Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраільскія вайскоўцы прапануюць «плян эвакуацыі» цывільнага насельніцтва Газы, — Нэтаньягу


Прэмʼер-міністар Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу
Прэмʼер-міністар Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу

Узброеныя сілы Ізраілю прапанавалі плян эвакуацыі цывільных жыхароў з сэктару Газа, аб’явіў офіс прэмʼер-міністра Бэньяміна Нэтаньягу 26 лютага.

Узброеныя сілы Ізраілю прапанавалі плян эвакуацыі цывільных жыхароў з сэктару Газа, аб’явіў офіс прэмʼер-міністра Бэньяміна Нэтаньягу 26 лютага. Перад гэтым Нэтаньягу заявіў, што наземнае ўварваньне ў горад Рафах на поўдні палестынскай тэрыторыі неабходнае для «поўнай перамогі».

«[Ізраільскае войска] прадставіла вайсковаму кабінэту плян эвакуацыі насельніцтва з раёнаў баявых дзеяньняў у сэктары Газа з маючым адбыцца апэратыўным плянам», — гаворыцца ў паведамленьні.

Як паведаміў офіс Нэтаньягу, таксама ўхвалены плян гуманітарнай дапамогі. Падрабязнасьцяў, у прыватнасьці пра тое, куды прапануюць эвакуаваць людзей, у паведамленьні няма.

Замежныя ўрады і гуманітарныя арганізацыі неаднаразова выказвалі асьцярогі, што апэрацыя ў Рафаху прывядзе да масавых ахвяр сярод цывільнага насельніцтва. Больш за 1,4 мільёна палестынцаў — большасьць з іх перамешчаныя зь іншых месцаў — сабраліся ў Рафаху, апошнім горадзе сэктару Газа, у які пакуль не заходзілі сухапутныя войскі Ізраілю.
Гэты горад таксама зьяўляецца пунктам для паступленьня вельмі неабходнай дапамогі праз суседні Эгіпет.

Напярэдадні Нэтаньягу заявіў, што войска Ізраіля зьменіць тэрміны правядзеньня ваеннай апэрацыі ў горадзе Рафах у выпадку, «калі дасягне пагадненьня з групоўкай ХАМАС (прызнанай тэрарыстычнай у ЭЗ і ЗША) у вызваленьні закладнікаў».

«Калі мы дасягнем пагадненьня, яна (апэрацыя. — Рэд.) будзе курыху адтэрмінаваная. Але гэта адбудзецца. Калі нам не атрымаецца дамовіцца, мы ўсё роўна зробім гэта», — заявіў прэмʼер-міністар Ізраілю.

Паводле яго, «Ізраіль атрымае перамогу ў вайне з ХАМАС празь некалькі тыдняў пасьля пачатку ваеннай апэрацыі ў Рафаху». Ён таксама падкрэсьліў, што «ў горадзе знаходзяцца чатыры з шасьці батальёнаў баевікоў, якія засталіся».

Нэтаньягу ўдакладніў, што «бакі вядуць перамовы пра абмен закладнікамі», але не прывёў дэталяў.

Раней міністар ізраільскага вайсковага кабінэта Бэні Ганц папярэдзіў, што калі групоўка ХАМАС ня вызваліць усіх закладнікаў, якія зьмяшчаюцца ў сэктары Газа, Ізраіль 10 сакавіка пачне штурм гораду Рафах.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
  • Ахвяры: па стане на 19 лютага 2024 году каля 1160 чалавек у Ізраілі, у асноўным мірных жыхароў, паводле зьвестак AFP на падставе ізраільскіх лічбаў. Баевікі ў першы дзень вайны захапілі каля 250 закладнікаў, 130 зь якіх застаюцца ў Газе, у тым ліку 30 меркавана загінуўшых, паводле зьвестак Ізраіля.

    Міністэрства аховы здароўя Газы паведамляе, што ў выніку ізраільскай ваеннай кампаніі загінулі як мінімум 28 985 чалавек, пераважна жанчыны і дзеці.

  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG