Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму маёр міліцыі, які душыў пратэсты, бесклапотна жыў у Літве


Аляксандар Маціевіч
Аляксандар Маціевіч

Сілавік зь Беларусі, які браў удзел у здушэньні мірных акцый пратэсту ў 2020 годзе, бесклапотна жыў і працаваў у Літве, пакуль пра яго не расказала арганізацыя BelPol.

Пасьля гэтага былы сілавік Аляксандар Маціевіч бесклапотна пакінуў Літву, не зацікавіўшы літоўскія спэцслужбы, і заявіў, што зноў прыедзе ў гэтую краіну. Ці так гэта павінна выглядаць, беручы пад увагу, што ўжо тры гады дэмакратычныя сілы лабіруюць санкцыі і пакараньні тых, хто рэпрэсуе беларусаў за іх погляды?

Госьць эфіру «Свабоды Premium», прадстаўнік BelPol Уладзімер Жыгар адказвае на пытаньне, ці павінны былі літоўскія спэцслужбы затрымаць Маціевіча.

«Гэта складанае пытаньне, бо на падставе чаго яны павінны былі яго затрымліваць? Якія крымінальныя справы былі заведзеныя ў Літве, у рамках якіх ён праходзіць як падазраваны ў злачынстве? Калі мы даведаліся пра гэтую асобу, то мы перадалі інфармацыю розным літоўскім службам. Рэакцыя была даволі хуткая. Моцна дапамаглі літоўскія СМІ, і дзякуючы сумеснай працы яго пазбавілі дазволу на жыхарства. Пры наступнай спробе ўехаць у Літву яму паставяць дэпартацыю. Гэта таксама някепскі вынік. Грамадзкія актывісты хацелі, каб яго затрымалі, але ў дэмакратычнай краіне такое немагчыма», — тлумачыць Жыгар.

Ён дадае, што грунтоўнай праверкай Маціевіча павінны былі займацца дзяржаўныя органы Літвы яшчэ на этапе яго прыезду. Зрэшты, у Эўразьвяз ён уехаў па польскай нацыянальнай візе.

«Яго павінны былі прынамсі дапытаць, калі ён падаваў дакумэнты на дазвол на жыхарства. Тут іх сыстэма дала трошкі збой. Да нас ніхто па яго справе не зьвяртаўся. Але мы будзем са свайго боку шукаць агульную мову з прадстаўнікамі дзяржаўных органаў ЭЗ, каб на пачатковым этапе перашкаджаць прыезду такіх людзей», — сказаў Уладзімер Жыгар.

Міністар нацыянальнай абароны Літвы Арвідас Анушаўскас адзначыў, што «збой мэханізму праверкі», дзякуючы якому Маціевіч змог атрымаць ДНЖ у Літве, «выглядае вельмі прыкра». «Я ня ведаю, чаму гэтая сыстэма кантролю не спрацавала. У любым выпадку гэта павінна было спрацаваць, таму што ў свой час фіксавалася, хто ўдзельнічае ў перасьледзе грамадзян у Беларусі, каб не выдаваць ім візы і ўключыць у санкцыйныя сьпісы», — цытуе міністра Delfi.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG