Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая ракетная атака РФ на Ўкраіну. Кіеў часткова застаўся безь цяпла і электрычнасьці, Мікалаеў — без вады. Ёсьць ахвяры


Пажарныя некалькі гадзін тушылі пажар пасьля пацэльваньня аскепкаў расейскай ракеты ў шматпавярховы жылы дом у Кіеве 7 лютага
Пажарныя некалькі гадзін тушылі пажар пасьля пацэльваньня аскепкаў расейскай ракеты ў шматпавярховы жылы дом у Кіеве 7 лютага

Польшча падняла ў паветра сваю авіяцыю на час расейскай ракетнай атакі на Ўкраіну 7 лютага.

Уначы Расея атакавала ракетамі і бесьпілётнікамі памежныя рэгіёны Ўкраіны, а раніцай — прыфрантавая і тылавыя.

Пад ударам апынуліся Львоўская, Чаркаская, Сумская, Чарнігаўская, Мікалаеўская, Днепрапятроўская, Кіеўская, Івана-Франкоўская і Запароская вобласьці.

У Кіеве пашкодзілі цеплатрасу і лініі электраперадач

Ва ўкраінскай сталіцы пацярпелі два раёны — Галасееўскі і Дняпроўскі. Улады паведамілі аб 4 загінулых і 40 параненых, сярод якіх адна цяжарная жанчына.

Аскепкі ракет пашкодзілі дзьве высакавольтныя лініі і цеплатрасу. Частка спажыўцоў засталася безь цяпла і энэргіі.

Пажарныя намагаюцца патушыць пажар у 18-павярховым жылым доме. У выніку абстрэлаў у адным з раёнаў загарэлася станцыя тэхнічнага абслугоўваньня аўтамабіляў і транспартныя сродкі.

У Мікалаеве 20 дамоў засталіся бяз дахаў, адзін чалавек загінуў

Мэр Мікалаева Аляксандар Сянкевіч паведаміў, што ў выніку расейскага абстрэлу пашкоджаныя газавыя і водаправодныя сеткі, больш за 20 прыватных дамоў засталіся бяз дахаў.

Папярэдне вядома, што некалькі цывільных атрымалі раненьні, адзін чалавек загінуў.

У Харкаве пашкоджаныя аб’екты энэргетычнай інфраструктуры

У Харкаўскай вобласьці ад абстрэлаў пацярпелі больш за 20 населеных пунктаў.

У Харкаве больш за тысячу жыхароў засталіся без электрычнасьці ў выніку пашкоджаньня энэргасеткі. Адзін чалавек пацярпеў.

Памежжа і прыфрантавыя рэгіёны Расея абстрэльвае з артылерыі

Улады Запароскай вобласьці паведамілі аб гібелі як мінімум аднаго цывільнага ў выніку артылерыйскіх удараў.

Ад абстрэлаў пацярпелі 19 населеных пунктаў Запароскай вобласьці і каля двух дзясяткаў — у Чарнігаўскай і Сумскай абласьцях. Улады сьцьвярджаюць, што пацярпелых і загінулых няма.

Польшча на час ракетнай атакі падняла сваю авіяцыю

Апэратыўнае камандаваньне Ўзброеных сіл Польшчы узьняла ў паветра сваю вайсковую авіяцыю «праз інтэнсіўную дзейнасьць далёкай авіяцыі Расеі, зьвязанай з ракетнымі ўдарамі па тэрыторыі Ўкраіны».

Як патлумачылі ў польскім камандаваньні, такім чынам «актывізавалі ўсе неабходныя працэдуры для бясьпекі польскай паветранай прасторы».

Пазьней у апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што Расея 7 лютага атакавала ўкраінскую тэрыторыю 64 ракетамі і бесьпілётнікамі. Украінскія сродкі супрацьпаветранай абароны змаглі зьнішчыць 29 ракет і 15 бесьпілётнікаў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG