Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 28 лютага: Вольгу Брыцікаву будуць судзіць у закрытым рэжыме; зноў затрымалі нэўроляга Бадамшына

абноўлена

Вольга Брыцікава
Вольга Брыцікава

Улады не ўпершыню закрываюць суды ў справах з розгаласам.

Вольгу Брыцікаву пачнуць судзіць 11 сакавіка

Суд будзе адбывацца ў закрытым рэжыме, паведаміла «Вясна».

Былую старшыню незалежнага прафсаюзу «Нафтан» затрымалі ў жніўні 2023 году. Спачатку была інфармацыя, што яе абвінавачваюць у «закліках да дзеяньняў супраць нацыянальнай бясьпекі». У выніку судзіць яе будуць паводле ч. 1 арт. 130 КК (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці).

Справу ў закрытым рэжыме пачне разглядаць Віцебскі абласны суд 11 сакавіка. Працэс будзе весьці судзьдзя Галіна Бондал.

Брыцікава адпрацавала на прадпрыемстве «Нафтан» 16 гадоў, звольнілі яе, бо выказвала ўласную пазыцыю. Палітзьняволеную шмат затрымлівалі за выказваньні супраць вайны і распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Цягам 2022 году яна правяла ў зьняволеньні 105 содняў, у тым ліку 75 запар.

Адрас для грашовых пераводаў, пасылак і тэлеграм: СІЗА-2. 210026, г. Віцебск, вул. Гагарына, 2, Вольга Ігараўна Брыцікава.

Зьявілася інфармацыя аб чарговым затрыманьні нэўроляга Руслана Бадамшына

Зьявілася інфармацыя пра чарговае затрыманьне лекара Руслана Бадамшына, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».

Паводле папярэдняй інфармацыі, гэта адбылося раніцай 28 лютага, пасьля нэўроляга даставілі ў Фрунзэнскі РАУС.

Вядома, што Бадамшына пасьля выбараў 2020 году затрымлівалі сама меней 5 разоў — на яго складалі пратаколы і арыштоўвалі, агулам ён правёў пад арыштам 64 дні.

У красавіку 2021 году Руслана Бадамшына звольнілі з РНПЦ нэўралёгіі і нэўрахірургіі. Афіцыйная прычына звальненьня — дзьве гадзіны прагулу.

Цяпер Руслан Бадамшын працуе лекарам-нэўролягам у мэдычным цэнтры «Нардзін».

Затрымалі яшчэ аднаго беларуса, які вярнуўся з Польшчы

Відэа з затрыманым апублікаваў адзін з праўладных тэлеграм-каналаў, блізкіх да сілавікоў, заўважыла «Медиазона». Імя мужчыны не называецца. У відэа гаворыцца, што ён вярнуўся ў Беларусь з Польшчы, дзе працаваў электрыкам.

На відэа сілавікоў ён кажа, што яго затрымалі на мяжы за тое, што «ўдзельнічаў у палітычным мітынгу, знаходзіўся на праезнай частцы і перакрываў рух» — пры гэтым на відэа паказаныя кадры пратэстаў у Берасьці на праспэкце Машэрава ў жніўні 2020 году.

Ці завялі на мужчыну крымінальную справу і паводле якога артыкула яго абвінавачваюць, невядома.

За данаты затрымалі жыхара Слуцку — на яго завялі крымінальную справу

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманьне жыхара Слуцку, які нібыта ў 2022 годзе зрабіў данат праекту NEXTA. На «пакаяльным» відэа хлопец кажа, што на яго завялі крымінальную справу і «бліжэйшыя 8 гадоў ён правядзе ў турме». Паводле якога артыкула завялі крымінальную справу, не паведамляецца.

Вольгу Маёраву будуць судзіць за «непадпарадкаваньне адміністрацыі турмы»

Па інфармацыі «Гомельскай Вясны», 5 сакавіка ў судзе Чыгуначнага раёну Гомля над Вольгай Маёравай распачнецца суд паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі турмы). Справу будзе разглядаць судзьдзя Ганна Сакалова. Вользе могуць дадаць яшчэ 2 гады зьняволеньня.

Горадзенскі абласны суд 17 кастрычніка 2022 году агучыў прысуд 12 фігурантам «справы Аўтуховіча». Вольгу асудзілі на 20 гадоў калёніі.

Яе прызналі вінаватай паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу. На судзе яна не прызнала віны. У зьняволеньні яе неаднаразова зьмяшчалі ў карцар і выдалялі з судовых пасяджэньняў. У адным зь лістоў яна паведаміла, што ў яе падазраюць цукровіцу.

Адрас для паштовак, грашовых пераводаў і тэлеграм: ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3, Вольга Уладзімераўна Маёрава.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG