Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што спадзяецца на спыненьне агню ў канфлікце паміж Ізраілем і ХАМАС у Газе да наступнага панядзелка, паколькі варагуючыя бакі нібыта дасягнулі пагадненьня падчас перамоваў у Катары, якія таксама накіраваны на вызваленьне закладнікаў, паведамляе Reuters.
Прысутнасьць абодвух бакоў на непрамых перамовах — сустрэчы адбыліся з пасярэднікамі паасобку, але ў адным горадзе — сьведчыць пра тое, што перамовы зайшлі далей, чым калі-небудзь пасьля спробы ў пачатку лютага, калі Ізраіль адхіліў сустрэчную прапанову ХАМАС аб замірэньні на 4,5 месяца.
Байдэн выказаў надзею, што спыненьне агню пачнецца празь некалькі дзён.
«Мой дарадца ў нацыянальнай бясьпецы кажа мне, што мы блізкія. Мы блізкія. Мы яшчэ ня скончылі. Я спадзяюся, што да наступнага панядзелка ў нас будзе спыненьне агню», — сказаў Байдэн журналістам падчас візыту ў Нью-Ёрк.
Афіцыйны прадстаўнік ЗША сказаў, што ўдзельнікі перамоваў з ЗША ўпарта дамагаліся пагадненьня аб вызваленьні закладнікаў да пачатку Рамазану 10 сакавіка, і вышэйшыя службовыя асобы ЗША працавалі над гэтым пытаньнем на мінулым тыдні.
Публічна Ізраіль і ХАМАС працягвалі займаць розныя пазыцыі адносна магчымага замірэньня, вінавацячы адзін аднаго ў затрымках.
Ісмаіл Ханія, кіраўнік ХАМАС, заявіў, што яго група прыклала намаганьні, каб знайсьці канец вайне, і абвінаваціў Ізраіль у прамаруджваньні, пакуль жыхары Газы паміраюць у аблозе.
Прэмʼер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу заявіў, што Ізраіль гатовы да пагадненьня і ХАМАС павінен адмовіцца ад патрабаваньняў, якія ён назваў «зь іншай плянэты».
«Відавочна, што мы хочам гэтага пагадненьня, калі мы можам яго дасягнуць. Гэта залежыць ад ХАМАС. Цяпер гэта сапраўды іх рашэньне», — сказаў ён амэрыканскай сетцы Fox News.