Расея ў ноч на 26 лютага нанесла ўдары па Харкаўскай і Днепрапятроўскай абласьцях.
Паветраныя сілы Ўкраіны паведамілі аб расейскай атацы ракетамі і баявымі дронамі.
Расейцы цэляць у ангары з збожжам і жылы сэктар. Ёсьць ахвяры
Расейскія войскі безь перапынку атакуюць Харкаўскую вобласьць — у выніку артылерыйскіх і мінамётных удараў пацярпелі 15 населеных пунктаў вобласьці.
У Чугуеўскім раёне два дроны ўдарылі па тэрыторыі базы адпачынку, але яна ўжо не працавала. У пасёлку Пісочын у выніку ўдараў бесьпілётнікамі ў два ангары са збожжам пашкоджана тэхніка і грузавыя аўтамабілі. Яшчэ ў некалькіх населеных пунктах расейцы пацэлілі ў прыватныя дамы. Улады сьцьвярджаюць, што ахвяр няма.
У Днепрапятроўскай вобласьці пасьля абстрэлаў бяз вокнаў засталіся тры пяціпавярховыя будынкі, пашкоджаньні атрымалі некалькі вытворчых памяшканьняў.
У Нікапалі гарэла прадпрыемства.
Ад абстрэлу ўвечары 25 лютага ў абласным цэнтры пацярпелі 10 прыватных дамоў і некалькі аўтамабіляў. У выніку шпіталізавалі чатырох чалавек.
Па поўначы Ўкраіны — Сумскай вобласьці — расейцы нанесьлі авіяцыйны ўдар. Абласныя ўлады паведамілі, што ў Юнакаўскай грамадзе загінулі двое — муж і жонка, якія знаходзіліся ў сваім доме падчас абстрэлу.
Паветраныя сілы Ўкраіны: Расея выкарыстала супраць мірных жыхароў 14 дронаў
У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што ў ноч на 26 лютага Расея запусьціла па ўкраінскіх гарадах 14 ударных бесьпілётнікаў, адну балістычную ракету «Іскандэр-М», дзьве ракеты С-300 і тры кіраваныя авіяракеты Х-59.
Сілы супрацьпаветранай абароны змаглі зьнішчыць 9 дронаў і тры авіяцыйныя ракеты ў межах Харкаўскай і Днепрапятроўскай абласьцей.
На фронце адбылося каля ста баявых сутыкненьняў
У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі, што за мінулыя содні ўкраінскія войскі адбілі 6 атак расейцаў на купянскім кірунку (Харкаўская вобласьць), 5 — на ліманскім, 8 — на бахмуцкім і 25 — на аўдзееўскім кірунках.
На запароскім кірунку расейцы не спыняюць штурмаў Рабоціна і левабярэжжа ў Херсонскай вобласьці.
Усяго, паводле ўкраінскага боку, на франтавых лініях адбылося 95 баявых сутыкненьняў.
У Расеі абвінавацілі Ўкраіну ў абстрэлах Белгарадзкай вобласьці
Губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў заявіў, што Ўкраіна 25 лютага абстраляла з артылерыі і дронамі некалькі раёнаў рэгіёну.
Паводле яго, сродкі супрацьпаветранай абароны Расеі адбілі паветраную атаку Ўзброеных сіл Украіны. Вячаслаў Гладкоў сьцьвярджае, што ў выніку падзеньня аскепкаў пацярпелі прыватныя дамы, але абышлося без чалавечых ахвяр.
У Шабекінскай гарадзкой акрузе праблемы з энэргазабесьпячэньнем пасьля пападаньня ў лінію электраперадач.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.