Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Марудна хадзіў, цяжка дыхаў». Былы вязень расказаў пра стан Ігара Ледніка, які памёр у калёніі


 Ігар Леднік, архіўнае фота
Ігар Леднік, архіўнае фота

Разьвітаньне зь Ігарам Леднікам адбудзецца ў Барысаве 22 лютага. Свабода пагутарыла з былым палітвязьнем Аляксеем Галоўкіным, які сустракаў Ледніка ў бабруйскай калёніі.

Аляксей Галоўкін трапіў у бабруйскую калёнію паводле шэрагу палітычных артыкулаў. Ён сам мае інваліднасьць, хварэе на гемафілію, дрэнна ходзіць і мае праблемы з суставамі.

Аляксей вызваліўся ў жніўні 2023 году. У калёніі ён перасякаўся зь Ігарам Леднікам, зь якім пазнаёміўся ўвесну 2023 году ў мэдсанчастцы. Туды Аляксей трапіў пасьля этапу, бо меў нізкі ўзровень гемаглябіну, частыя крывацёкі. Разам зь Ігарам Леднікам яны правялі ў санчастцы каля дзесяці дзён.

«Ён шмат разоў казаў, што ў яго пагаршаецца стан здароўя. Але меў надзею, што яго перавядуць у рэспубліканскі шпіталь. Яму абяцалі, але, напэўна, гэтага ня здарылася», — кажа Аляксей.

Паводле назіраньняў суразмоўцы, фізычны стан Ігара Ледніка быў вельмі благім.

«Ён марудна хадзіў, зь цяжкасьцю дыхаў, скардзіўся на сэрца. Пасьля апэрацыі ў Ігара была каластома (штучны кішэчны ход, які робіць хірург пры пэўных паказаньнях, каб выводзіць праз жывот кал з арганізму. — РС), стаяў калапрыёмнік. Але пры гэтым яму не давалі схадзіць у душ», — кажа былы вязень.

Па словах суразмоўцы, у душ Ігара не пускалі «казлы» — так званыя асуджаныя, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй калёніі. Не вадзілі Ледніка і на «атаварку». Гэтым займаецца начальнік атраду.

«Душ адзін раз на тыдзень — гэта стандарт. Але, улічваючы стан чалавека ці „добры настрой“ „казлоў“, можна было зь імі дамовіцца мыцца хоць штодзень. Але для гэтага трэба быць пэдафілам, забойцам, рабаўніком, а не пісаць артыкулы пра Лукашэнку», — зазначыў былы вязень.

Спадзяваўся на дапамогу да апошняга

Нягледзячы на цяжкі стан, Ігар Леднік, паводле Аляксея, заўсёды ўсьміхаўся.

«Ён выказваўся, што калі яму не акажуць дапамогу, то ён можа памерці ў калёніі. Ён вельмі чакаў, што яго перавядуць у шпіталь і пачнуць лячыць», — кажа Аляксей.

Былы палітвязень зазначае, што адміністрацыя калёніі можа моцна ціснуць на хворых вязьняў, а калі іхны стан здароўя становіцца крытычным, пачынаюць ратаваць. Ён тлумачыць, што ў калёніі ёсьць як цывільныя лекары, так і лекары-міліцыянты.

«Цывільныя трапляюцца розныя. Ёсьць і адэкватныя. А міліцыянты, хоць і лекары — усе аднолькавыя. У іх на лбе напісана: „Каб вы тут усе здохлі“», — перакананы былы зьняволены.

Свой тэрмін Аляксей адбываў у атрадзе людзей з інваліднасьцю. Ён сьцьвярджае, што пры ім было больш за дзесяць сьмерцяў вязьняў.

«Сардэчныя прыступы, рак, запаленьне лёгкіх. Некага нават пасьпявалі адпусьціць дахаты, каб там памёр. Ці сплаўлялі ў цывільны шпіталь, у апошні момант выклікаючы „хуткую“», — кажа Аляксей.

Суразмоўца прыгадвае выпадкі сьмерцяў у бабруйскай калёніі.

«Чалавек скардзіўся на сэрца. Пастаянна. Вадзілі ў санчастку, давалі таблеткі. Паклалі ў санчастку. Трохі стала лепш яму — выпісалі. Выходзіць з санчасткі і падае, проста на парозе. Памёр. Пажылы вязень схадзіў у краму, вяртаецца з торбай і падае пад акном. Памёр. У другога пачаліся праблемы з нагамі. Адну адрэзалі, другую. Пасьля другой ампутацыі памер у санчастцы. Яшчэ адзін быў у атрадзе, ноччу ёрзаў і стагнаў. Раніцай ужо ня дыхаў. Яшчэ аднаго адпусьцілі дахаты на апошняй стадыі анкалёгіі. Праз пару дзён памёр, дома», — пералічыў былы вязень.

Ігара Ледніка затрымалі 12 красавіка 2022 году і асудзілі на 3 гады зьняволеньня паводле арт. 367 за нібыта паклёп на Лукашэнку ў публікацыі ў партыйным часопісе БСДП «Пазыцыя».

У турме стан яго здароўя істотна пагоршыўся, яму зрабілі апэрацыю на страўнікава-кішачным тракце. Апроч гэтага, Ігар меў інваліднасьць 2-й групы з прычыны праблем з сэрцам.

Профіль Ігара Ледніка ў Facebook улады прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Як пішуць аднапартыйцы, Ігар Леднік актыўна выступаў за ліквідацыю «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі і лічыў, што Будапэшцкі мэмарандум быў парушаны ў Беларусі пасьля разгону Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, што прывяло да ўсталяваньня ў Беларусі дыктатуры, збліжэньня яе з Расеяй і падрыву эўрапейскай бясьпекі ў рэгіёне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG