Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Галоўная даносчыца Беларусі». Хто такая Вольга Бондарава, якая змагаецца з Геніюш, Марзалюком і «Хагі-Вагі»


Вольга Бондарава. Каляж
Вольга Бондарава. Каляж

Яна запатрабавала прыбраць помнік Ларысе Геніюш у Зэльве, празь яе саджаюць у турмы людзей, яна змагаецца зь беларускай лацінкай і Марзалюком.

Цягам апошніх двух гадоў імя горадзенскай прарасейскай актывісткі Вольгі Бондаравай гучыць вельмі часта. Прычым змагацца яна пачала ня толькі з праціўнікамі ўлады, але і зь некаторымі яе прыхільнікамі. Расказваем, што вядома пра гісторыю прапагандысткі.

Судзімасьць за кантрабанду

Вользе Бондаравай 40 гадоў. Адносную вядомасьць яна атрымала пасьля падзей 2020 году, калі стала актыўна падтрымліваць Лукашэнку і змагацца з усім нацыянальным.

«Кібэрпартызаны» даслалі Свабодзе зьвесткі пра месцы працы Вольгі Бондаравай. З гэтых зьвестак вынікае, што яна фактычна ніколі нідзе афіцыйна не працавала. Толькі ў 2018 годзе нядоўгі час пабыла ў клінінгавай кампаніі «Чысты сьвет плюс», пасада невядомая. Увесь астатні час насупраць прозьвішча Бондаравай значыцца пазнака «беспрацоўная».

Людзі з Горадні расказалі Свабодзе, што доўгі час Бондарава зарабляла тым, што вазіла зь Беларусі кантрабанду ў Польшчу. Праз гэта нібыта нават мела праблемы з польскімі праваахоўнікамі. У Беларусі судзімасьцяў актывістка ня мае. Былы муж працаваў дальнабойшчыкам у Нямеччыне.

«Інфаспэцназ» зь Беляковым

У 2020 годзе ў самы разгар масавых акцый пратэсту Вольга Бондарава разам зь Дзьмітрыем Бяляковым засноўваюць арганізацыю «Інфаспэцназ Беларусь», якая ставіць на мэце супрацьстаяць інфармацыі зь незалежных каналаў. Папулярнай ініцыятыва ня стала. І ў Інстаграме, і «ЎКантакце» суполкі ня маюць нават тысячы падпісчыкаў.

Партнэр Бондаравай па ініцыятыве Дзьмітры Белякоў раней служыў у Галоўным разьведвальным упраўленьні Міністэрства абароны Беларусі. Белякоў — прыхільнік Сталіна і Дзяржынскага, публікаваў здымкі, як сам ускладае кветкі да іх помнікаў.

Пасьля разгрому рэальных праваабарончых арганізацый беларускія ўлады далі Белякову магчымасьць зарэгістраваць уласную — Цэнтар «Сыстэмная праваабарона». У ліку яе супрацоўнікаў — Раман Пратасевіч. Таксама Белякоў апекаваўся польскім дэзэртэрам Эмілем Чэчкам, які засіліўся ў 2022 годзе.

«Інфаспэцназ» — гэта тыя людзі, якія стаялі з чырвона-зялёнымі сьцягамі ва Ўруччы і віталі аўтазакі, якія ехалі ў цэнтар гораду разганяць дэманстрантаў. У Горадні Бондарава разам з паплечнікамі зьдзяйсьняла рэйды па мікрараёнах, дзе зрывала стужкі, замалёўвала бел-чырвона-белыя сьцягі. А таксама ладзіла аўтапрабег з чырвона-зялёнымі сьцягамі на «лінію Сталіна».

У сваёй працы «Інфаспэцназ» адразу пачаў указваць на людзей, якіх, на іх думку, патрэбна было рэпрэсаваць. Адной з такіх ахвяр стаў плястычны хірург Андрэй Любецкі. Неўзабаве пасьля таго, як пра Любецкага напісала Бондарава, хірурга арыштавалі і асудзілі на 5 гадоў зьняволеньня за «распальваньне міжнацыянальнай варажнечы». Бондарава зь Беляковым таксама публікавалі здымкі людзей з вулічных акцый з указаньнем артыкулаў крымінальнага кодэксу, па якіх іх нібыта можна прыцягнуць да адказнасьці.

У будучыні Вольга Бондарава працягвае сваю дзейнасьць у гэтым кірунку самастойна.

Змагалася з бчб-гномікам

Ад 2021 году па даносах Бондаравай сапраўды пачынаюць затрымліваць і судзіць людзей. Вадзім Плаўскі быў асуджаны на 1,5 года зьняволеньня за тое, што паваліў Бондараву на зямлю, калі тая здымала іх з дачкой на тэлефон. У руках дзяўчынкі была белая стужка. На пачатку 2022 году Плаўскі ўжо выйшаў на волю.

Суд пастанавіў, што Бондарава атрымала пералом носу і страсеньне мазгоў. Хоць першапачаткова ні пра якія траўмы не гаварылася.

Іншы гарадзенец, Васіль Пілец, атрымаў 1,5 года «хатняй хіміі» за тое, што штурхануў Бондараву, калі яна разам са сваім паплечнікам зафарбоўвала бел-чырвона-белы сьцяг на асфальце.

Таксама вядомы выпадак, калі Вольга Бондарава праз вакно сфатаграфавала гнома зь бел-чырвона-белым сьцяжком у кватэры сваёй аднаклясьніцы Тацяны Яраш. У той жа дзень у кватэру Яраш прыйшлі міліцыянты і склалі пратакол за несанкцыянаванае пікетаваньне.

«Прыходзілі „атрады Лукашэнкі“»

Уласьнік горадзенскай крамы «Адметнасьць» Сяржук Верамеенка так успамінае першую сустрэчу з Вольгай Бондаравай.

«Яна прыйшла на Кірава, 3 у Цэнтар гарадзкога жыцьця на выставу Алеся Пушкіна. Там адбываліся заняткі „Мова нанова“. Яна зьдзекавалася зь беларускай мовы, але мы ніяк не рэагавалі, проста прасілі яе пакінуць памяшканьне, бо была бяз маскі, а тады яшчэ дзейнічалі антыковідныя абмежаваньні».

Потым жанчына пачала размаўляць на відэа зь Верамеенкам. Відэа канчалася словамі: «Калі са мной нешта здарыцца, то вінавацьце гэтага чалавека, бо ён мне пагражаў».

«Я разумеў, што гэта дурноцьце, а зь іншага боку — маглі мяне падставіць. Потым яна прыходзіла з актывісткамі, якія пікетавалі польскі кансулят, нейкія „атрады Лукашэнкі“. Правакавалі нас, хацелі зайсьці ў краму, былі з георгіеўскімі стужкамі. Прыходзіла так разы тры-чатыры».

Верамеенка кажа, што ў Горадні Бондараву нейкі час ведалі як таксістку, а таксама яна шчыльна сябравала з начальнікам прэс-службы горадзенскай міліцыі Яўгенам Дудко.

Што тычыцца выставы Алеся Пушкіна, то ў хуткім часе супраць мастака завялі крымінальную справу за партрэт удзельніка антысавецкага паваеннага супраціву Аўгена Жыхара. Пазьней Пушкіна асудзілі на 5 гадоў зьняволеньня за распальваньне міжнацыянальнай варажнечы.

Ад Мальдзіса да «Хагі-Вагі»

Чым болей посьпехаў дасягала Бондарава ў лякальным маштабе, тым актыўней пачынала выходзіць ня толькі на рэгіянальны, але і на агульнабеларускі ўзровень.

Менавіта Бондарава зьвярнула ўвагу на тое, што раённую бібліятэку ў Астраўцы хочуць назваць іменем літаратуразнаўцы Адама Мальдзіса. Бондарава пісала скаргі ва ўсе інстанцыі і такі дабілася, каб ні бібліятэкі, ні вуліцы Мальдзіса ў Астраўцы не зьявілася.

Паспрыяла яна і таму, каб зь дзяржаўнага тэлебачаньня зьнялі сацыяльную рэкляму супраць гвалту над дзецьмі, бо ролікі былі пранспансараваныя амэрыканскай арганізацыяй USAID.

У сваім змаганьні Вольга Бондарава ня стала засяроджвацца толькі на прыхільніках пераменаў. Напрыклад, змагалася супраць прыезду ў Беларусь расейскага сьпевака Філіпа Кіркорава, бо гэта «сьпявак зь нізкай сацыяльнай адказнасьцю». Пасьля скаргаў Бондаравай КДК пачаў правяраць пункты продажу цацкі «Хагі-Вагі», якую яна называла праявай сатанізму. Скаргі ад гарадзенкі сыпаліся нават на кандытарскую, якая прадавала пірожныя ў форме мужчынскіх і жаночых палавых органаў.

«Бчбесы нахабна гандлююць майкамі»

Асабліва зацята Вольга Бондарава змагаецца супраць любых праяваў беларускасьці. Напрыклад, беларускамоўныя шыльды яна лічыла дыскрымінацыяй рускамоўных. Падчас фэстывалю нацыянальных культур у Горадні яна ўбачыла стэнд, дзе гандлявалі цішоткамі зь літарай «Ў». Нават гэта абурыла актывістку.

«Бчбесы нахабна гандлююць майкамі з намёкам на змагарства проста насупраць моладзевага цэнтру. У нашым гіпэрлібэральным горадзе такое, напэўна, дапушчальна. А то яшчэ, ня дай бог, затрымаюць змагароў, Гой прымусіць сілавікоў у іх публічна прасіць прабачэньня... Не, ня вынесьлі тут навукі з падзей 2020 году ад слова зусім. Ва ўсё трэба тыкаць носам, як абгаджанае кацяня», — напісала яна пост з прэтэнзіяй да старшыні Горадзенскага гарвыканкаму Мечыслава Гоя.

Раней жанчына абуралася тым, што ў дзіцячых садках малых вучаць казаць «Добры дзень», «Прывітаньне», «Дабранач».

«Гэта ўсё гвалтоўна навязваецца... „Дзякуй“ — гэта што? Гэта пераробка „dziękuję“ з польскай мовы...» — разважае Бондарава.

Лацінку ж яна называла «штучнай мовай, створанай у пачатку 20 стагодзьдзя палякамі».

«Выпячваньне невуцтва»

Пры гэтым допісы Бондаравай доўгі час актыўна рэпосьцілі тэлеграм-каналы ГУБАЗіКу, а таксама «Жоўтыя зьлівы». Фактычна, наводкі гарадзенкі станавіліся прычынай для затрыманьня людзей.

«З проста фрыкаватай прыхільніцы „русского мира“ яна стала галоўнай даносчыцай Беларусі. Да думкі якой прыслухоўваюцца ў самых высокіх кабінэтах. Насамрэч жа гэта прабелы адукацыі і выпячваньне свайго невуцтва», — выказвае меркаваньне гарадзенец, асабіста знаёмы з Бондаравай.

Вядомы горадзенскі сьвятар Георгі Рой таксама сутыкаўся з Вольгай Бондаравай. У інтэрвію Свабодзе ён расказваў, што ў яго былі прабітыя колы ў машыне пасьля сустрэчы.

«У нас цяпер вядомая Вольга Бондарава — гэта міністар культуры. Яна ўсім паказвае, што павінна быць у Беларусі, яна кіруе чынавенствам. Вызначае, што павінна быць у школьнай праграме, якія помнікі могуць стаяць. У мяне ўражаньне, што ўсе яе баяцца і слухаюцца. У нас такое новае „міністэрства культуры“», — казаў Рой.

Пікіроўка з Марзалюком

Апошнім часам Вольга Бондарава ідзе ў супрацьстаяньне і з прадстаўнікамі ўлады. Напрыклад, шырокі розгалас атрымала яе публічная пікіроўка з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Ігарам Марзалюком.

«Спрыяе распальваньню варожасьці і нянавісьці», — напісала яна заяву на Марзалюка ў Генпракуратуру. Прычынай стаў выступ дэпутата на тэлеканале СТВ, дзе ён выказаўся за пазытыўную дыскрымінацыю беларускай мовы — своеасаблівыя льготы для беларускамоўных.

Шмат прэтэнзій да Бондаравай мае старшыня горадзенскай абласной арганізацыі «Белая Русь» Сьвятлана Вараніца, якая абуралася, што на экскурсію ў Берасьцейскую крэпасьць прапагандыстка прыехала з «голай філейнай часткай».

«Ці варта пэцкацца, папулярызуючы гэтую грамадзянку? Я ўжо стамілася глядзець, як гэты пярэварацень гадзіць на нашу краіну» — пісала пра Бондараву вядучая «Беларусь-1» Натальля Бардзілоўская.

Падобна да таго, што нават у часткі чыноўнікаў і дзяржаўных экспэртаў незадаволенасьць Бондаравай расьце, але пакуль прапагандыстка працягвае актыўна весьці свой тэлеграм-канал і ўказваць там на людзей і зьявы, якія яе не задавальняюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG