Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Харчовая праграма ААН прыпыніла працу ў сэктары Газа з прычыны марадэрства і нападаў на супрацоўнікаў


Раздача харчоў у сэктары Газа
Раздача харчоў у сэктары Газа

Сусьветная харчовая праграма ААН прыпыняе раздачу прадуктаў у сэктары Газа. Пра гэта паведаміла кіраўніца праграмы Сіндзі Макейн. Прычынай сталі выпадкі марадэрства і нападаў на супрацоўнікаў праграмы з боку жыхароў сэктара.

У заяве праграмы сказана, што ў мінулую нядзелю грузавікі, якія везьлі харчы для раздачы ўцекачам, у КПП Вадзі-Газа былі акружаныя натоўпамі галодных людзей, якія спрабавалі разрабаваць груз. Яны пачалі страляць. У панядзелак яшчэ адзін канвой грузавікоў, які вёз харчы на поўнач сэктара, быў спынены і разрабаваны. Аднаго з кіроўцаў пабілі. Нават там, дзе супрацоўнікам удаецца раздаць харчы, адбываюцца сутычкі, зазначаецца ў заяве. Умовы раздачы харчовай дапамогі ў Газе ахарактарызаваныя як «поўны хаос і каляпс грамадзкага парадку».

Сусьветная харчовая праграма ААН прыняла рашэньне часова прыпыніць дастаўку харчовай дапамогі ў сэктар, паколькі ня можа гарантаваць бясьпеку ні сваіх супрацоўнікаў, ні тых, хто прыходзіць атрымліваць бясплатныя харчы. У ведамстве паабяцалі, што будуць шукаць шляхі, каб як мага хутчэй аднавіць пастаўкі больш бясьпечным спосабам. Для гэтага, лічаць у Сусьветнай харчовай праграме ААН, неабходна шматразова павялічыць аб’ём харчовай дапамогі, адкрыць дадатковыя КПП на межах сэктара, стабілізаваць сувязь і бясьпеку ў рэгіёне.

Сусьветная харчовая праграма ААН аказвае гуманітарную дапамогу прыкладна 1,4 мільёна палестынцаў у сэктары Газа і на Заходнім беразе ракі Ярдан. Дапамога ўключае ў сябе як грошы, так і раздачу бясплатных прадуктаў.

Пасьля пачатку ізраільскай ваеннай апэрацыі супраць радыкальнай групоўкі ХАМАС, прызнанай тэрарыстычнай у ЗША і ЭЗ, у сэктары Газа патрэбы ў гуманітарнай дапамозе прыкметна вырасьлі, а магчымасьці яе даставіць звузіліся. Па падліках The Guardian, абʼёмы дапамогі ў сэктары Газа пасьля пачатку вайны Ізраілю супраць ХАМАС упалі на 80%. Міжнародныя агенцтвы неаднаразова папярэджвалі, што сэктар Газа на мяжы гуманітарнай катастрофы, ёсьць прамая пагроза голаду і эпідэмій.

Ізраіль пачаў наземную апэрацыю ў сэктары Газа ў адказ на напад ХАМАС на поўдзень Ізраілю 7 кастрычніка летась. Тады ад рук джыхадыстаў загінулі больш за 1200 чалавек, больш за 250 былі захопленыя ў закладнікі і вывезеныя ў сэктар Газа.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG