З мэтай прыцягнуць увагу да «зламыснай дзейнасьці» ў Ірляндыі менскага Сьвята-Елізавецінскага манастыра і прыняць адносна яго неабходныя меры намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня (НАУ) Павел Латушка зьвярнуўся да пасла гэтай дзяржавы ў Польшчы Патрыка Хогі.
Латушка напісаў ірляндзкаму дыплямату ліст.
Беларускі палітык выказвае «вялікую заклапочанасьць» у сувязі з паведамленьнямі СМІ аб візыце ў Ірляндыю манашак менскага манастыра «для працы зь беднымі».
«Манастыр Сьвятой Лізаветы <...> уцягнуты ў падтрымку вайны Расеі ва Ўкраіне. Духоўнік манастыра Андрэй Лемяшонак выказваў падтрымку дзеяньням РФ ва Ўкраіне і заклікаў маліцца за Лукашэнку і Пуціна. Акрамя таго, сьцьвярджаецца, што ў манастыры навучалі беларускіх падлеткаў зборцы і разборцы аўтаматычнай зброі», — адзначае Латушка ў лісьце.
«Адным з самых трывожных аспэктаў» дзейнасьці манастыра ён называе яго «фінансавую падтрымку расейскіх вайскоўцаў».
«Манастыр арганізуе канцэрты ў падтрымку расейскай арміі і зьбірае харчы і сродкі для расейскіх вайскоўцаў, якія ўдзельнічаюць у вайне супраць Украіны. На гэтыя сродкі набываюцца розныя прадметы, у тым ліку рацыі, коптэры, цеплавізары, бронекамізэлькі, шлемы і нават аўтамабіль», — піша Павел Латушка.
Хоць «актывісты і праваабаронцы распачалі некаторыя намаганьні, каб прыцягнуць увагу да дзейнасьці манастыра», падкрэсьлівае палітык, для яе спыненьня «неабходна зрабіць яшчэ больш».
«Прашу пасольства Ірляндыі ў Польшчы <...> прыняць да ведама гэтае пытаньне і разгледзець магчымасьць давядзеньня яго да ведама адпаведных органаў улады ў Ірляндыі. Улічваючы прыхільнасьць Ірляндыі правам чалавека, міру і справядлівасьці, я лічу вельмі важным разгледзець любыя дзеяньні, якія падтрымліваюць агрэсію і падрываюць стабільнасьць і бясьпеку Ўкраіны», — заяўляе Латушка.
7 сакавіка каталіцкі партал globalsistersreport. org паведаміў аб прыезьдзе ў Ірляндыю манашак Сьвята-Елізавецінскага манастыра Алены Валынец і Веранікі Васільевай. Мэтай візыту яны назвалі збор сродкаў для «сваіх праектаў за кошт продажу расейскіх абразоў, прадметаў рэлігійнага прызначэньня, а таксама сувэніраў».
У публікацыі адзначаецца, што манашкі наведалі езуіцкую парафію ў Дубліне, а таксама прыходы і школы ў графствах Манаган і Лаўт, дзе «распавялі пра сваю працу з псыхічна хворымі, бяздомнымі, былымі зьняволенымі і нарказалежнымі ў Менску».
Валынец і Васільева засталіся задаволеныя «цёплым прыёмам» і маюць намер зноў наведаць Ірляндыю ў гэтым годзе.
- Сьвята-Елізавецінскі манастыр рэгулярна ўдзельнічае ў акцыях, якія падтрымліваюць расейскую агрэсію ва Ўкраіне.
- У траўні 2023 году манастыр заявіў аб правядзеньні ў Менску канцэрту ў падтрымку «шпіталяў і параненых байцоў расейскай арміі, якія ўдзельнічаюць у спэцапэрацыі». Адзначалася, што сабраныя сродкі пойдуць на «закупку медабсталяваньня і лекавых сродкаў для шпіталяў Данбасу». Канцэрт быў анансаваны хэштэгам «Сваіх няе кідаем», папулярным у расейскай вайсковай прапаганды. На афішы мерапрыемства намалявалі лацінскую літару Z — сымбаль ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.
- 7 студзеня мінулага году падчас наведваньня манастыра з нагоды праваслаўнага Раства Лукашэнка падтрымаў збор дапамогі для расейскіх вайскоўцаў на фронце. «Вы робіце правільна. Не зьвяртайце ўвагі на дзясятак-другі праплочаных людзей», — заявіў Лукашэнка, дадаўшы, што «мы дапамагаем нашым расейскім братам».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы пачалі бамбаваць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
- У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
- 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
- У красавіку высьветлілася, што мірныя перамовы пакуль ня маюць посьпеху, а тым часам Украіна заявіла, што ведае імёны 155 кітайскіх наймітаў, якія падпісалі кантракты з Расеяй і пайшлі на вайну. Афіцыйны Пэкін заявіў, што сваіх грамадзянаў на вайну не адпраўляў, а наадварот, раіў жыхарам краіны трымацца падалей ад абодвух бакоў.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.