «Люстэрка», эканамічны суд будзе разглядаць пратакол ад Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў КДК ад 14 сакавіка 2024 году. У ім старшы інспэктар ДФР Уладзімер Кавалёў фактычна прыходзіць да высновы, што з 2011 па 2023 год прадпрыемства працавала незаконна, але далей чамусьці разглядае парушэньні толькі за 2022 год.

За гэты час, паводле пратаколу, сетка клінік нібыта атрымала незаконны даход у памеры 17,06 мільёна рублёў. ДФР прызнаў гэта парушэньнем паводле ч. 1 арт. 13.3 КаАП (Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць). Санкцыя артыкула прадугледжвае ня толькі штраф да 500 базавых (да 20 тысяч рублёў), але і канфіскацыю да 100% сумы даходу.

«Па ўсім відаць, будзе яшчэ 11 такіх пратаколаў, — сказаў «Люстэрку» Алег Каўрыгін. — Яны зараз будуць па кожным годзе іх складаць, лічыць даходы і прымаць рашэньне аб канфіскацыі. Гэта значыць сума вырасьце ў 10 разоў. І яна будзе ня выплачаная. У лік гэтага канфіскуюць усё абсталяваньне, будынкі і гэтак далей. Як я ўжо казаў, мэта — забраць увесь бізнэс, ды яшчэ каб засталіся вінныя».

Парушэньні, указаныя ў пратаколе ДФР, Каўрыгін назваў абсурдам. Паводле яго, з такім кантролем у сфэры прыватнай мэдыцыны прадпрыемства не магло б прапрацаваць пазапраўна 12 гадоў. Каўрыгін сьцьвярджае, што ўсе зьвесткі, якія клініка «Новы зрок» падавала ў Мінздароўя для атрыманьня ліцэнзіі, былі правільныя, больш за тое — яны праходзілі пільную праверку.

«Таксама „Новы зрок“ праходзіў рэгулярныя праверкі — да пяці ў год. У тым ліку і Міністэрства аховы здароўя, якое ў поўным аб’ёме глядзіць усе дакумэнты, таксама і першасныя, на падставе якіх выдадзеныя ліцэнзіі і вядзецца дзейнасьць. Праверкі не знаходзілі парушэньняў, прадпрыемства працягвала працаваць. Чаму 10 гадоў не знаходзілі парушэньняў і не адклікалі ліцэнзію?» — задаецца пытаньнем Каўрыгін.

Ліквідатары «Новага зроку» даведаліся пра дату суду толькі 18 сакавіка, за два дні да яго пачатку. Прысутнічаць у судзе прадстаўнікі «Новага зроку» ня змогуць.

«Ліквідатар даслаў афіцыйны ліст з адмовай працаваць з намі. Прычына — ціск і пагрозы з боку сілавых структур. Так што абараніць сябе ў судзе мы ня зможам, — адзначае прадпрымальнік. — У позьве ў суд пазначана, што разгледзець справу могуць і без прысутнасьці ўдзельнікаў працэсу. А паколькі ліквідатар адмовіўся працаваць з намі, дык і юрыстаў наняць і апэляцыю падаць ён ня зможа. Фактычна заўтрашняе рашэньне суду аўтаматычна набудзе моц».

Што тычыцца крымінальнай справы ў дачыненьні да кіраўніцтва «Новага зроку» пра нібыта выплату заробкаў у канвэртах, дык па ёй ніякай новай інфармацыі ад СК няма.

  • У красавіку 2023 году Дзяржкантроль заявіў, што падазрае «Новы зрок» ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў. На ўладальніка і чатырох супрацоўнікаў клінікі завялі крымінальную справу. Сьледзтва сьцьвярджала, што пяць гадоў кіраўніцтву і спэцыялістам цэнтру выплачвалі «заробкі ў канвэртах». Агулам нібыта каля 50 чалавек атрымлівалі заробак такім чынам, абыходзячы падаткі.
  • 27 ліпеня 2023 году Міністэрства аховы здароўя адабрала ліцэнзію ў сеткі клінік «Новы зрок». Паводле афіцыйнай вэрсіі — нібыта за прадстаўленьне ў момант яе атрыманьня «падробных дакумэнтаў зь недакладнымі зьвесткамі пра адказных асобаў, якія не былі працаўладкаваныя на прадпрыемстве».
  • Заснавальнік «Новага зроку» Алег Каўрыгін на гэта заявіў, што абвінавачаньні надуманыя, і назваў рашэньне Мінздароўя «забаронай на працу», празь якую калектыў з 500 чалавек будзе вымушаны зьехаць зь Беларусі. Разам з гэтым клініка заявіла пра сыход зь беларускага рынку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG