Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Медуза»: Крэмль разаслаў музычным прадусарам сьпіс з 50 «забароненых музыкаў». Хто ў ім


Філіп Кіркораў таксама трапіў у сьпіс «забароненых музыкаў»
Філіп Кіркораў таксама трапіў у сьпіс «забароненых музыкаў»

Расейскім прамоўтэрам і музычным прадусарам накіравалі сьпіс з 50 расейскіх выканаўцаў і гуртоў, «забароненых да канцэртнай дзейнасьці», піша «Медуза» са спасылкай на дзьве крыніцы ў музычнай індустрыі. У яго ўвайшлі артысты, якія не падтрымалі вайну ва Ўкраіне, а таксама ўдзельнікі «голай вечарынкі» блогеркі Іўлеевай.

У пераліку «забароненых артыстаў», які, па словах суразмоўцы выданьня, быў «спушчаны» непасрэдна з Крамля, у прыватнасьці, значацца рэпэр Loqiemean (Раман Худзякоў) і гурт «Несчастный случай», якія раней заявілі пра сваю антываенную пазыцыю.

Таксама ў пералік «забароненых» трапілі шэраг артыстаў, якія ўдзельнічалі ў «голай вечарынцы» Анастасіі Іўлеевай, — Філіп Кіркораў, Лаліта Міляўская, Глюкоза, Дзіма Білан і Ганна Асьці.

У той жа час у гэтым сьпісе, як адзначае «Медуза», прысутнічаюць музычныя гурты, якія ўдзельнічалі ў «патрыятычных канцэртах» у Расеі. Да такіх журналісты адносяць групы «План Ломоносова», «Монгол Шуудан» і «Йорш».

Таксама ў сьпісе «забароненых» — Dead Blonde, Kedr Livanskiy, Markul, Monran, The Chemodan, Сяргей Ананіч, Барыс Андрыянаў, Вольга Арэф’ева, Jukebox Trio, Plamenev, Shortparis, The Matrixx, Wildways, «Диктофон», «Другдиджея», «Комсомольск», Максім Леанідаў, Максім Марлоў, Алекша Новіч, «Щенки», Павел Пікоўскі, Паліна Асяцінская, СМН, «Электрофорез», Максім Тэсьлі, Марыя Тацібадзэ, Алег Ягадзін (Курара), «Операция пластилин», «Полматери», «Путь», «Рыночные отношения», «Слот», «Формация Лимон», Рыта Дакота, Альбіна Джанабаева, Дзьмітрый Данііл (Scally Milano), Дзьмітрый Емяльянаў і Аляксандар Казян (ОУ74).

Адзін з музыкаў, якія трапілі ў сьпіс, расказаў «Медузе», што яшчэ да поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну людзі, зьвязаныя з адміністрацыяй Пуціна, папярэджвалі яго, што падобныя сьпісы будуць — і калі артыст «ня зьменіць сваю пазыцыю», ён у іх трапіць.

«Прамоўтарам тэлефануюць і кажуць, што нельга з гэтымі артыстамі рабіць мерапрыемствы на дзяржаўныя грошы і вешаць вонкавую рэкляму», — сказаў у камэнтары выданьню адзін з расейскіх прамоўтараў.

Пра існаваньне негалосных сьпісаў артыстаў, чыя дзейнасьць забароненая ў Расеі з прычыны іх антываеннай пазыцыі, раней пісалі расейскія СМІ. У той жа час Крэмль адмаўляў існаваньне такога пераліку. Тым ня менш, як падкрэсьлівае «Медуза», сьпісы «забароненых» музыкаў ёсьць, і займаецца іх напаўненьнем упраўленьне адміністрацыі Пуціна па грамадзкіх справах.

У Беларусі негалосны пералік забароненых музыкаў, творчасьць якіх не адпавядае густу чыноўнікаў, зьявіўся пры канцы 1990-х і рэгулярна абнаўляецца перад важнымі палітычнымі кампаніямі або пасьля іх.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году канцэрты многіх вядомых беларускіх музыкаў сталі ў Беларусі немагчымыя, а выкананьне некаторых «пратэставых» песень, песень у падтрымку Ўкраіны ці нават проста песень вядомых украінскіх гуртоў у Беларусі для музыкаў і выканаўцаў ужо неаднойчы заканчвалася затрыманьнямі, судамі і нават крымінальнымі справамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG