Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, як сваякі загінулых ва Ўкраіне беларусаў, якія ваявалі на баку Расеі, праз суд даказвалі факт іхнай сьмерці


Шаўрон расейскага вайскоўца. Ілюстрацыйнае фота
Шаўрон расейскага вайскоўца. Ілюстрацыйнае фота

У базе судовых рашэньняў Беларусі знайшлі некалькі спраў, у якіх жыхары Гомельскай вобласьці спрабавалі даказаць факт сьмерці сваякоў, што загінулі ва Ўкраіне.

Выданьне «Флагшток» паведаміла прынамсі аб трох падобных выпадках — у Рэчыцкім, Сьветлагорскім і Мазырскім раёнах.

У лютым 2023 году суд Рэчыцкага раёну разглядаў цывільную справу паводле заявы, у якой мясцовая жыхарка прасіла вызначыць факт сьмерці сына. Жанчына патлумачыла, што органы ЗАГС адмовілі ёй у актавым запісе аб сьмерці з прычыны адсутнасьці дакумэнту, які пацьвярджае сьмерць сына. На судовым пасяджэньні жанчына паведаміла, што яе сын загінуў «пры выкананьні спэцыяльнай ваеннай апэрацыі», а актавы запіс аб яго сьмерці зрабіў орган «Міністэрства юстыцыі Л. народнай рэспублікі», які не зьяўляецца легітымным.

Жанчыне давялося пацьвярджаць факт сьмерці сына іншымі дакумэнтамі, у тым ліку — выпіскай з указу прэзыдэнта Расеі аб узнагароджаньні яе сына мэдалём пасьмяротна. У выніку суд прызнаў факт сьмерці мужчыны, «памерлага з прычыны агнястрэльных выбуховых аскепкавых скразных пранікальных раненьняў галавы, шыі, канцавін».

У ліпені 2023 году суд Сьветлагорскага раёну разглядаў заяву мясцовага жыхара, які ня мог атрымаць права спадчыны ў выніку гібелі свайго сына на ўсходзе Ўкраіны. Суд, як і ў папярэднім выпадку, дакумэнты «Мін'юста ЛНР» не прызнаў, але вызначыў факт сьмерці ўраджэнца Сьветлагорску з прычыны «агнястрэльнага выбуховага аскепкавага раненьня галавы і правай ніжняй канцавіны». Абставіны гібелі суд не ўстанаўліваў.

У сьнежні 2023 году суд Мазырскага раёну разглядаў пазоў мясцовай жыхаркі аб спагнаньні алімэнтаў на ўтрыманьне непаўналетняга дзіцяці. Але пры разглядзе высьветлілася, што бацька дзіцяці зьехаў у Расею, а пазьней у званьні шарагоўца зьнік бязь вестак «пры выкананьні задач у часе спэцыяльнай ваеннай апэрацыі». У выніку суд пакінуў заяву без разгляду.

Раней украінскі праект poternet.site пацьвердзіў факты гібелі 18 беларусаў і выхадцаў зь Беларусі, якія ваявалі ў складзе прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр», расейскай арміі і ў ваенізаваных фармаваньнях так званых «ДНР» і «ЛНР».

Сярод іх — Вячаслаў Моніч, Павал Макараў, Андрэй Бабко, Раман Гровіч, Васіль Курловіч, Аляксандар Шыянаў, Пётра Лузанаў, Павал Яўглеўскі, Ільля Курналёў, Уладзіслаў Чарноў, Мікалай Маркаў, Ігар Валачылаў, Аляксей Цішкевіч, Віталь Загнеткін, Аляксандар Міхайлаў, Іван Ігнаценка, Яраслаў Асташкоў і Сяргей Ланавенка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG