Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзейнасьць Бондаравай для Лукашэнкі — гэта як кантраляваная хімічная рэакцыя ў колбе», — палітоляг Казак


Вольга Бондарава, архіўнае фота
Вольга Бондарава, архіўнае фота

Палітоляг Алесь Казак, выкладчык паліталёгіі ў Гданьскім унівэрсытэце, аналізуе новае палітычнае поле Беларусі без апазыцыйных партыяў, разважае, чаму «інфаказачка» Бондарава дазваляе сабе крытыкаваць чыноўнікаў і ацэньвае працэсы ўнутры «Белай Русі».

Сьцісла:

  • Траўма і ўрокі 2020 году былі надта балючымі для Лукашэнкі.
  • Шмат якія дзеяньні выглядаюць выключна як прыватная вендэта Лукашэнкі, рэалізацыя ягоных комплексаў.
  • Немагчыма ўявіць, што «інфаказачка» Бондарава можа стаць праблемай уласна для самога Лукашэнкі, выступіць супраць яго.
  • У пэўны момант ва ўладным лягеры пачнецца гарачая бойка, усе будуць намагацца выйсьці з кругавой парукі.

— Улады пасьлядоўна скасоўваюць рэгістрацыю ўсіх беларускіх апазыцыйных партыяў. У палітычным полі, відавочна, застануцца толькі 4 праўладныя партыі — «Белая Русь», Камуністычная партыя, Лібэральна-дэмакратычная партыя і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці. Калі ў краіне зачышчаная любая публічная пратэставая актыўнасьць, навошта зьнішчаць усе апазыцыйныя партыі? Чаму б не пакінуць некаторыя зь іх для імітацыі шматпартыйнасьці?

— Траўма і ўрокі 2020 году былі надта балючымі для Лукашэнкі. Ня столькі для сыстэмы, як для самога Лукашэнкі. Тады ён дапусьціў Сьвятлану Ціханоўскую да ўдзелу ў выбарах, думаючы, што за яе ніхто не прагаласуе. Але народ мабілізаваўся, быў шалёны рост яе рэйтынгу, што вылілася ў нечуваную масавую падтрымку.

Алесь Казак
Алесь Казак

Таму яны баяцца ня столькі існаваньня партыяў, колькі таго, што ў гэтых партыяў зноў можа зьявіцца магчымасьць для ўплыву на сытуацыю. Пры тым, што нават узьнікае пытаньне, наколькі гэтыя партыі былі на самой справе апазыцыйнымі.

— Улада сапраўды перастрахоўваецца. Але, можа, акрамя траўмы 2020 году, можна гаварыць і пра стратэгічнае імкненьне пабудаваць такую сыстэму, дзе ня будзе нават імітацыі апазыцыі, дзе ўсё грамадзтва павінна падпарадкоўвацца і актыўна дэманстраваць ляяльнасьць? Па-вашаму, яны ўсур’ёз вырашылі ператварыць Беларусь у Паўночную Карэю ці ГДР?

— Гэта лукашэнкаўская мара — стварыць ва ўмовах Беларусь нейкае падабенства ідэяў чучхэ. Для гэтага яны спрабуюць выхоўваць дзяцей у адпаведным духу з малых гадоў. Аднак мне здаецца, што ў кантэксьце апошніх падзеяў гэта не глябальны стратэгічны падыход, а найперш адгалоскі той самай траўмы 2020 году. Шмат якія дзеяньні выглядаюць выключна як прыватная вэндэта Лукашэнкі, рэалізацыя ягоных комплексаў. Маўляў, адзін раз я ўжо памыліўся, дазволіў лібэралізацыю, другі раз не хачу.

— Я не выпадкова згадаў ГДР, бо там таксама існавалі 4 кантраляваныя ўладай партыі, а ня толькі асноўная. Магчыма, тое, што Лукашэнка хоча пабудаваць, больш падобна не на Паўночную Карэю, а на ГДР? І, дарэчы, навошта ім 4 партыі, чаму было б не пакінуць адну толькі Белую Русь?

— Дзеля імітацыі нейкага выбару. Лукашэнка часам выдае даволі дзіўныя прамовы — мабыць, яму баліць, што ён апынуўся ў такім куце. Таму ён дае такія нібыта сыгналы: «А давайце размаўляць, давайце шукаць шляхі да згоды». Тут і пэўныя спробы кантактаў з прадстаўнікамі Эўразьвязу. Магчыма, тут варта згадаць і знакаміты поціск рук Франака Вячоркі і міністра замежных справаў Алейніка. Але тут уладам «і хочацца, і колецца»: яны вельмі непасьлядоўныя.

— Сыгналы сыгналамі, але справы гавораць за сябе. Рэпрэсіі працягваюцца, саджаюць за падабайкі і перапосты. І чаму на фоне такога задушэньня ўсяго жывога ўладу так хвалююць парлямэнцкія выбары? Зьбіраюцца нарады, робяцца заявы, адбываецца ідэалягічная апрацоўка.

— Выбары набліжаюцца, трэба выдаваць імітацыю, гуляць у спробы дэмакратыі. Пры ўсім гэтым мне здаецца, што ліквідацыя партыяў мала хвалюе кагосьці — як у Беларусі, гэтак і ў Эўразьвязе.

— Тым часам унутры ўлады часам даволі востра адбываюцца розныя разборы, сутыкненьні. «Інфаказачка» Бондарава нападае нават на чыноўнікаў, і яны ёй адказваюць. Чаму такія рэчы адбываюцца, пра што гэта сьведчыць? Можа, такія маргінальныя асобы, як Бондарава, адчуваюць за сабой падтрымку Масквы, таму і не баяцца выступаць супраць чыноўнікаў?

— Яна, зразумела, адчувае за сабой «руку Масквы» і так ці інакш за яе трымаецца. Але мне думаецца, што для самога Лукашэнкі гэта выглядае як кантраляваная хімічная рэакцыя ў колбе. Ён назірае, як там усё бурліць, сквірчыць і разьлятаецца. Але ён ведае, што гэта ў колбе, і не выходзіць за яе рамкі. І калі Бондарава атакуе чыноўнікаў, то хай гэта робіць: ад гэтага нічога ня зьменіцца, пакуль сам Лукашэнка не захоча.

Немагчыма ўявіць, што Бондарава можа стаць праблемай уласна для самога Лукашэнкі, выступіць супраць яго. Таму гэта ўсё такая кантраляваная рэакцыя.

— У «Белую Русь» запісваюць (ці зганяюць) фактычна ўсіх чыноўнікаў, усіх асобаў хоць зь нейкай пасадай, пачынаючы ад дырэктараў школаў і загадчыкаў аддзяленьняў у шпіталях. Таму, як і ў КПСС, натуральна, там будуць сабраныя вельмі розныя людзі, з рознымі адценьнямі палітычных поглядаў. У СССР гэта ўсё праявілася з пачаткам перабудовы, калі з шэрагаў КПСС выйшлі і рэфарматары, і праціўнікі перабудовы. Ці могуць неяк праявіцца ідэйныя супярэчнасьці ўнутры Белай Русі? Ці, пакуль Лукашэнка кіруе, гэта не адбудзецца?

— Ідэйныя супярэчнасьці, відавочна будуць. Але пакуль Лукашэнка трымае ўладу, гэта ня выйдзе вонкі. А вось як толькі ён нейкім чынам адыдзе ад улады, там пачнецца зацятая барацьба: будуць друкаваць кампраматы, абвінавачваць у здрадзе — дзеля спробы выйсьці сухімі з вады. Бо гэтая партыя аб’ядноўвае вельмі розных людзей, якія пайшлі туды (альбо іх загналі), але адны зь іх у прынцыпе адданыя Беларусі, а іншыя — Расеі. І ў пэўны момант там пачнецца гарачая бойка, усе будуць намагацца выйсьці з кругавой парукі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG