Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звольнілі доктара Бадамшына, які прайшоў праз 5 арыштаў


Руслан Бадамшын. Фота: Tut.by
Руслан Бадамшын. Фота: Tut.by

Руслан Бадамшын працаваў лекарам функцыянальнай дыягностыкі ў РНПЦ нэўралёгіі і нэўрахірургіі. Са жніўня мінулага году яго затрымлівалі пяць разоў, ён правёў пад арыштам 64 дні.

Афіцыйная прычына звальненьня — дзьве гадзіны прагулу.

8 красавіка ў 7.30 доктар быў вызвалены з Жодзінскай турмы, дзе адбываў чарговае пакараньне — 15 сутак. Бяз грошай і тэлефона ён вымушаны быў дабірацца ў Менск. На працу Бадамшын зьявіўся а 12-й гадзіне замест 10-й. Паводле афіцыйнай вэрсіі, спазьненьне на 2 гадзіны лічыцца прагулам.

Руслана Бадамшына затрымалі 24 сакавіка ў пад’езьдзе дома, калі ён накіроўваўся на працу, і асудзілі на 15 сутак арышту. Гэта была пятая адседка Руслана Бадамшына. Са жніўня 2020 году доктар правёў за кратамі 64 сутак. Апошні раз адбываў пакараньне ў Жодзіне — без пасьцельнай бялізны, душу, пра што расказаў журналістам.

«8 красавіка, вярнуўшыся на працу каля 12-й гадзіны, я напісаў тлумачэньні, што адбываў арышт ня ў Менску, а ў Жодзіне. Потым быў сход, нібыта я ўсё патлумачыў, задаволіў адміністрацыю РНПЦ. А на наступны дзень, у пятніцу, я прадставіў усе дакумэнты, якія ад мяне патрабавалі: пратакол з суду, даведку з Жодзіна, дзе я адбываў адміністрацыйнае пакараньне. За выходныя адміністрацыя штосьці прыдумала, і ў панядзелак мяне паставілі перад фактам, што я з 13 красавіка звольнены за дзьве гадзіны прагулу», — расказаў Руслан Бадамшын.

Загад аб звальненьні падпісаны дырэктарам РНПЦ нэўралёгіі і нэўрахірургіі Рышардам Сідаровічам. Калегі Руслана хадзілі ў панядзелак да дырэктара. А ён ім адказаў, што нібыта калегі маглі сустрэць Бадамшына каля турмы і своечасова даставіць на працу.

«Нібыта я павінен быў з турмы прыбыць на працу а 10-й! Па-першае, мне трэба было даехаць да Менску. Як я мог, галодны, брудны, ня выспаўшыся — адразу прыбыць у клініку і працаваць з пацыентамі? Натуральна, мне неабходна было прывесьці сябе ў парадак.

Адміністрацыя шукала прычыны звольніць мяне яшчэ са жніўня: правярала санітарны стан, пастаянна кантралявала. Цяпер падставу знайшлі», — расказаў доктар-нэўроляг Руслан Бадамшын.

У сям’і Руслана Бадамшына двое дзяцей, 9 і 6 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG