Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі сцэнар для расейскіх выбараў


Уладзімір Пуцін
Уладзімір Пуцін

Палітычная кампанія ў Расеі пад назвай «прэзыдэнцкія выбары» скончылася ўсім вядомым вынікам, які многія загадзя прагназавалі.

І ён сьведчыць пра тое, што працэс унутранай трансфармацыі РФ, эвалюцыі пуцінскага палітычнага рэжыму адбываецца паводле ўсіх правілаў таталітарнай сыстэмы.

Сьцісла:

  • Крэмль выкарыстаў беларускі досьвед датэрміновага галасаваньня.
  • Лічба 87%, якую напісалі Пуціну, выглядае лягічнай і выверанай.
  • На прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі 2025 году ўлады не дапусьцяць ніякіх рэальных альтэрнатыўных кандыдатаў. Гэта вынікае з расейскага досьведу.
  • Флэшмоб у выглядзе чэргаў на выбарчых участках апоўдні — адзінае, што ў цяперашніх умовах можа зрабіць апазыцыя.
  • Прэзыдэнцкія выбары яшчэ больш забэтанавалі расейскую дыктатуру.

Калі параўноўваць расейскія выбары зь беларускімі, то можна адзначыць, што ў пэўным сэнсе Крэмль вывучае і выкарыстоўвае досьвед саюзьніка. Гэта выявілася найперш у тым, што вырашана было не ствараць электаральную нагрузку ў асноўны дзень галасаваньня. У Беларусі гэта робіцца з дапамогай датэрміновага галасаваньня. Напрыклад, падчас нядаўніх выбараў 25 лютага датэрмінова прагаласавалі 41,71%.

Датэрміновае галасаваньне выконвае некалькі функцый. Найперш, гэта спосаб фальсыфікацый. У Беларусі ўсе бюлетэні, якія былі ўкінуты напярэдадні асноўнага дня выбараў, аказваюцца на карысьць праўладных кандыдатаў. Акрамя таго, гэта робіцца для таго, каб прадэманстраваць вялікую цікавасьць да выбараў. У Расеі дадатковую матывацыю для ўладаў не ператвараць 17 сакавіка ў асноўны дзень галасаваньня стварыла апазыцыя, якая апоўдні правяла своеасаблівы флэшмоб.

Але ў выніку ў Расеі нават мадэрнізавалі працэдуру датэрміновага галасаваньня: яго там расьцягнулі на 18 дзён — з 25 лютага па 14 сакавіка. Плюс тры дні асноўнага галасаваньня. Плюс разнавіднасьць электроннага галасаваньня. У выніку датэрмінова прагаласавалі 59% выбарнікаў.

І гэта не адзіны рэкорд. Бо была пастаўлена задача зрабіць вынікі выбараў «ашаламляльнымі». Такую ацэнку гэтай кампаніі даў Аляксандар Лукашэнка ў сваім віншаваньні саюзьніка. У цэлым яўка на выбары атрымалася рэкорднай — 77,44%. Раней самую высокую яўку на выбарах у Расеі фіксавалі ў 1991 годзе, калі выбіралі прэзыдэнта РСФСР — 74,66%.

Другі момант — гэта мэханізм фальсыфікацый. Дасюль у Расеі выбары фальшавалі пераважна на ўзроўні рэгіёнаў. А Цэнтральная выбарчая камісія (ЦВК) толькі падводзіла вынікі. У Беларусі ж ЦВК абвяшчае вынікі незалежна ад таго, якія лічбы прыходзяць зь месцаў.

Гэтым разам і Расея пайшла беларускім шляхам. Адрозна ад Беларусі, дзейны расейскі лідэр ніколі раней не набіраў 80%. Гэтая лічба лічылася непрыстойнай для дэмакратычных выбараў. Папярэдні рэкорд быў у 2018 годзе — тады расейскі прэзыдэнт набраў 76,69%.

У Беларусі ж наадварот. Толькі двойчы (у 2001 і 2015 гадах) Аляксандар Лукашэнка набраў менш за 80%.

Лічба 87%, якую напісалі Пуціну, здаецца выверанай да мілімэтра. Тое, што ён павінен атрымаць больш, чым на ўсіх папярэдніх выбарах, несумненна. Бо ідзе вайна. Пасьля захопу Крыму ў 2014 годзе расейскія сацыёлягі шмат казалі пра «посткрымскі кансэнсус», які ўсталяваўся ў РФ. Ён вымяраўся лічбай у 86% падтрымкі Пуціна. Цяпер яму далі 87%. Трэба было паказаць, што аб’яднаньне расейцаў вакол правадыра цяпер большае, чым пасьля Крыму. Але і болей даваць нельга, бо народ не паверыць, пачнуць казаць пра «савецкі досьвед». Вось і выбралі лічбу ў 87%.

Чаму Лукашэнка можа навучыцца ў Пуціна? Найперш таму, што не павінна быць ніякіх рэальных альтэрнатыўных кандыдатаў. Кейс Барыса Надзеждзіна, якога дапусьцілі да збору подпісаў, што вылілася ў чэргі ў буйных гарадах, каб падпісацца за «антываеннага кандыдата», прызнаны памылковым. У Беларусі ў наступным годзе такіх экспэрымэнтаў ня будзе.

Што тычыцца тактыкі апазыцыі, то флэшмоб у выглядзе чэргаў на выбарчых участках апоўдні — гэта адзінае, што ў цяперашніх умовах яна магла зрабіць. Гэта пэўны досьвед для беларускіх дэмакратычных сілаў.

Калі ж ацэньваць гэтую кампанію больш глябальна, то яна забэтанавала расейскую дыктатуру яшчэ мацней, забясьпечыла Пуціну пажыцьцёвае кіраваньне, заблякавала шанец на мірнае вырашэньне крывавай украінскай трагедыі. А таксама пакінула Беларусь за «жалезнай заслонай», якая ў бліжэйшы час будзе станавіцца ўсё больш трывалай і цяжкапераадольнай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG