Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гісторыя на Свабодзе». Беларусаў ніколі не зьнішчалі за тое, што яны беларусы, — Леанід Сьмілавіцкі пра генацыд у Другую сусьветную вайну


Фотакаляж. Габрэйскія жанчыны менскага гета, Леанід Сьмілавіцкі (справа)
Фотакаляж. Габрэйскія жанчыны менскага гета, Леанід Сьмілавіцкі (справа)

У Беларусі тры гады дзейнічае закон аб генацыдзе беларускага народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасьляваенны пэрыяд. За адмаўленьне такога генацыду заводзяцца крымінальныя справы. Пачаліся нават суды над памерлымі ўдзельнікамі генацыду.

Хто ж і супраць каго насамрэч праводзіў палітыку генацыду ў гады Другой сусьветнай вайны і навошта пра гэта ўспомнілі цяпер у Беларусі? Пра гэта і пра іншае мы гаворым зь беларуска-ізраільскім гісторыкам, доктарам гістарычных навук, кіраўніком праекту «Гісторыя габрэяў Беларусі» Цэнтру дыяспары пры Тэль-Авіўскім унівэрсытэце Леанідам Сьмілавіцкім.

0:00 — супраць каго і кім ажыцьцяўляўся генацыд падчас Другой сусьветнай вайны

3:42 — чым адрозьніваецца тэрор нацыстаў супраць беларусаў ад генацыду супраць габрэяў падчас вайны

4:56 — што насамрэч прадугледжваў плян «Ост»

8:03 — чаму немцам не ўдалося арганізаваць шчыльнае супрацоўніцтва зь беларусамі

9:20 — чаму Галакост не прызнаваўся на тэрыторыі СССР і чаму закон аб генацыдзе быў прыняты ў Беларусі толькі цяпер

17:08 — чаму на тэрыторыі ўласна Нямеччыны не было ніводнага канцэнтрацыйнага лягера, дзе зьнішчалі габрэяў

20:37 — што маецца на ўвазе пад генацыдам беларускага народу пасьля вайны

22:26 — якая сапраўдная мэта прыняцьця закону аб генацыдзе беларускага народу

Фрагмэнт размовы Дзьмітрыя Гурневіча зь Леанідам Сьмілавіцкім:

— У Беларусі ўжо тры гады дзейнічае закон аб генацыдзе беларускага народу. Нагадайце, калі ласка, нашым гледачам і слухачам: супраць каго і кім ажыцьцяўляўся генацыд падчас Другой сусьветнай вайны?

— Палітыка нацысцкай Нямеччыны, якая была распрацаваная яшчэ да пачатку савецка-нямецкай вайны ў чэрвені 1941 году і якая ажыцьцяўлялася ўвесь той час, пакуль нацысты не былі выгнаныя з тэрыторыі Савецкага Саюзу ў 1944 годзе, добра вывучаная, даказаная і вядомая. Сам тэрмін «генацыд» зьявіўся праз 15 гадоў пасьля заканчэньня Другой сусьветнай вайны. Ён быў прапанаваны для таго, каб найбольш дакладна вызначыць трагедыю ўсходнеэўрапейскага габрэйства, якая была беспрэцэдэнтнаю ў сусьветнай гісторыі. Мова пра тое, што ў Трэцяга райху існавала дзяржаўная праграма па зьнішчэньні габрэяў як народу, пачынаючы ад немаўлят і канчаючы дарослымі людзьмі. І ў гэтай праграме абсалютна не рабілася выключэньняў для некага.

Пасьля прыкметы генацыду былі перанесеныя на іншыя народы, якія зазналі падобны лёс. Гэта некаторыя народы Афрыкі і Азіі, зусім не габрэі, але зь імі абыходзіліся як з габрэямі — гэта значыць, генацыд ад пачатку і да канца, супраць усіх.

Далей, ужо ў наш час, гэты тэрмін, як ні дзіўна, стаў даволі мутным. Яго часта выкарыстоўваюць прынагодна, часта беспрадметна. Калі нехта некага перасьледуе, то гэта абвяшчаюць генацыдам. І нават тое, што адбылося ў нас у Ізраілі 7 кастрычніка 2023 году, а гэтая трагедыя яшчэ працягваецца, — таксама знайшліся людзі, якія назвалі гэта генацыдам габрэяў. Насамрэч, калі бяруць закладнікаў, ніякай мовы пра генацыд быць ня можа.

Я хацеў бы падкрэсьліць, што генацыд і ваенныя злачынствы — гэта рэчы блізкія паводле зьнешніх прыкметаў, але абсалютна супрацьлеглыя.

Публікацыі Леаніда Сьмілавіцкага
Публікацыі Леаніда Сьмілавіцкага

— Нацысты забілі таксама сотні тысяч беларусаў. Чым з навуковага пункту гледжаньня адрозьніваецца тэрор супраць беларусаў ад генацыду супраць габрэяў?

— Самае важнае. Генацыд — гэта тады, калі нікому не пакідаюць шанцаў на выжываньне, калі зьнішчаюць усіх, вінаватых і невінаватых, старых, малых, жанчын, усіх пад нуль.

А ваенныя злачынствы — гэта тэрор за нейкія дзеяньні. Калі вы супраціўляецеся, тады вас караюць. Калі вы аказваеце дапамогу тым, хто супраціўляецца, вас таксама караюць.

Самае важнае, пра што мы павінны памятаць, — гэта тое, што беларусаў ніколі не зьнішчалі за тое, што яны беларусы. Габрэяў зьнішчалі, усіх да аднаго, татальна, абсалютна, усюды. Там, дзе схапілі габрэя, ён быў асуджаны, ніякае заступніцтва не ратавала. Вось гэта і ёсьць галоўнае адрозьненьне.

Закон аб генацыдзе беларускага народу прадугледжвае «юрыдычнае прызнаньне генацыду беларускага народу, учыненага нацысцкімі злачынцамі і іх памагатымі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасьляваенны пэрыяд (да 1951 году). Пад беларускім народам маюцца на ўвазе савецкія грамадзяне, якія жылі на тэрыторыі БССР у названы пэрыяд. Туды можна залічыць і савецкіх грамадзян габрэйскага паходжаньня, якія жылі на тэрыторыі БССР. Але ж немцы зьнішчылі ў Беларусі і многія тысячы габрэяў, прывезеных з краін Заходняй Эўропы. Выходзіць, што паводле новага закону гэтыя ахвяры ня лічацца ахвярамі генацыду?

— Беларускія гісторыкі, якія цяпер падтрымліваюць афіцыйны наратыў і новы закон аб генацыдзе беларускага народу, згадваюць пра так званы плян «Ост». Сьцьвярджаецца, што ён прадугледжваў вынішчэньне славянскага насельніцтва, яго перасяленьне, і што менавіта гэта сьведчыць пра генацыд. Як вы гэта можаце пракамэнтаваць?

— Плян «Ост» — гэта адзіны аргумэнт на карысьць гэтай псэўдатэорыі пра генацыд беларускага народу. Што такое плян «Ост»? У 1940 годзе была распрацаваная праграма, што рабіць са славянскім насельніцтвам на акупаваных тэрыторыях. Гэты плян прадугледжваў не зьнішчэньне забраных народаў, а іх перасяленьне — у Лацінскую Амэрыку, на Паўночны Каўказ, у Сыбір. Там прыводзіліся нейкія працэнты, напрыклад, пра тое, што 75% павінны быць пераселеныя.

Але адносна габрэяў тэрмін «перасяленьне» азначаў татальнае зьнішчэньне, а на іншыя народы такая форма «перасяленьня» не распаўсюджвалася.

Я тут хачу прывесьці наступны аргумэнт. Нацыстам не было патрэбы зьнішчаць забраныя народы, нават для таго, каб вызваліць тэрыторыі. Ім былі патрэбныя паслухмяныя народы, ім былі патрэбныя рабы, ім былі патрэбныя людзі, які б выконвалі іх волю і не супраціўляліся, каб не ствараць праблем у тыле нямецкай арміі. Яны былі зацікаўленыя, каб там усё было ціха, спакойна і каб усё функцыянавала, каб выконваліся нацысцкія законы і працавала эканоміка.

Так і было. На акупаванай тэрыторыі Беларусі працавалі школы, у якія 1 кастрычніка 1941 году пайшлі 385 000 вучняў. Школы працавалі на беларускай мове, паводле нацысцкіх праграмаў, і былі адкрытыя з дазволу нацыстаў. Працавалі настаўніцкія інстытуты, выходзіў часопіс «Беларуская школа» на беларускай мове. Усё рабілася для таго, каб проціпаставіць беларусаў габрэям, расейцам, украінцам і ўсім астатнім.

І яшчэ важна адзначыць, што гэтая палітыка прадугледжвала цеснае супрацоўніцтва беларусаў з нацыстамі. І вось тут у іх не атрымалася. Чаму — гэта асобнае пытаньне.

— Дык чаму?

— Нацысты вельмі турбаваліся, каб не ўзьнялася партызанская вайна. Але да чэрвеня 1942 году ўсё ў іх ішло па пляне. Аднак сталінскія дывэрсанты, якія былі закінутыя з Масквы, спэцыяльна распалілі партызанскую вайну, і ўся Беларусь загарэлася. І тады пачаліся карныя апэрацыі. Прычым там, дзе партызаны ня дзейнічалі, там карных апэрацый не было.

А вось, напрыклад, у Менскай і Віцебскай вобласьці было найбольш карных апэрацый, там усё зьнішчылі і спалілі, палілі вёскі зь людзьмі. Па-мойму, было зьнішчана 4850 населеных пунктаў. А вось у Гомельскай, Берасьцейскай і Горадзенскай абласьцях карныя апэрацыі не праводзіліся ў такім маштабе, як гэта было ў Віцебскай і Менскай абласьцях. І там усё ацалела. Гэта значыць, што той, хто не супраціўляўся, таго не зьнішчалі...

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на папулярных падкаст-плятформах:

Ці быў насамрэч генацыд беларускага народу
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:26:06 0:00
Наўпроставы лінк

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG