Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пэдагог, філёзаф, шчасьлівая маці і бабуля». Што за жанчыны сядзелі побач з Лукашэнкам у прэзыдыюме БСЖ?


Аляксандар Лукашэнка 5 сакавіка правёў сустрэчу з актывам Беларускага саюзу жанчын
Аляксандар Лукашэнка 5 сакавіка правёў сустрэчу з актывам Беларускага саюзу жанчын

Беларускім саюзам жанчын кіруюць у асноўным былыя настаўніцы, якія пайшлі ў чыноўніцы. Расказваем, што пра іх вядома.

Аляксандар Лукашэнка 5 сакавіка правёў сустрэчу з актывам Беларускага саюзу жанчын. Ён быў адзіным мужчынам у прэзыдыюме паседжаньня, вакол Лукашэнкі было васьмёра жанчын. Расказваем, хто яны.

Гэта кіраўніца Беларускага саюзу жанчын Вольга Шпілеўская, а таксама кіраўніцы ўсіх абласных арганізацый БСЖ і Менскай гарадзкой. Дзейнасьць у БСЖ лічыцца грамадзкай, таму ўсе гэтыя жанчыны маюць і асноўную працу.

Лічыць, што за жанчынамі ў палітыцы стаяць мужчыны

Вольга Шпілеўская (сядзела зьлева ад Лукашэнкі) сёньня кіруе беларускім філіялам МТРК «Мір». Ёй 47 гадоў. Шпілеўская — выпускніца факультэту журналістыкі БДУ. Працавала ў Белтэлерадыёкампаніі.

Была рэдактаркай у дзяржаўных газэтах «Вечерний Минск» і «Мінская праўда». У 2016 годзе стала кіраўніцай галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта.

У траўні 2021 году Шпілеўская ўзначаліла беларускае прадстаўніцтва тэлекампаніі «Мір», а яшчэ праз год стала кіраўніцай Беларускага саюзу жанчын. Да гэтага БСЖ узначальвала лекарка, намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан.

У кастрычніку 2022 году кіраўніца БСЖ у этэры «Беларусь-1» заявіла: «Да жанчын у палітыцы я стаўлюся асьцярожна. Жанчыны бываюць рознымі, і рознымі жанчынамі кіруюць розныя мужчыны. І розныя мужчыны адмыслова прыводзяць жанчын у палітыку, каб вырашаць свае мужчынскія інтарэсы».

Таксама Шпілеўская часта выступае ў прапагандысцкіх перадачах, такіх як «Клюб рэдактараў».

«Пакуль Захад напампоўвае Ўкраіну дакладнай зброяй, зь якой забіваюць мірных грамадзян, Расея адпраўляе камбайны, каб сабраць хлеб ва Ўсходняй Украіне», — казала Шпілеўская на БТ.

Таксама яна расказвала пра тое, што літоўскія сем’і сталі масава пераяжджаць у Беларусь праз «традыцыйныя сямейныя каштоўнасьці і нармальную арыентацыю».

У 2020 годзе не было сумневаў

Менскай гарадзкой арганізацыяй кіруе 46-гадовая Вольга Чамаданава (крайняя справа). Вядомасьць яна атрымала як прэс-сакратарка Міністэрства ўнутраных справаў, а ад 2021 году — начальніца ўпраўленьня ідэалёгіі і справаў моладзі Менгарвыканкаму.

Чамаданава нарадзілася ў Астрашыцкім гарадку пад Менскам. Скончыла філфак БДУ па спэцыяльнасьці «беларуская мова і літаратура». Адразу пасьля ВНУ пайшла працаваць у міліцыю, дзе пазнаёмілася з будучым мужам — Дзянісам Чамаданавым, цяпер ён намесьнік начальніка ГУБАЗіК.

Чамаданава была пераможцай конкурсу «Самы ветлівы і культурны супрацоўнік органаў». Пасьля гэтага яе і запрасілі на пасаду прэс-сакратара МУС.

У 2020 годзе Чамаданава апраўдвалася за затрыманьні пратэстоўцаў. Жыхара Менску Дзьмітрыя Ўшацкага ў 2021 годзе асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі» за яе абразу. Сама прэс-сакратарка казала, што пасьля гэтых падзей прымала заспакаяльныя. Потым яшчэ адзін мянчук Віктар Лебедзеў атрымаў паўтара года «хатняй хіміі» за абразу Чамаданавай.

«У мяне не было сумневаў у правільнасьці таго, што я раблю. Выдатна разумела, за каго і што я змагаюся», — казала Чамаданава пра падзеі 2020 году.

«Шчасьлівая жанчына, маці і бабуля»

Крайняя зьлева — кіраўніца Берасьцейскай абласной арганізацыі БСЖ Валянціна Пух. Яна дырэктарка берасьцейскага філіялу «Белпошты», але вельмі хутка пакіне гэтую пасаду. Справа ў тым, што ў лютым 2024 году Пух стала дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў па Берасьцейскай-Заходняй акрузе № 1.

У лістападзе 2021 году Валянціна Пух заяўляла пра мігранцкі крызіс: «Мы сабралі больш за 10 тысяч подпісаў і адправілі ўсёй сусьветнай супольнасьці ліст з просьбай вырашыць гэтую сытуацыю і з заклікам усім палітычным лідэрам не дапусьціць гэтага вар’яцтва». Як прыклад кіраўніка-жанчыны яна называе Натальлю Качанаву.

Другая зьлева — намесьніца кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Магілёва Ганна Галушка. На сваёй пасадзе яна кіруе пытаньнямі ідэалёгіі, працы з насельніцтвам, моладзі, правоў грамадзян.

Да гэтага Галушка сем гадоў займала вышэйшую пасаду — намесьніца кіраўніка Магілёўскага гарвыканкаму, таксама адказвала за ідэалёгію. Яе адстаўкі дабіваліся магілёўскія апазыцыянэры, менавіта Галушка ставіла подпісы пад забаронай тых ці іншых мерапрыемстваў апазыцыі. Да працы ў органах улады працавала настаўніцай расейскай мовы і літаратуры.

Трэцяя зьлева — кіраўніца Горадзенскай абласной арганізацыі БСЖ Ірына Сьцепаненка. Яна працуе таксама ў ідэалёгіі — намесьніцай начальніка галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы і па справах моладзі Горадзенскага аблвыканкаму.

«Пэдагог, філёзаф, дзяржслужачы, шчасьлівая жанчына, маці і бабуля», — так пісала пра Сьцепаненку газэта «Беларусь сегодня». «Нашы жанчыны аднымі зь першых рэагуюць на ўсе выклікі сучаснасьці, няхай гэта будзе сытуацыя з уцекачамі на мяжы або збор гуманітарнай дапамогі для пацярпелых ад землятрусу ў Турэччыне і Сырыі. Нам пад сілу ўсё: ад стварэньня дабрачыннага фонду ў пэрыяд пандэміі да руху супраць эканамічных санкцый», — казала сама Сьцепаненка.

«Павінны быць памагатымі Лукашэнкі»

Справа ад Лукашэнкі — Марына Навіцкая. Яна працуе галоўным ідэолягам Віцебскай вобласьці. Ёй 51 год. Вучылася на пэдагога ў Віцебску. Працавала настаўніцай у школе № 12 там жа, потым перайшла на чыноўніцкую працу.

«Сіла нашай краіны ў адзінстве», — казала Навіцкая ў верасьні 2023 году.

Трэцяя справа — Тамара Красоўская. Яна ўзначальвае ўпраўленьне па працы занятасьці і сацыяльнай абароне Менскага аблвыканкаму. Да гэтага яна была дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў. Ураджэнка Барысаўскага раёну, па адукацыі — юрыст.

«Мы верым, што ўсе жанчыны ў сьвеце жадаюць толькі міру, таму што жанчына — маці, жанчына — ахоўніца сямейнага агменю. І калі не жанчыны, то хто будзе змагацца за мір? Мы павінны быць памагатымі Лукашэнкі», — казала Красоўская ў 2023 годзе.

Урэшце, другая справа — кіраўніца спраў Гомельскага аблвыканкаму Алена Клічкоўская. Яна ўраджэнка Калінкавіцкага раёну. Мае пэдагагічную адукацыю, працавала выхавацелькай у дзіцячым садку, настаўніцай фізыкі. Ад 2005 году — на працы ў Калінкавіцкім райвыканкаме. Ад 2013 году — у Гомельскім аблвыканкаме.

Клічкоўская ўдзельнічала ў прыёме ў Беларусі дзяцей, якіх вывозілі з акупаванага Расеяй Данбасу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG