Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спрыяльная сытуацыя, якая існавала на расейскім рынку для беларускіх тавараў, амаль зьнікла, — эканаміст Крук


Каляж
Каляж

Старшы навуковы супрацоўнік дасьледчага цэнтру BEROC, эканаміст Зьміцер Крук аналізуе супярэчлівыя дадзеныя беларускага гандлёвага балянсу, заяўляе, што спрыяльная каньюнктура для беларускіх тавараў у Расеі скончылася, і прадказвае, што ўлады, магчыма, зноў пачнуць абмяжоўваць імпарт.

Сьцісла:

  • У 2022 годзе «плюс» у гандлі паслугамі складаў 4,2 мільярда, а ў 2023 годзе — толькі 2,8 мільярда.
  • Сытуацыя на расейскім рынку для беларускіх тавараў ужо пагоршылася.
  • Ад пачатку было зразумела, што пераарыентацыя на Расею можа даць кароткатэрміновы эфэкт, але стратэгічна гэта ненадзейны шлях.
  • Улады спрабуюць тымі ж «адміністратыўнымі мэтадамі» пранікнуць на рынкі іншых краінаў, але гэта ня надта працуе.

— Статыстыка за 2023 год паказала, што сальда замежнага гандлю таварамі склала мінус тры мільярды даляраў — значна пагоршылася ў параўнаньні з 2022 годам. Разам з тым дадатнае сальда гандлю паслугамі ўраўнаважыла ў цэлым гандлёвы балянс Беларусі ў 2023 годзе. Пра што кажуць гэтыя лічбы?

— Варта зьвярнуць увагу, што пакуль, сапраўды, агульнае сальда замежнага гандлю таварамі і паслугамі выходзіць зь невялікім плюсам. Але яно значна пагоршылася ўсяго за адзін год — па выніках 2022-га было 4 мільярды даляраў, за 2023 год — усяго 480 мільёнаў даляраў станоўчага балянсу гандлю. Гэта паводле дадзеных Нацбанку, якія больш дакладныя за Белстат.

Зьміцер Крук
Зьміцер Крук

То бок пагаршэньне вельмі істотнае, і яно ўжо адчуваецца на валютным рынку. Тыя ваганьні і скачкі курсу, якія былі ўвосень 2023 году, — гэта менавіта наступства тых працэсаў. Пэўнай страхоўкай тут выступае той запас, які ўтварыўся ў 2021–22 гадах, калі склалася вельмі спэцыфічная станоўчая для Беларусі каньюнктура замежнага гандлю. Але цяпер гэта скончылася, і беларускі гандлёвы балянс вярнуўся да «нормы».

— За кошт чаго ў беларускай эканомікі традыцыйна настолькі станоўчае сальда гандлем паслугамі? І якія там асноўныя тэндэнцыі?

— Заўсёды было даволі вялікае дадатнае сальда па паслугах, але ў 2023 годзе яно стала значна меншым у параўнаньні зь мінулымі гадамі. Галоўны плюс давалі ІТ-паслугі і транспартныя паслугі. У 2022 годзе плюс у гандлі паслугамі складаў 4,2 мільярда, а ў 2023 годзе — толькі 2,8 мільярда. ІТ-галіна ўжо не забясьпечвае ранейшага ўзроўню паслугаў, у транспарце таксама пэўнае зьніжэньне, хоць і не такое кардынальнае, як у выпадку ІТ. Так што гэтыя дзьве сфэры, якія шмат гадоў забясьпечвалі Беларусі дадатнае сальда па паслугах, цяпер пагаршаюць сваё становішча.

— Адметнасьцю апошніх гадоў стала пераарыентацыя беларускай эканомікі на Расею, і вы разам зь іншымі эканамістамі кажаце, што гэта нясе вялікія стратэгічныя выклікі. Але гэтая пераарыентацыя, якая адбылася пасьля ўвядзеньня эўрапейскіх санкцыяў і страты ўкраінскага рынку, прынесла пэўны тактычны эфэкт. Ці працягнецца гэты эфэкт і надалей? Ці будзе Расея купляць беларускія тавары ў тых жа аб’ёмах?

— Сытуацыя на расейскім рынку ўжо зьмянілася, мы можам канстатаваць гэта як факт. Найлепшае становішча там для беларускіх вытворцаў было дзесьці зь ліпеня 2022 па сакавік 2023 году. Цяпер гэтая «лафа» паступова зьмяншаецца і амаль скончылася.

«Лафа» склалася з прычыны скачкоў цэнаў, у выніку чаго беларускія вытворцы здолелі больш зарабляць. Зразумела, што гэта кароткатэрміновы чыньнік, і ён праіснаваў толькі 5–6 месяцаў.

Другое, што паспрыяла посьпеху беларускіх вытворцаў на расейскім рынку, — гэта вызваленыя нішы пасьля сыходу заходніх вытворцаў. Але цяпер ужо можна канстатаваць, што і гэтая тэндэнцыя разварочваецца ў адваротны бок. Бо нарастае канкурэнцыя на тых рынках, дзе прысутнічае беларуская прадукцыя — машынабудаваньне, цяжкая тэхніка.

— З кім, з кітайцамі?

— Так, найперш з кітайцамі. Тое, што публікуецца па асобных рынках, паказвае, што кітайцы за апошні год у Расеі зьдзейсьнілі вельмі вялікую экспансію. Напрыклад, продаж МАЗаў у Расеі ў працэнтным вымярэньні скараціўся, іхная доля на на расейскім рынку зьнізілася.

Гэта стварае вялікі выклік для Менску. Адпачатку было зразумела, што гэтая пераарыентацыя на Расею можа даць кароткатэрміновы эфэкт, дапаможа выжыць, але стратэгічна гэта ненадзейны шлях. Большая частка той звышспрыяльнай каньюнктуры ўжо зьнікла, і мы вяртаемся да звычайнай сытуацыі на расейскім рынку.

— І што з гэтым можа і плянуе рабіць беларуская эканамічная ўлада?

— Яны ўтварылі камісію па падтрымцы экспарту на расейскім рынку. Яны ж вельмі любяць адміністратыўныя мэханізмы прасоўваньня экспарту. Маўляў, самае важнае — гэта ня цэны і канкурэнтаздольнасьць, а нейкія пэрсанальныя дамоўленасьці з расейскімі губэрнатарамі, міністэрствамі — каб тыя давалі беларускім таварам нейкія льготныя ўмовы.

У пэўнай ступені гэта працуе. Але максымум, чаго яны могуць дабіцца гэтымі мэтадамі, — каб беларускі экспарт не скарачаўся ў фізычным вымярэньні. Што тычыцца цэнаў — то тут сусьветная каньюнктура больш важная за любыя «адміністратыўныя мэханізмы».

Таму яны спрабуюць тымі ж «адміністратыўнымі мэтадамі» пранікнуць на рынкі іншых краінаў, але гэта ня надта працуе. Пэўнае нарошчваньне аб’ёмаў экспарту ў Казахстан і Кітай ёсьць. Але, вядома, гэта не кампэнсуе таго, што страцілі на Захадзе і ва Ўкраіне — ніякага радыкальнага прарыву не адбылося.

Што яшчэ ўлады могуць зрабіць дзеля станоўчага гандлёвага балянсу — гэта абмежаваць імпарт. У 2023 годзе імпарт істотна вырас. Па-першае, абапіраючыся на посьпехі мінулых гадоў, яго моцна не абмяжоўвалі, па-другое, цэны на імпарт вырасьлі. Але калі становішча пагаршаецца, то ўлады амаль заўсёды імкнуцца імпарт скараціць. Такім ручным кіраваньнем, я думаю, яны будуць усё больш актыўна карыстацца на фоне таго, што з экспартам сытуацыя ня будзе паляпшацца.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG