Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы пра сьмерць Ледніка: гэта наступства дзяржаўнай палітыкі бесчалавечнага абыходжаньня зь вязьнямі


Ігар Леднік, архіўнае фота
Ігар Леднік, архіўнае фота

Ігар Леднік меў другую групу інваліднасьці. Па стане на пачатак 2024 году, сярод палітвязьняў было ня менш за 48 пэнсіянэраў і 42 чалавекі з інваліднасьцю і цяжкімі хваробамі.

Беларускія праваабаронцы выступілі з заявай з нагоды сьмерці палітвязьня Ігара Ледніка, пятай па ліку за апошні час.

20 лютага 2024 году ў Менскай раённай лякарні памёр 63-гадовы палітвязень Ігар Леднік. Яго даставілі туды з бабруйскай калёніі, дзе адбываў пакараньне. Мэдыкі спрабавалі яго рэанімаваць, але беспасьпяхова. Ігар Леднік меў 2-ю групу інваліднасьці праз хваробу сэрца, а таксама іншыя хранічныя захворваньні. У зьняволеньні стан яго здароўя істотна пагоршыўся, яму была зробленая апэрацыя на страўнікава-кішачным тракце.

25 траўня 2022 года Ігара Ледніка прызналі палітычным зьняволеным.

Праваабарончая супольнасць Беларусі піша, што на гэты момант афіцыйная прычына сьмерці Ігара Ледніка ды іншыя абставіны з пэўнасьцю не вядомыя.

«Пэнітэнцыярная сыстэма чарговы раз паказала сваю суцэльную непразрыстасьць і закрытасьць ад грамадзтва, нават у пытаньнях жыцьця і сьмерці. Кожны дзень тысячы зьняволеных у беларускіх турмах пакутуюць праз парушэньні права на жыцьцё і права на ахову здароўя, гарантаваных як міжнароднымі абавязаньнямі Беларусі, так і Канстытуцыяй».

Праваабаронцы паведамляюць аб адсутнасьці ў папраўчых установах належнага мэдычнага агляду, адпаведных умоў і абсталяваньня, кваліфікаванага мэдычнага пэрсаналу, а таксама аб рэгулярным не аказаньні мэдычнай дапамогі.

«Акрамя таго, утрыманьне некаторых палітвязьняў ва ўмовах incommunicado (бяз сувязі з роднымі і адвакатамі) ставіць пад сумнеў здавальняючы стан іх здароўя і зьяўляецца недапушчальнай практыкай, якая парушае правы чалавека».

Праваабаронцы нагадваюць, што сьмерць Ігара Ледніка — пятая за апошні час сьмерць палітвязьня ў беларускіх папраўчых установах.

Палітвязьні, якія загінулі за кратамі пасьля 2020 году
Палітвязьні, якія загінулі за кратамі пасьля 2020 году

«У сувязі з чарговай сьмерцю палітычнага зьняволенага ў Беларусі мы нагадваем беларускім уладам аб міжнародных абавязаньнях у галіне правоў чалавека. Так, артыкулам 6 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах замацавана, што „права на жыцьцё зьяўляецца неад’емным правам кожнага чалавека“. Артыкул 6 Пакту гарантуе гэтае права ўсім людзям, без аніякага адрозьненьня, уключна з асобамі, якія падазраюцца або асуджаныя ў сувязі з нават самымі цяжкімі злачынствамі. Права на жыцьцё ня можа быць рэалізаванае належным чынам пры ігнараваньні права зьняволеных на здароўе».

Праваабаронцы пішуць, што сытуацыя пагаршаецца практыкай адвольнага зьняволеньня: акрамя агульнага ігнараваньня меркаваньняў неабходнасьці і сувымернасьці пры вынясеньні прысудаў, судзьдзі часьцяком не прымаюць пад увагу стан здароўя абвінавачаных, прызначаюць сурʼёзныя санкцыі, зьвязаныя з пазбаўленьнем волі, за «злачынствы», якія па сутнасьці зьяўляюцца рэалізацыяй правоў чалавека.

«У выніку ў беларускіх турмах апынаюцца людзі з уразьлівых сацыяльных груп, для якіх зьняволеньне — яшчэ большае выпрабаваньне, чым для іншых. Па стане на пачатак 2024 году, сярод палітвязьняў было ня менш за 48 пэнсіянэраў (у 2 разы больш, чым у 2022 годзе), а таксама ня менш за 42 чалавекі з інваліднасьцю і цяжкімі захворваньнямі.

Больш за тое, цалкам відавочна, што ўжо пятая сьмерць палітвязьня ў месцах пазбаўленьня волі за такі кароткі час ад неаказаньня належнай мэдычнай дапамогі зьяўляецца наступствам сыстэмнай дзяржаўнай палітыкі бесчалавечнага абыходжаньня зь людзьмі, заснаванага на палітычных матывах».

Прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасьці патрабуюць ад беларускіх уладаў:

  • ад Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь і Сьледчага камітэта Рэспублікі Беларусь — распачаць крымінальную справу па факце сьмерці Ігара Ледніка, правесьці абʼектыўнае і ўсебаковае расьсьледаваньне для высьвятленьня прычын гэтай трагедыі і праінфармаваць грамадзкасьць аб яго выніках;
  • праінфармаваць грамадзкасьць аб выніках расьсьледаваньня сьмерцяў іншых палітычных зьняволеных у беларускіх турмах — Вітольда Ашурка, Мікалая Клімовіча, Алеся Пушкіна і Вадзіма Храсько;
  • зрабіць праверку па ўсіх выпадках парушэньня права на ахову здароўя ў месцах пазбаўленьня волі і прыняць адпаведныя меры для прыцягненьня вінаватых да адказнасьці дзеля недапушчэньня падобных трагічных наступстваў у будучыні;
  • забясьпечыць належную мэдычную дапамогу ў месцах пазбаўленьня волі, уключна з наяўнасьцю кваліфікаванага мэдычнага пэрсаналу і адпаведнага абсталяваньня;
  • ад супрацоўнікаў пэнітэнцыярных устаноў, іншых дзяржаўных устаноў, якія ажыцьцяўляюць прымусовую ізаляцыю (ІЧУ, ЦІП, СІЗА ды інш.), ды іх кіраўніцтва выкананьня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародных абавязаньняў у забесьпячэньні аховы жыцьця і здароўя асоб, якія пазбаўлены волі і знаходзяцца ў ізаляцыі, апэратыўна рэагаваць на скаргі зьняволеных, зьвязаных са здароўем, прымаць тэрміновыя захады для іх разгляду.

Заяву падпісалі

  • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • Respect-Protect-Fulfill
  • Офіс правоў людзей з інваліднасьцю
  • «Прававая ініцыятыва»
  • Lawtrend
  • Праваабарончы цэнтар «Вясна»
  • Беларускі ПЭН
  • Human Constanta
  • Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звоскава
  • Фонд мэдычнай салідарнасьці Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG