Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЭЗ пасьля сьмерці Ігара Ледніка заявілі, што беларускі рэжым будзе прыцягнуты да адказнасьці


Ігар Леднік, архіўнае фота
Ігар Леднік, архіўнае фота

Рэжым Лукашэнкі ня першы год ігнаруе патрабаваньні Эўразьвязу вызваліць палітвязьняў.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі нясе адказнасьць за жыцьцё і здароўе палітвязьняў, заявіў афіцыйны прадстаўнік Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Пэтэр Стана ў сувязі са сьмерцю Ігара Ледніка.

«Беларусь: трагічная сьмерць Ігара Ледніка ў турме паказвае нечалавечы маштаб рэпрэсіяў Лукашэнкі. У Беларусі больш за 1400 палітычных зьняволеных, зь імі жорстка абыходзяцца ці пазбаўляюць мэдыцынскай дапамогі», – адзначыў Стана.

Паводле яго, беларускі рэжым будзе прыцягнуты да адказнасьці.

Вызваленьня ўсіх зьняволеных з палітычных матываў запатрабаваў дэпутат Бундэстагу, кіраўнік парлямэнцкай групы «За дэмакратычную Беларусь» Робін Вагенэр, які зьяўляецца таксама галоўнай кантактнай асобай ураду Нямеччыны для прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці дзьвюх краін — Беларусі і Расеі — у выгнаньні.

«У Беларусі памёр Ігар Леднік, яшчэ адзін палітвязень. Падставай для яго арышту стаў крытычны артыкул. У Ледніка было хворае сэрца. Яго ўтрыманьне ў турме было недапушчальным. Я ў думках зь ягонымі блізкімі», — напісаў Вагенэр у Х.

20 лютага ў зьняволеньні на 64-м годзе жыцьця памёр былы сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), грамадзкі актывіст і журналіст Ігар Леднік. Гэта пятая сьмерць палітвязьня за кратамі, пра якую дакладна вядома.

Ігара Ледніка затрымалі 12 красавіка 2022 году і асудзілі на 3 гады зьняволеньня паводле арт. 367 за нібыта паклёп на Лукашэнку ў ягонай публікацыі ў партыйным часопісе БСДП «Пазыцыя».

У турме стан яго здароўя істотна пагоршыўся, яму зрабілі апэрацыю на страўнікава-кішачным тракце. Апроч гэтага, Ігар меў інваліднасьць 2-й групы з прычыны праблем з сэрцам.

Профіль Ігара Ледніка ў «Фэйсбуку» ўлады прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Як пішуць аднапартыйцы, Ігар Леднік актыўна выступаў за ліквідацыю «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі і лічыў, што Будапэшцкі мэмарандум быў парушаны ў Беларусі пасьля разгону Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, што прывяло да ўсталяваньня ў Беларусі дыктатуры, збліжэньня яе з Расеяй і падрыву эўрапейскай бясьпекі ў рэгіёне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG