Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аўтамабілі — у разабраным стане». Як сельскагаспадарчыя прадпрыемствы «сабатавалі» магчымую мабілізацыю ў Беларусі


Каляж
Каляж

Ня менш за 260 кіраўнікоў гаспадарак пакаралі за няспраўную тэхніку, прызначаную для мабілізацыі.

У «лідэрах» пакараных — кіраўнікі аграрных прадпрыемстваў Гомельскай вобласьці

У Базе судовых рашэньняў — больш за 260 пастаноў аб прыцягненьні кіраўнікоў прадпрыемстваў (пераважана сельскагаспадарчых. — РС) да адказнасьці за няспраўную тэхніку, якую Міністэрства абароны вызначыла сабе для мабілізацыі. За невыкананьне «вайскова-транспартнага абавязку» для кіраўнікоў прадпрыемстваў існуе адміністрацыйная адказнасьць.

Юрыдычна гэта выглядае так: пачынаецца мабілізацыя, і прадпрыемствы тут жа прадстаўляюць Міністэрству абароны сваю тэхніку. Гэта, як вынікае з судовых пастаноў, аўтобусы, грузавікі МАЗ, самазвалы, бульдозэры, экскаватары і іншае. Мабілізацыі пакуль няма, але тэхніку правяраюць.

Пры праверках аказваецца, што тэхніка або не дапушчаная да руху (ня мае тэхагляду), або няспраўная, разабраная.

Рашэньні пераважна тычацца аграрных прадпрыемстваў Гомельскай вобласьці, раёнаў, якія паблізу ад Украіны.

Першыя пастановы аб штрафах для кіраўнікоў за невыкананьне «абавязку» датуюцца восеньню 2021 году.

Напрыклад, 31 сьнежня 2021 году суд Сьветлагорскага раёну (Гомельская вобласьць) разглядаў справу ў дачыненьні да сельскагаспадарчага прадпрыемства (якога менавіта, не пазначана. — РС). Суд быў па артыкуле 24.40 КаАП — невыкананьне вайскова-транспартнага абавязку.

Паводле пастановы, прадпрыемства ня выканала абавязак па «захоўваньні транспартных сродкаў у стане пастаяннай гатоўнасьці для прадстаўленьня войскам і фармаваньням». Аўтамабілі ня мелі тэхагляду і не былі дапушчаныя да дарожнага руху.

Карай быў штраф для прадпрыемства. Увогуле ўсе кіраўнікі атрымлівалі ў асноўным 5–10 базавых велічынь (200–400 рублёў).

28 кастрычніка суд па гэтым артыкуле прайшоў і ў Вілейскім раёне.

Прадпрыемства «не забясьпечыла стварэньне камплекту запчастак і інструмэнту», «транспартныя сродкі знаходзіліся ў няспраўным стане».

Адказныя асобы звольніліся, прадпрыемства ня мае сродкаў

У судовых пастановах усе кіраўнікі прызнавалі віну і атрымлівалі штраф. Прынамсі, так вынікае з пастаноў, якія разьмешчаныя ў Банку судовых рашэньняў. Большасьць кіраўнікоў нічога не тлумачыла і не апраўдвалася. Але былі і выключэньні.

Напрыклад, 19 сьнежня 2022 году справу аб невыкананьні «вайскова-транспартнага абавязку» разглядаў суд у Магілёве.

За правапарушэньне адказвала намесьніца дырэктара прадпрыемства. Яна патлумачыла, што тэхніка няспраўная, бо «адказныя асобы за знаходжаньне тэхнікі ў спраўным стане звольніліся, дырэктар не прызначаны, прадпрыемства знаходзіцца ў цяжкім фінансавым стане».

Нягледзячы на гэта, прадпрыемства атрымала штраф.

«Цяжкім фінансавым становішчам» патлумачыў невыкананьне «вайскова-транспартнага абавязку» і кіраўнік сельскагаспадарчага прадпрыемства ў Гомельскім раёне. Яго судзілі ў лістападзе 2023 году і далі штраф за тое, што 6 транспартных сродкаў, прызначаных для мабілізацыі, ня мелі тэхагляду.

Яшчэ адзін кіраўнік адкрытага акцыянэрнага таварыства ў Гомлі не забясьпечыў тэхагляд «6 адзінак транспартных сродкаў» з прычыны цяжкага фінансавага становішча прадпрыемства.

Праверкі дабраліся і да Кармянскага раёну. Тут у лістападзе судзілі кіраўніка камунальнага прадпрыемства.

Паводле пастановы суду, няспраўнаю была «тэхніка для мабілізацыі» — аўтамабілі ПАЗ і МАЗ, прычэпы.

Тэхніка — у разабраным стане

Каралі кіраўнікоў і ў Рагачоўскім раёне, гэта было ўвосень 2023 году.

Галоўны інжынэр прадпрыемства атрымаў штраф за тое, што ня выканаў «вайскова-транспартны абавязак», менавіта — аўтамабілі, прадвызначаныя для мабілізацыі, былі разабраныя, ня мелі тэхагляду, запчастак і інструмэнтаў.

Правяральшчыкі прыйшлі ў аграрныя прадпрыемствы Ельскага раёну, памежнага з Украінай.

Тут яны шукалі тэхніку для мабілізацыі, але аказалася, што «транспартныя сродкі ня ўтрымліваюцца ў пастаяннай гатоўнасьці, зьяўляюцца тэхнічна няспраўнымі ці сьпісанымі».

«Улік транспартных сродкаў у арганізацыі не адпавядае ўліковым дадзеным ДАІ», — напісаў судзьдзя ў пастанове аб штрафе для кіраўніка аграрнага прадпрыемства.

Таксама ў Ельскім раёне пакаралі намесьніка дырэктара прадпрыемства за тое, што «не забясьпечыў доступ прадстаўнікоў групы да транспартных сродкаў, камплектаў запчастак, чым перашкодзіў праверцы мабілізацыйнай гатоўнасьці транспартных сродкаў арганізацыі».

У іншым сельскагаспадарчым прадпрыемстве транспарт «для мабілізацыі» не прайшоў тэхагляд «у сувязі з паломкамі і ў сувязі з тым, што транспарт быў задзейнічаны на нарыхтоўцы кармоў».

Суды па артыкуле за невыкананьне «вайскова-транспартнага абавязку» працягваюцца. Паседжаньні ў розных раёнах ёсьць у раскладзе на сайце Вярхоўнага суду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG