Лінкі ўнівэрсальнага доступу

388 тысяч сонечных модуляў, мэталапракатны завод. Як беларуская дзяржава забірала прадпрыемствы ў інвэстараў


Мёрскі мэталапракатны завод, архіўнае ілюстрацыйнае фота
Мёрскі мэталапракатны завод, архіўнае ілюстрацыйнае фота

З словаў экспэрткі, пакуль няма ніводнага выпадку, калі б замежная кампанія змагла адсудзіць ад уладаў Беларусі сваю сканфіскаваную маёмасьць.

На беларускай пляцоўцы продажу маёмасьці выставілі на аўкцыён фотаэлектрычную станцыю за 79,7 мільёна рублёў. Калісьці гэта быў гучны праект, улады ім ганарыліся. Уласьнікам выступаў інвэстар — кампанія «Солар Лэнд» з ірляндзкімі каранямі. Расказваем, як інвэстар пазбавіўся сваёй маёмасьці.

Інвэстар уклаў грошы, а заканадаўства зьмянілі

Інвэстыцыйную дамову на будаўніцтва фотаэлектрычнай станцыі ў Чэрыкаўскім раёне заключылі яшчэ ў 2014 годзе. Гэта меўся быць найбуйнейшы інвэстыцыйны праект у разьвіцьці альтэрнатыўнай энэргетыкі ў Беларусі. Інвэстарам выступіла ірляндзкая кампанія Cameliaside Limited, яе бэнэфіцыяр — Кіябод Тутуньян Машад. За год на станцыі плянавалася выпрацаваць 137,7 мільёна кіляват-гадзін электраэнэргіі.

У 2018 годзе дзяржаўная прэса актыўна пісала пра амбітны праект.

Абсталяваньне для станцыі мелася паставіць кітайская кампанія Powerсhina Guizhou Engineering Co., Ltd.

Матывацыя інвэстара на момант уваходу на беларускі рынак была наступная: паводле закону ўлада мусіць набываць усю электраэнэргію, выпрацаваную аб’ектамі альтэрнатыўнай энэргетыкі. Цэны на гэтую электрычнасьць вышэйшыя, чым на энэргію ад іншых вытворцаў. Аднак заканадаўства ў Беларусі часта мяняецца.

Яшчэ ў траўні 2022 году дзяржаўныя мэдыя апісвалі, як працуе станцыя на сонечных батарэях у Чэрыкаўскім раёне. І называлі яе «найбуйнейшай сонечнай электрастанцыяй» у Беларусі.

Але ўжо ў траўні яе адключылі ад нацыянальнай сыстэмы энэргазабесьпячэньня, а ў чэрвені адклікалі рашэньне аб залічэньні станцыі да спэцыялізаваных аб’ектаў энэргетыкі. У сьнежні пракуратура зьвярнулася ў суд, каб прызнаць правы кампаніі «Солар Лэнд» на ўласнасьць нядзейнымі.

Далей болей. У 2023 годзе на станцыю перш наклалі арышт, а пракуратура праз суд дамаглася вяртаньня грошай, якія дзяржава заплаціла «Солар Лэнд» за электрычнасьць. Да таго ж у 2022 годзе ўлады зьмянілі заканадаўства ў галіне энэргетыкі. Дзяржава больш ня мусіла набываць энэргію з падобных станцыяў абавязковым чынам, а цэны на такую электраэнэргію былі зьніжаныя. Рэнтабэльнасьць станцыі апынулася пад пытаньнем, кампанія падала заяву ў суд на працэдуру банкруцтва. Цяпер яе маёмасьць на аўкцыёне. Агульныя інвэстыцыі ў праект склалі 372,5 мільёна беларускіх рублёў. Інвэстар спрабуе вярнуць укладзеныя ў праект грошы празь міжнародны арбітраж.

Замест Лукашэнкі прыехалі сілавікі

Пра амбітны праект мэталапракатнага заводу на поўначы Беларусі, які будзе вырабляць белую бляху і дазволіць абысьціся безь яе імпарту, стала вядома ў 2012 годзе. У 2015-м пачалося актыўнае будаўніцтва. Тады завод называлі «інавацыйным» .

Плянавалася, што завод будзе вырабляць 150 тысяч тон бляхі на год (Беларусі патрэбна 30 тысяч тон). Пад завод адвялі 40 гектараў зямлі непадалёк ад мёрскай чыгуначнай станцыі. Плянавы кошт праекту пачаткова складаў 200 мільёнаў эўра, пасьля завод падаражэў да 400 мільёнаў. Запусьціць яго зьбіраліся ў 2016 годзе. Да 2022-га гэта было прыватнае прадпрыемства, асноўны інвэстар — аўстрыйская кампанія ММРZ GmbH.

Першую прадукцыю Мёрскі мэталапракатны завод здолеў выпусьціць толькі ў жніўні 2020 году. Афіцыйнае адкрыцьцё заводу адбылося 7 лістапада з удзелам прэм’ера Беларусі Рамана Галоўчанкі.

Тады плянавалася, што завод акупіцца цягам 5 гадоў. 2020 год прадпрыемства завяршыла з стратамі ў 5,8 мільёна.

А ў жніўні 2020 году завод стаў партнэрам каманды «Формулы-1» «Макларэн». У чэрвені 2021 году на прадпрыемства меўся прыехаць Лукашэнка, але замест яго прыехалі сілавікі і затрымалі ўсё кіраўніцтва і некаторых супрацоўнікаў.

За кратамі тады апынуліся кіраўнік рады дырэктараў Аляксей Кавалёнак, генэральны дырэктар Пётра Шуміковіч, намесьнік у фінансах Дзьмітры Слаўнікаў. Іх абвінавацілі ў злоўжываньні ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі, ухіленьні ад сплаты падаткаў і садзеяньні ў злачынстве.

У 2022 годзе «Беларусбанк» як адзін з асноўных крэдытораў падаў на завод у эканамічны суд Віцебскай вобласьці, там запусьцілі працэс прызнаньня заводу эканамічна няздатным. То бок пачалася працэдура банкруцтва. 8 жніўня на завод прыехаў Аляксандар Лукашэнка і заявіў аб яго нацыяналізацыі, даўгі прадпрыемства ўзяла на сябе дзяржава.

Лукашэнка таксама абвінаваціў уласьнікаў у тым, што яны прысвоілі грошы. Маўляў, прадпрыемства не магло каштаваць 400 мільёнаў эўра, хоць раней у КДК гэтыя лічбы пытаньняў не выклікалі.

Судовая эпапэя зь вяртаньнем даўгоў мёрскага заводу працягвалася да 2023 году.

Пасьля прадпрыемства зьмяніла назву на ААТ «Мэталапракатная кампанія» і стала падпарадкоўвацца «Белколермету», які ўваходзіць у холдынг БМК. Цяпер гэта дзяржаўнае прадпрыемства. А ранейшую кампанію, якою валодалі інвэстары і ад якой спрабавалі адсудзіць грошы банкі, зьліквідавалі рашэньнем суду ў студзені 2024 году.

«Такі падыход дзяржавы быў заўсёды»

Паводле старшай навуковай супрацоўніцы дасьледчага цэнтру Beroc Анастасіі Лузгіной, у Беларусі прыватная ўласнасьць існуе датуль, пакуль не спатрэбіцца дзяржаве.

Анастасія Лузгіна
Анастасія Лузгіна

«Можна законнымі спосабамі ці напаўзаконнымі, нібыта дзеля людзей, паступіцца правам прыватнай уласнасьці і забраць прадпрыемства сабе, так было і раней. А сёньня інвэстыцыйны клімат і так нэгатыўны, на міжнародным рынку чакаць лепшага не даводзіцца. Шэраг прадпрыемстваў інвэстару нельга прадаць без дазволу. Для дзяржавы інвэстары — не прыярытэт. Прыярытэт — уласныя інтарэсы», — кажа Анастасія Лузгіна.

Пад шыльдай ратаваньня прадпрыемстваў іх нацыяналізуюць, дадае экспэртка. Яшчэ адзін варыянт — павелічэньне долі дзяржавы ў акцыях. Пры гэтым няма спадзеву, што вярнуць грошы інвэстарам дапаможа нават міжнародны арбітраж.

«Пакуль не чуваць пра пасьпяховыя выпадкі, калі інвэстары вярталі грошы, калі беларуская дзяржава прыслухоўвалася да міжнародных структураў. Ужо расейскія інвэстары падавалі пазовы з нагоды нявыплаты за эўрабонды. І там працэс зацягнуўся. Зараз міжнародныя суды ня маюць уплыву на беларускую дзяржаву», — кажа Лузгіна.

Пасьля 2020 году беларускі ўрад забараніў замежным кампаніям прадаваць свае актывы ў Беларусі, у сьпіс увайшлі больш за 1800 кампаніяў з замежным капіталам зь «недружалюбных краін». Аднак сёлета ў студзені ўрад прыняў папраўкі, і замежным інвэстарам можна выйсьці зь бізнэсу. Праўда, на тых умовах, на якіх вырашыць улада. І заплаціць за гэта давядзецца столькі, колькі яна вырашыць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG