Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад вызначыў, у каго дзяржорганы могуць набываць паслугі кібэрбясьпекі. У сьпісе — кампанія, заснаваная Юрыем Зісерам


Архіўнае ілюстрацыйнае фота
Архіўнае ілюстрацыйнае фота

28 лютага набывае сілу пастанова беларускага ўраду ад 23 лютага № 120, якая вызначыла пералік арганізацый, у якіх дзяржаўныя органы і іншыя дзяржаўныя арганізацыі маюць права набываць паслугі для забесьпячэньня кібэрбясьпекі з ужываньнем працэдуры закупкі з адной крыніцы, піша «Позірк».

У пералік уключылі ўсяго тры арганізацыі:

  • РУП «Нацыянальны цэнтар абмену трафікам»,
  • ТАА «Надзейныя праграмы»,
  • ТАА «Сек’юрыці Лаб».

Заснавальнікам «Нацыянальнага цэнтру абмену трафікам» зьяўляецца Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры Лукашэнку.

ТАА «Надзейныя праграмы» (hoster.by) — правайдэр воблачных рашэньняў і хостынгу, тэхнічны адміністратар дамэнаў .BY і .БЕЛ (да 2022 году адміністравала гэтыя даменныя зоны), адзіны ў Беларусі акрэдытаваны інтэрнэт-карпарацыяй па прысваенні імёнаў і нумароў ICANN рэгістратар міжнародных дамэнаў. Кампанію ў 1992 годзе заснаваў Юры Зісер, сузаснавальнік зьнішчанага ўладамі Беларусі парталу Tut.by. Дырэктара hoster.by Сяргея Павалішава з 18 траўня па 1 верасьня 2021 году ўтрымлівалі ў СІЗА як абвінавачага па «справе Tut.by».

ТАА «Сек’юрыці Лаб» спэцыялізуецца на паслугах у галіне інфармацыйнай бясьпекі, сэртыфікацыі і дэкляраваньня сродкаў абароны інфармацыі, распрацоўкі і тэставаньня праграм і інш. Кампанію стварылі ў чэрвені 2019 году, у кастрычніку 2020-га прынялі ў Парк высокіх тэхналёгіяў. Прынамсі ў пачатку працы кампаніі яе дырэктарам быў Павал Шастак. Мяркуючы па сацсетках, яму 41 год, ён — выпускнік Вайсковай акадэміі, Інстытуту турызму і Акадэміі кіраваньня, прыхільнік Уладзіміра Пуціна, заўважыў «Белсат».

Таксама пастановай ураду вызначаны пералік дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, якія ствараюць цэнтры забесьпячэньня кібэрбясьпекі і рэагаваньня на кібэрінцыдэнты аб’ектаў інфармацыйнай інфраструктуры і набываюць паслугі ў галіне кібэрбясьпекі ў арганізацый, якія стварылі такія цэнтры. У сьпісе 124 пазыцыі, у тым ліку Камітэт дзяржаўнага кантролю, Нацбанк, Сьледчы камітэт, Міністэрства адукацыі, Дзяржаўны мытны камітэт.

  • Інтэрнэт-рэсурсы і кампутарныя сеткі дзяржаўных арганізацый сталі аб’ектамі кібэратак пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. У многіх выпадках адказнасьць за ўзломы і псаваньне сыстэм бралі на сябе «Кібэрпартызаны» — група ананімных хакераў, вядомая атакамі на сайты беларускіх сілавых структур, дзяржаўных установаў і СМІ, разьмяшчэньнем у адкрытым доступе службовай і сакрэтнай інфармацыі.
  • 25 кастрычніка 2022 году на нарадзе па тэме кібэрбясьпекі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што дадатковых цэнтраў і структур па «максымальным супрацьдзеяньні кібэратакам» на аб’екты Беларусі ствараць ня будуць.
  • 19 траўня 2022 году кіраўнік структурнага падразьдзяленьня ААЦ Яўген Ліплянін заявіў на міжнародным форуме «#GBC (Дзяржава. Бізнэс. Грамадзяне)», што залогам посьпеху кібэратак зьяўляецца адсутнасьць «атэставаных сыстэм абароны» ў інтэрнэт-рэсурсаў дзяржаўных кампаній і органаў, невыкананьне адміністратарамі сайтаў патрабаваньняў заканадаўства, «разгільдзяйства і халатнасьць» адказных за інфармацыйную бясьпеку, а таксама ўзьдзеяньне «ўнутранага парушальніка» — спэцыяліста, які меў доступ да сайтаў дзяржаўных арганізацый або валодаў інфармацыяй аб іх сыстэмах бясьпекі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG