Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ультраартадаксальных юдэяў пара прызываць у войска, — міністар абароны Ізраілю


Ультраартадаксальныя юдэі
Ультраартадаксальныя юдэі

Улады Ізраілю ўпершыню заявілі пра тое, што працуюць над магчымасьцю прызыву ультраартадаксальных юдэяў у ЦАХАЛ.

Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант упершыню заклікаў прызываць ультраартадаксальных габрэяў у ЦАХАЛ, піша The Jerusalem Post.

«Сёньня існуе сапраўдная нацыянальная неабходнасьць падоўжыць тэрмін службы салдат і рэзэрвістаў, — сказаў Галант журналістам у Тэль-Авіве. — Калі нагрузка на тых, хто на службе, працягвае расьці, я ясна скажу адно: гэтая вайна даказала, што кожны павінен. Калі ня будзе дасягнуты шырокі кансэнсус, я ня буду ўносіць закон аб вайсковым абавязку на патрабаваньне Мінабароны».

Рух за якасны ўрад у Ізраілі (MQG), адзін з асноўных заяўнікаў, назваў умоўныя загады драматычным і важным крокам «на шляху да поўнай роўнасьці ў прызыве».

Раней у гэтым месяцы начальнік штабу ЦАХАЛу Герцы Галеві заявіў, што законы аб прызыве ў войска ў Ізраілі павінны зьмяніцца такім чынам, каб усіх чальцоў ізраільскага грамадзтва прызывалі абараняць краіну.

«У гэтыя складаныя часы адна рэч вельмі ясная — кожны павінен зрабіць свой унёсак, каб абараніць наш дом, — сказаў Халеві. — Гэта іншы час, і папярэднія рэаліі павінны быць перагледжаныя. Зараз мы прасоўваем рашэньні неадкладнага прызыву, каб папоўніць нашы шэрагі на тле баявых дзеяньняў, якія працягваюцца. Многае з таго спатрэбіцца ў будучыні».

Ізраіль працягвае вайну з рухам палестынскіх арабаў ХАМАС, прызнаным у шэрагу краін тэрарыстычнай арганізацыяй. Байцам ЦАХАЛу ўдалося зьнішчыць шмат тунэляў і штабоў, якія належалі ХАМАС, аднак вайсковае кіраўніцтва заяўляе, што баявыя дзеяньні трэба працягваць.

З пачатку вайны каля 66 тысяч ультраартадаксальных маладых людзей прызыўнога ўзросту былі вызваленыя ад службы з прычыны «вывучэньня Торы».

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня менш за 260 удзельнікаў музычнага фэстывалю і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАС. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хэзбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне аб замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач сэктару Газа зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
  • 15 студзеня 2025 году стала вядома пра пагадненьне пра спыненьне агню паміж Ізраілем і ХАМАС, якое павінна пачаць дзейнічаць з 19 студзеня. Ізраільскі бок выпусьціць некалькіх зьняволеных палестынскіх арабаў, а тэрарыстычная групоўка ізраільскіх закладнікаў.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG