Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гісторыя на Свабодзе». Савецкая прапаганда на беларускай мове ў вайну была адказам на адкрыцьцё тысяч беларускіх школ пад акупацыяй — Яўген Мірановіч


Фотакаляж. Яўген Мірановіч (справа).
Фотакаляж. Яўген Мірановіч (справа).

Беларусы сёньня жывуць ва ўмовах актыўнай прапаганды, прычым з боку як рэжыму ў Менску, так і расейскіх мас-мэдыя, якія вядуць сапраўдную інфармацыйную вайну.

І гэты стан для беларусаў — не навіна. Тое самае рабілі розныя рэжымы ў ХХ стагодзьдзі. Беларускі гісторык зь Беластоку Яўген Мірановіч напісаў кнігу пра нямецкую і савецкую прапаганду ў акупаванай Беларусі ў часе Другой сусьветнай вайны, якая называецца «Трэці фронт». Каму больш верылі беларусы? Пра гэта расказвае габілітаваны доктар гісторыі, прафэсар Яўген Мірановіч.

0:00 — наколькі пасьпяховай была савецкая прапаганда, накіраваная на жыхароў акупаванай Беларусі.

7:11 — ці атрымала водгук у беларускіх галовах вяртаньне савецкай прапаганды да беларускіх нацыянальных каштоўнасьцяў.

10:12 — ці верылі беларусы ў шчырасьць тых, хто да іх зьвяртаўся па-беларуску.

11:08 — што беларусам у галовы хацелі ўкласьці немцы.

19:40 — ці была нейкая самастойная беларуская прапаганда ў вайну.

26:20 — чыя прапаганда ў часы акупацыі аказалася больш пасьпяховай — нямецкая ці савецкая.

Фрагмэнт размовы Сяргея Абламейкі зь Яўгенам Мірановічам:

— Наколькі пасьпяховай была савецкая прапаганда, накіраваная на жыхароў акупаванай Беларусі?

— Усё залежыць ад таго, пра які час гаворым. У першыя месяцы вайны гэтая прапаганда была зусім безвыніковай. Гэта было таму, што ад кіраўніцтва Камуністычнай партыі Беларусі ішлі заклікі да ўсіх жыхароў змагацца зь нямецкай арміяй. Улады хацелі, каб партыйныя функцыянэры, камісары, супрацоўнікі НКВД стварылі атрады з жыхароў вёсак і мястэчак, якія б стрымалі нямецкую армію.

Але нямецкая армія вельмі хутка прасоўвалася на ўсход, і заклікі аказваць супраціў і затрымліваць нямецкія танкі зброяй, сякерамі, косамі і камянямі рабіліся неактуальнымі. Таму беларускае насельніцтва на тыя заклікі не рэагавала.

Таксама з усходу гучалі заклікі да сялян паліць ураджай, нішчыць збожжа, каб не дасталося немцам. Гэта ўсё было часткаю савецкай тактыкі пакінуць немцам выпаленую зямлю.

Але калі людзі ў беларускіх вёсках знаходзілі ўлёткі з такімі заклікамі, то несьлі іх у нямецкія пастарункі і пыталіся, што рабіць, як жыць далей, калі ўраджай трэба зьнішчаць.

Так што калі мы гаворым пра сярэдняга жыхара Беларусі і першы пэрыяд акупацыі, то савецкая прапаганда на яго ня мела ніякага ўплыву.

Партыйныя і савецкія чыноўнікі атрымалі загад ствараць партызанскія атрады. І такія атрады, з удзелам найперш савецкай эліты, сапраўды ў летнія месяцы 1941 году ўзьнікалі. Але калі набліжалася восень, частка зь іх пабачыла, што змаганьне бессэнсоўнае і безвыніковае, таму некаторыя зь іх падаліся да нямецкіх уладаў з просьбамі прыняць іх на нейкую працу. Хтосьці зь іх заняў адміністрацыйныя пасады, нехта трапіў у паліцыю. Так што прапановаў супрацы зь немцамі было шмат.

Пасьля іхныя таварышы, якія засталіся ў падпольлі, пісалі пра іх як пра здраднікаў, якія вельмі хутка зракліся інтарэсаў Савецкага Саюзу і пайшлі служыць акупацыйным нямецкім уладам.

Тое падпольле пры канцы 1941 году фактычна перастала існаваць. Таму ўлёткі з заклікамі да супраціву рыхтаваліся за лініяй фронту на ўсходзе і закідаліся ў акупаваную Беларусь.

У пачатку 1942 году савецкая прапаганда была накіраваная на тых беларусаў, якія знаходзіліся на ўсходнім баку фронту. А там было вельмі шмат беларусаў, якіх перасялілі ў эвакуацыю, у тым ліку цэлыя калектывы вялікіх фабрык і заводаў. Гэтых людзей было некалькі сотняў тысяч.

Улады стараліся весьці прапаганду ў адрас гэтых людзей на беларускай мове, што для многіх зь іх было дзіўным.

Ну а пасьля, калі саветы зразумелі, што немцы асноўныя баявыя дзеяньні вядуць у кірунку Масквы, то на ўсходнім баку фронту арганізавалі падпольле, якое закідалі ў Беларусь, арганізавалі часопісы і газэты, якія распаўсюджваліся ў Беларусі, як і ўлёткі.

Але людзі пераважна баяліся іх браць і чытаць, бо за гэта немцы жорстка каралі. Немцы адкрыта казалі пра тыя пакараньні і сьцьвярджалі, што калі такія савецкія прапагандысцкія матэрыялы будуць знойдзеныя, то пакараюць ня толькі сям’ю, у якой іх знайшлі, але і ўсіх жыхароў той мясцовасьці. Але нават калі людзі тыя матэрыялы чыталі, то іх уплыў быў невялікі.

Тым ня менш савецкая прапаганда давала людзям інфармацыю, што чакаецца ад савецкага грамадзяніна. У першыя гады акупацыі савецкая прапаганда дамагалася толькі аднаго: змаганьня, змаганьня і яшчэ раз змаганьня. «Ідзі змагайся», «Ідзі забі фашыста». Нават у такіх газэтах, як «За савецкую Беларусь», «За свабодную Беларусь» і «Звязда», памянялі галоўны лёзунг. Быў «Пралетары ўсіх краін, злучайцеся», стаў «Ідзі і забі фашыста».

— Вядома, што ў часе акупацыі ўлады ў Маскве дазволілі больш беларускага нацыянальнага наратыву, у тым ліку апэляцыю да беларускае гісторыі. Ці мела гэта водгук у беларускіх сэрцах і галовах?

— Так, гэта мела пэўны водгук. Партызанскія атрады, якія ўзьнікалі на тэрыторыі Беларусі перш за ўсё за кошт актыўнай падтрымкі з-за лініі фронту, былі абавязаныя весьці ўсю прапаганду на беларускай мове. Гэта было зроблена з увагі на тое, што немцы арганізавалі беларускія школы, якія былі абавязковыя. Была беларуская адміністрацыя, якая таксама вяла дзейнасьць на беларускай мове. Ну, і ўся структура культурных арганізацый карысталася, нават без прымусу немцаў, беларускай мовай.

Каб паказаць, што савецкая ўлада горшая за нямецкую, што яна горш ставіцца да беларускай культуры, немцы заахвочвалі выкарыстаньне беларускай мовы ў шырокім маштабе.

У часе акупацыі цэнтральнае савецкае кіраўніцтва вырашыла арганізаваць рэдакцыю радыёперадач на беларускай мове, каб запрасіць самых выдатных беларускіх пісьменьнікаў і артыстаў для ўдзелу ў прапагандзе. І гэта было зроблена. Усіх выдатных паэтаў і літаратараў запрасілі да працы з грамадзтвам.

Тое, што пісалася ў газэтах і што гаварылася па радыё, было па-беларуску. Нават у прапагандысцкіх дакумэнтальных фільмах была беларуская мова. Праўда, мала хто мог тыя перадачы ў радыё слухаць, толькі ў партызанскіх зонах.

За ўсім гэтым стаяў пасыл, што нацыянальная праблема пасьля вайны будзе ўлічвацца савецкімі ўладамі — у адрозьненьне ад практыкі, якая была ў канцы 30-х гадоў. Савецкія ўлады хацелі паказаць, што ідуць зьмены і яны будуць трывалыя.

І сапраўды, пасьля вайны культурная праца на беларускай мове прадоўжылася, фактычна да эпохі Хрушчова.

— Ці можна сказаць, што беларусы ў часе акупацыі перажылі ў пэўным сэнсе другую беларусізацыю і з боку савецкай улады, і з боку нямецкай?

— Гэта замоцна сказана, перабольшана. Не было ўмоваў, каб перажыць другую беларусізацыю. Стратэгічнай мэтай любога беларуса ў вайну было ператрываць. Ператрываць, перажыць чарговы кашмар, які прыйшоў на іхную зямлю.

— Я маю на ўвазе тое, што да беларусаў зноў пачалі зьвяртацца па-беларуску. Бо ж вядома, што ў канцы 30-х гадоў сытуацыя была такая, што ў Менску на вуліцы нельга было пачуць беларускую мову, а калі нехта пачынаў гаварыць па-беларуску, то ад яго шарахаліся як ад шалёнага.

— Так, але людзі разумелі, што гэта няшчыра, што гэта каньюнктура. Ніхто ня верыў у шчырасьць ні немцаў, ні бальшавікоў.

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на папулярных падкаст-плятформах:

Чыёй прапагандзе верылі беларусы ў вайну
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:30:18 0:00
Наўпроставы лінк

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG