Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад Соні Гандзі да Сьвятланы Ціханоўскай і Юліі Навальнай. Гісторыі жонак палітыкаў, якія працягнулі справу мужоў


Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская і ўдава расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага Юлія Навальная
Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская і ўдава расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага Юлія Навальная

Пасьля гібелі расейскага апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага ягоная ўдава Юлія паабяцала працягнуць справу мужа.

Расейская служба ВВС сабрала 8 самых вядомых прыкладаў з сучаснай гісторыі, калі жанчыны займалі палітычнае месца сваіх мужоў. Там і гісторыя лідэркі дэмакратычных сілаў Сьвятланы Ціханоўскай. Пераказваем публікацыю ў скароце.

Карэта Скот Кінг

Карэта Скот Кінг з мужам
Карэта Скот Кінг з мужам

Карэта Кінг вядомая як жонка Марціна Лютэра Кінга. Калі ён заняў пасаду пастара баптысцкай царквы, Карэта падтрымлівала мужа ў ягонай барацьбе за грамадзянскія правы афраамэрыканцаў у Алабаме, а потым і па ўсёй краіне. У той жа час яна адкрыта крытыкавала той факт, што жанчыны фактычна былі адхіленыя ад дзейнасьці ў ягоным руху.

Калі 4 красавіка 1968 году яе мужа забілі, Карэта працягнула ягоную справу. Упершыню яна ўзяла ўдзел у дэманстрацыі ўсяго празь некалькі дзён пасьля пахаваньня мужа. Карэта Кінг падтрымлівала жаночыя рухі і падарожнічала па ўсім сьвеце, чытаючы лекцыі пра расізм і эканамічныя праблемы ў ЗША. Яна адкрыта выказвала абурэньне вайной у Віетнаме, таму некалькі гадоў была пад назіраньнем ФБР.

Пазьней яна заснавала цэнтар імя нябожчыка мужа, мэтай якога было і застаецца захоўваньне і вывучэньне ягонай спадчыны, і нават заснавала Дзень Марціна Лютэра Кінга, які стаў агульнанацыянальным выходным. Пазьней яна перадала кіраваньне цэнтрам свайму сыну, але працавала ў ім і далей.

Соня Гандзі

Соня Гандзі
Соня Гандзі

Яе муж Раджыў Гандзі ў 1984 годзе стаў прэм’ерам Індыі. Соня не хацела, каб ён займаўся палітыкай, але мусіла зьмірыцца. Раджыў быў забіты ў 1991 годзе падчас перадвыбарчай кампаніі. Спачатку Соня Гандзі адмовілася ўдзельнічаць у выбарах 1996 году, але пазьней зьмяніла пазыцыю і ўзяла ўдзел у перадвыбарнай кампаніі 1998 году. Палітычныя аглядальнікі лічаць, што гэтае рашэньне было зьвязанае, сярод іншага, з жаданьнем пакінуць чыстым імя нябожчыка мужа і забясьпечыць палітычную будучыню сына — Рахула.

У 1998 годзе Cоню Гандзі абралі прэзыдэнткай партыі Індыйскі нацыянальны кангрэс. Гэта быў няпросты час: два ранейшыя лідэры партыі — Індзіра Гандзі і яе сын, Сонін муж Раджыў — сталі ахвярамі палітычных забойстваў, а сама партыя пацярпела цяжкую паразу на выбарах у ніжнюю палату парлямэнту краіны. Але Соня ў сваёй працы перасягнула большасьць чаканьняў.

Карасон Акіна

Карасон Акіна
Карасон Акіна

Карасон Акіна стала прэзыдэнткай Філіпінаў у 1986 годзе, калі ў выніку народнага паўстаньня быў зрынуты Фэрдынанд Маркас. Яна прыйшла да ўлады на хвалі актыўных выступаў супраць ягонага кіраваньня, збольшага выкліканых забойствам яе мужа, лідэра апазыцыі Бэніньё Акіна, у 1983 годзе. Яе мелі за простую і глыбока рэлігійную хатнюю гаспадыню, бо на працягу ўсёй карʼеры мужа Карасон Акіна заставалася ў цені, выхоўваючы пяцёх дзяцей. Таму шмат хто ня верыў у яе пэрспэктывы.

Тым ня менш на выбарах яна перамагла. На Філіпінах і ва ўсім сьвеце гэта сустрэлі з эўфарыяй. Яе прызналі жанчынай году па вэрсіі часопіса Time, вылучылі на Нобэлеўскую прэмію міру, яна атрымала прэмію Элеаноры Рузвэльт у галіне правоў чалавека, срэбны мэдаль ААН і Канадзкую міжнародную прэмію за свабоду.

За гады яе праўленьня ў краіне было некалькі спробаў дзяржаўнага перавароту, але яна выстаяла, абараніўшы дэмакратыю і вызваліўшы палітвязьняў.

Cьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Да выбараў прэзыдэнта Беларусі 2020 году Сьвятлана Ціханоўская была перакладчыцай, але падзеі 2020 году радыкальна зьмянілі яе жыцьцё. Яна зарэгістравала сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах толькі таму, што яе мужа, прадпрымальніка і блогера Сяргея Ціханоўскага, да іх не дапусьцілі. Цяпер Ціханоўскі адбывае 18-гадовы тэрмін у калёніі.

Хоць афіцыйна пераможцам выбараў быў названы Аляксандар Лукашэнка, ЭЗ, ЗША, Вялікая Брытанія і шэраг іншых краін не прызналі афіцыйныя вынікі выбараў. Шматлікія паведамленьні пра фальсыфікацыі на ўсіх узроўнях прывялі да самых масавых у гісторыі Беларусі пратэстаў і беспрэцэдэнтнага ўзроўню гвалту ўладаў і ціску сілавікоў на незадаволеных.

Пасьля гэтага Ціханоўская пад ціскам беларускіх уладаў вымушана зьехала ў Літву і стала лідэрам апазыцыі ў выгнаньні. У сакавіку 2023 году Ціханоўскай завочна прысудзілі ў Менску 15 гадоў пазбаўленьня волі па цэлым шэрагу цяжкіх артыкулаў, уключаючы дзяржаўную здраду.

Ісабэль Пэрон

Ісабэль Пэрон
Ісабэль Пэрон

Трэцяя жонка прэзыдэнта Аргентыны Хуана-Дамінга Пэрона — Марыя Эстэля Мартынэс Картэс на пачатку сваёй карʼеры была танцоркай і прыняла ў якасьці сцэнічнага імя імя сваёй сьвятой — Ісабэль. З будучым мужам яна пазнаёмілася ў Панаме, дзе палітык жыў у выгнаньні, пасьля таго як быў скінуты ў выніку вайсковага перавароту. У 1973 годзе Пэрон вярнуўся ў Аргентыну і вылучыў сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах разам з Ісабэль у якасьці свайго віцэ-прэзыдэнта.

Ісабэль Пэрон прызначылі прэзыдэнткай у ліпені 1974 году, пасьля сьмерці мужа. Яна стала першай у сьвеце жанчынай-прэзыдэнткай дзяржавы, хоць і не перамагала на ўсеагульных выбарах.

Пазьней да ўлады прыйшла вайсковая хунта, якая адхіліла Ісабэль і зьмясьціла яе пад хатні арышт аж да 1981 году. Пасьля вызваленьня Ісабэль зьехала ў Гішпанію, дзе жыве і дагэтуль.

Сірымава Бандаранаіке

Сірымава Бандаранаіке ў цэнтры
Сірымава Бандаранаіке ў цэнтры

Сірымава Бандаранаіке са Шры-Ланкі была першай жанчынай у сьвеце, якая заняла пасаду прэмʼер-міністра, да таго ж тройчы.

Ва ўрад яна ўвайшла ў 1960 годзе, пасьля таго як яе муж Саламон быў забіты практычна ў яе на вачах. Яна была прэмʼерам з 1960 па 1965, з 1970 па 1977 і зноў у больш цырыманіяльнай ролі з 1994 па 2000 год, калі прэзыдэнтам была яе дачка Чандрыка Кумаратунга.

Галоўнай заслугай Бандранаіке, безумоўна, стала пасьпяховае адхіленьне ад улады каляніяльнай эліты і вяртаньне сынгальскай большасьці вострава магчымасьці самакіраваньня.

Мірэя Маскоса

Мірэя Маскоса была прэзыдэнткай Панамы з 1999 па 2004 год. Яе муж Арнульфа Арыяс, амаль на 45 гадоў старэйшы за яе, быў прэзыдэнтам тройчы, у тым ліку на адзін вельмі кароткі тэрмін, які доўжыўся ўсяго 11 дзён. Пасьля таго як Арыяс памёр у выгнаньні, Маскоса вярнулася ў Панаму і ўзяла на сябе кіраўніцтва ягонай партыяй «Арнульфіста», а пасьля стала прэзыдэнтам. Яе сястра Рубі была першай лэдзі.

Маскоса хацела атрымаць дзяржаўны кантроль над Панамскім каналам і спрабавала вырашыць некаторыя экалягічныя праблемы рэгіёну. Аднак строгія законы супраць дзяржаўных выдаткаў, якія існавалі ў краіне, не дазволілі правесьці рэформы. Яна паступова страціла сымпатыі электарату, і на другі тэрмін яе ўжо не абралі.

Халеда Зія

Халеда Зія
Халеда Зія

Халеда Зія займала пасаду прэмʼер-міністра Банглядэш з 1991 па 1996, а потым з 2001 па 2006 год. Яна была першай жанчынай у гісторыі Банглядэш і другой у мусульманскім сьвеце (пасьля Бэназір Бхута з Пакістану), якая ўзначаліла дэмакратычны ўрад у якасьці прэмʼер-міністра.

Яе муж, Зіяур Рахман, стаў прэзыдэнтам у 1977 годзе. У 1981 годзе яго забілі, а ягоны віцэ-прэзыдэнт Абдус Сатар быў скінуты ў выніку вайсковага перавароту генэралам Эршадам, які абвясьціў ваеннае становішча. За 9 гадоў ягонага праўленьня Халеду Зія арыштоўвалі 7 разоў. Пасьля таго як Эршад быў змушаны падаць у адстаўку, яна стала першай жанчынай — прэмʼер-міністрам краіны на вольных і ўсеагульных выбарах 27 лютага 1991 году.

Урад Зія ўвёў абавязковую бясплатную пачатковую адукацыю для дзяўчатак, павялічыў узроставы цэнз паступленьня на дзяржаўную службу і вылучыў найбольшыя бюджэтныя асыгнаваньні на адукацыю ў цэлым. У 2003 годзе Халеда Зія дамаглася прыняцьця закону, па якім у парлямэнце для жанчын браніравалася 30 месцаў з 330.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG