Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саліст «Бі-2» Лёва пра маці ў Беларусі, арышт у Тайляндзе і вайну ва Ўкраіне. ВІДЭА


Сьпявак «Бі-2» Лёва (Ягор Бортнік)
Сьпявак «Бі-2» Лёва (Ягор Бортнік)

Свабода пагутарыла з салістам гурту «Бі-2» Ягорам Бортнікам (сцэнічнае імя Лёва), пра арышт у Тайляндзе, вайну ва Ўкраіне, маці ў Беларусі, музыку і палітыку.

«Цяпер проста Расея хворая. Разам зь ёю захварэла нейкая колькасьць людзей. Расея — гэта агрэсар, які напаў на Ўкраіну... Нічога не мянялася ў Беларусі. Гэта таталітарны рэжым, такі ж, як зараз у Расеі», сказаў у інтэрвію Свабодзе саліст гурту «Бі-2» Ягор Бортнік, які мае творчы псэўданім Лёва.

«Бі-2» — расейскамоўны рок-гурт, утвораны ў 1988 годзе ў Бабруйску. Заснавальнікі і ўдзельнікі — Шура Бі-2 (Аляксандар Уман — гітара, вакал) і Лёва Бі-2 (Ягор Бортнік — асноўны вакал). У склад каманды таксама ўваходзяць Андрэй Званкоў (гітара), Макс Лакмус (бас-гітара), Барыс Ліфшыц (ударныя, пэркусія) і Ян Нікаленка (бэк-вакал, клявішныя, флейта, пэркусія).

  • У 2020-м музыкі «Бі-2» падтрымалі пратэсты ў Беларусі.
  • Неўзабаве пасьля пачатку вайны гурт «Бі-2» быў вымушаны спыніць канцэрты ў Расеі і Беларусі.
  • У красавіку артысты адмовіліся выступаць у Омску, бо ў залі быў плякат «Zа президента», пасьля гэтага ўсе іх канцэрты ў РФ скасавалі або надоўга адклалі.
  • Музыкі рок-гурту «Бі-2» правялі па 5-6 дзён у тайскай турме. Іх затрымалі 25 студзеня. Афіцыйнай прычынай арышту стала тое, што яны выступалі ў Тайляндзе з канцэртамі без адпаведнага дазволу.
  • Расейскі кансулят у Тайляндзе дамагаўся дэпартацыі музыкаў у Расею.
  • 30 студзеня саліст «Бі-2» Ягор Бортнік (Лёва) змог пакінуць Тайлянд.
Саліст гурту «Бі-2» Ягор Бортнік (сцэнічнае імя Лёва) падчас інтэрвію журналістцы Свабоды Глафіры Жук
Саліст гурту «Бі-2» Ягор Бортнік (сцэнічнае імя Лёва) падчас інтэрвію журналістцы Свабоды Глафіры Жук

Пра ад’езд зь Беларусі

«Я зьехаў зь Беларусі ў 19 гадоў. Гэта было вельмі даўно, у 1992 годзе. Тады я разьвітваўся назаўжды, гэта яшчэ быў такі пераломны момант у гісторыі Савецкага Саюзу і ўсяго астатняга. Я проста разумеў, што далягляд найбліжэйшых гадоў складаны. Мне здалося, што будзе лепш, калі я гэты час правяду дзесьці, у нейкай краіне, за мяжой, пачну нейкае іншае жыцьцё. Празь нейкі час стала зразумела, што ёсьць магчымасьць прыяжджаць і ўсё астатняе, але я ўжо застаўся за межамі Беларусі: Ізраіль, Аўстралія, потым я працаваў у Маскве».

Ягор Бортнік
Ягор Бортнік

Пра падтрымку пратэстаў 2020 году

«Нічога не мянялася ў Беларусі. Гэта таталітарны рэжым, такі ж, як зараз у Расеі. Як правіла, кожны таталітарны рэжым, які заходзіць у пэўны тупік, пачынае закручваць гайкі, паводзіць сябе больш агрэсіўна. Здавалася спачатку, што гэта ўсё, калі людзі выходзяць, можа ператварыцца натуральным чынам у зьмену ўлады.

Але тут атрымалася такое супраціўленьне. Нам падалося, што нам неабходна хаця б сказаць словы падтрымкі. Нам скасавалі ў Менску адзін вялікі канцэрт, які мы чакалі. Скасоўвалі нават не адзін раз — спачатку каранавірус. А потым, калі пачаліся хваляваньні, мы сказалі сваё слова, і цяпер мы пэрсоны нон-грата што ў Беларусі, што ў Расеі».

Пра апошні прыезд у Беларусь

«Не памятаю, колькі гадоў назад, але, падобна, каля чатырох гадоў таму. Мы паехалі рабіць такі піяр-дзень, рэкляму нашага канцэрта ў Менску. Усё прайшло цудоўна, але канцэрту ў выніку не было.

У мяне маці там жыве, я думаю, што наўрад ці яе ўбачу. Яна ў мяне хворая на дэмэнцыю. Ужо перавезьці яе ў нейкую іншую краіну немагчыма з розных прычынаў. Таму такая асабістая трагедыя яшчэ ёсьць. Ёсьць нейкія рэчы, непадуладныя мне, таму даводзіцца да гэтага проста прывыкаць».

Пра вайну ва Ўкраіне, якую гурт асудзіў

«У мяне абсалютна не зьмяніўся пункт гледжаньня. Першыя дні мы яшчэ не разумелі, наколькі цэнзура прымае новыя абароты, якія наступствы кожнага выказваньня чакаюць чалавека. Мы выказаліся, але потым я нейкія допісы прыбіраў, бо адвакаты сказалі, што гэта зашмат. Гэта было абсалютна нечакана, сышла глеба з-пад ног. Ты ляціш і спрабуеш за нешта ўхапіцца. У нас былі заплянаваны канцэрты на год наперад. Наш графік — гэта карпатлівая праца.

Ягор Бортнік
Ягор Бортнік

Нам прыйшлося нейкі час яшчэ па інэрцыі граць, бо ёсьць абавязаньні і іх трэба выконваць. Потым мы счапіліся зь мясцовым губэрнатарам наконт таго, што мы ня будзем выступаць з надпісам „Zа президента“, гэта ніяк не тычылася нашага канцэрту. Пачаліся праблемы, зьвязаныя з тым, што забаранілі нашую канцэртную дзейнасьць. З таго часу ўсе пачалі выбіраць месцы, куды зьбіраюцца зьехаць. Частка групы зьехала дастаткова хутка, хтосьці яшчэ заставаўся, бо гэта дастаткова цяжка, калі ў цябе ёсьць сям’я. Пагатоў як толькі ў нас спынілася канцэртная дзейнасьць, за кароткі тэрмін у нас скончыліся ўсе нашыя фінансавыя рэсурсы».

Пра расейскіх калег

«Мы асабліва і не размаўлялі. Дакладна магу сказаць, што ўсе нашы сябры — добрыя таварышы, ні ў кім расчаравацца не прыйшлося. А некаторыя ўжо пачалі варʼяцець задоўга да таго, як пачалася вайна. Юлія Чачэрына, напрыклад, за некалькі гадоў да гэтага пачала выступаць на нейкіх сумнеўных імпрэзах. Я ёй патэлефанаваў, сказаў, што твая справа абсалютна, што ты там робіш, але толькі перастань выконваць нашую песьню, мой рок-н-рол. На што мы былі вельмі груба пасланыя: „зьбірайце валізкі, валіце ў свой Ізраіль“. Сябрамі мы ніколі не былі, але калегамі — так. Яна грала з намі ў аркестры.

Ягор Бортнік
Ягор Бортнік

Яна была дастаткова экстравагантнай дзяўчынай, езьдзіла з сабакамі на гастролі, нам даводзілася плаціць за іх перавозку. Але гэтая экстравагантнасьць прывяла яе ў нейкую цемру, скажам так. Расчараваньняў вялікіх не было. Было расчараваньне простае: нам здавалася, што вайна ўсё ж ускалыхне грамадзтва, грамадзянскую супольнасьць, якая будзе задаваць пытаньні, для чаго, чаму, якой халеры наагул ідзе гэтая вайна? Я нават напісаў у камэнтары, што дам пяць мільёнаў рублёў таму, хто мне нармальна растлумачыць сэнс гэтай вайны. Ніхто не зарабіў тыя пяць мільёнаў».

Арышт у Тайляндзе

«Спачатку мы думалі, што гэта нейкае паскудзтва. Пасьля зразумелі, што мы настолькі цікавыя для іх (у дрэнным сэнсе), што нават ня верылася, што гэта ўсё адбываецца. Мы былі абмежаваныя ў інфармацыі, у канцы мы былі ўжо без тэлефонаў, нічога не разумелі, што адбываецца знадворку. Калі я ўжо прыляцеў у Тэль-Авіў, валасы ўсталі дуба.

Ягор Бортнік
Ягор Бортнік

Пасьля ўсёй гэтай прыгоды я зразумеў, што ў мяне ПТСР. Трэба было прайсьці нейкі курс. Мы доўга думалі з жонкай, як гэта ўсё тлумачыць псыхіятру. Ці не тлумачыць. Мы да яе прыйшлі, яна гішпанка. Уважліва на мяне паглядзела, спытала, як там было. І я зразумеў, што гэтыя падзеі ўзрушылі, мусіць, ня толькі нас, але і ўвесь зямны шарык. Думаю, што наступствы будуць потым яшчэ. Намесьнік міністра ўнутраных справаў Тайлянду знаходзіцца пад сьледзтвам.

Зьмянілася палітыка Ізраілю ў нейкім сэнсе. Мы ўзьнялі пытаньне сусьветнай бясьпекі. Я думаю, што будуць і іншыя наступствы. Акрамя ўсяго, мусіць, гэта было выпрабаваньне. Мы, мусіць, там нарабілі нейкіх глупстваў ад неразуменьня таго, што нам у дадзены момант неабходна. Усё разьвівалася дастаткова імкліва. Але ёсьць упэўненасьць у тым, што дабро можа перамагчы нават у такіх самых няшчасных умовах. Палітыкі апазыцыі, якія спрачаліся адно з адным, у гэты момант абʼядналіся. Стала зразумела, што так абʼяднацца можна ў нейкім іншым працэсе, каб адбыліся нейкія зьмены ў Расеі і заадно ў Беларусі, бо гэта зьвязана».

Чаму ўлады кантралююць творчых людзей?

«Гэта свабода. Людзі творчыя — яны свабодныя. Яны як лякмусавая паперка вызначаюць сапраўдны стан справаў у краіне. Калі гэта адбываецца ў краіне, дзе ёсьць ушчамленьне чалавечых правоў, натуральна, зьяўляюцца песьні, якія пра гэта расказваюць, натхняюць. Баяцца, баяцца, таму і адбываюцца дзіўныя, шалёныя нейкія рэчы, як з намі адбылося ў Тайляндзе. Гэта ня толькі з намі адбылося, ня можам пакуль пра гэта размаўляць. Адзін артыст таксама трапіў у такую сытуацыю, спадзяюся, што ён хутка выкажацца».

Ягор Бортнік
Ягор Бортнік

Пра стаўленьне да цяперашняй Расеі

«Гэта назва мясцовасьці. Некалі адчуваў там сябе дома, але за паўтара года я ўжо навучыўся жыць безь яе. Гэта быў ня нейкі выпадковы заезд у Расею. Мы з Шурыкам у Аўстраліі сталі разумець, што ў нас усё атрымліваецца, на якой бы мове мы ні сьпявалі, але ў нас была дзіцячая мара прыехаць калі не ў Беларусь, то ў былы Савецкі Саюз, Расею, і стаць папулярным гуртом. Я вельмі шмат прысьвяціў часу, каб працаваць з фанэтыкай расейскае мовы, каб яе адаптаваць пад сучасную музыку, рон-н-рол. Я люблю расейскую мову, у мяне шмат сяброў у Расеі, натуральна. Цяпер проста Расея хворая. Разам зь ёю захварэла нейкая колькасьць людзей. Расея — гэта агрэсар, які напаў на Ўкраіну».

Аб прычынах расейскай агрэсіі

«Я думаю, страх. Улада захапіла банда, і адзіны спосаб, каб ім застацца ва ўладзе, гэта трымацца за яе любым спосабам, зьнішчаючы сваіх супернікаў, уводзячы цэнзуру. Гэта як камень Сызыфа, які сарваўся, і Сызыф яго дагнаць ужо ня можа. Падзеньне ў бездань, у бездань.

Ягор Бортнік
Ягор Бортнік

Калі казаць аб маіх думках пра пэрспэктывы, яны ў мяне дастаткова змрочныя. Гэта можа вырашыцца як заўгодна, але праблема застанецца ўсё роўна. Гэта ня проста, калі адзін прэзыдэнт набіў морду іншаму. Гэта ня нейкі прыватны выпадак, гэта кровапралітная вайна, якая доўжыцца ўжо два гады, якая забрала жыцьці вялізнай колькасьці людзей. Частка зь іх абсалютна бязьвінныя, гэта цывільнае насельніцтва. Апроч таго, што Пуцін зьнішчае Ўкраіну, зраўноўваючы яе зь зямлёй, ён яшчэ і бязьлітасна зьнішчае сваіх жа грамадзян. Гэта злачынства.

Мы выйшлі з зоны прадказальнасьці, калі можна чакаць нечага ад нейкай асобы. Мне падаецца, гэтае пытаньне ўжо будзе вырашацца на ўзроўні стыхіі. Што стане трыгерам? Хутчэй за ўсё, вайна, якая надакучыць усім. Але пакуль я ня бачу ніякіх перадумоваў. Ёсьць жонкі змабілізаваных, але яны не гавораць, што гэтая вайна бессэнсоўная. Яны кажуць, маўляў, проста памяняйце нашых на іншых. У Расеі не адбываецца глябальнага злому грамадзянскай супольнасьці. Прыкметаў такіх няма».

Як не азлобіцца?

«Гэта галоўнае пытаньне. Жыць у нянавісьці немагчыма, бо ты зьядаеш сам сябе. Кожная нэгатыўная эмоцыя — яна чалавека зьнішчае. Таму трэба проста займацца сваёй справай. Знайсьці сілы. Я так лёгка кажу пра гэта, я насамрэч у дэпрэсіі быў цягам двух гадоў. Нічога не чытаў, не пісаў, бо ўсё, што адбывалася навокал, апярэджвала любыя чалавечыя фантазіі. Перасталі быць актуальнымі кнігі Пялевіна, нават Оруэл здаецца нейкім гратэскавым накідам усяго, што адбываецца зараз».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG