Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея і Ўкраіна правялі вялікі абмен палоннымі — першы пасьля катастрофы Іл-76


Украінскі баец пасьля вяртаньня з палону. 31 студзеня 2024
Украінскі баец пасьля вяртаньня з палону. 31 студзеня 2024

31 студзеня адбыўся вялікі абмен палоннымі паміж Украінай і Расеяй. 

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў, што ва Ўкраіну вярнуліся 207 чалавек: вайскоўцы і цывільныя.

Як расказаў кіраўнік Офісу Зяленскага Андрэй Ярмак, сярод украінцаў, якія вярнуліся дадому, ёсьць вайскоўцы Ўзброеных сіл, Нацгвардыі, Дзяржаўнай памежнай службы, а таксама Нацыянальнай паліцыі. Сярод вайскоўцаў, паводле яго, «ёсьць абаронцы Марыюпалю, тыя, што былі на «Азоўсталі», востраве Зьмяіным, а таксама хто ваяваў на шэрагу кірункаў».

Мінабароны Расеі паведаміла пра абмен па формуле «195 на 195»: у Расею вярнуліся 195 яе вайскоўцаў. Столькі ж вайскоўцаў, як сьцьвярджаецца, расейскі бок перадаў Украіне.

У Расеі пасьля зьбітага пад Белгарадам самалёта Іл-76 гучалі заявы пра немагчымасьць новых абменаў. Расея настойвала, што на борце зьбітага самалёта былі ўкраінскія палонныя, аднак ніякіх доказаў гэтаму пакуль не зьявілася. Украінскі бок тады адзначыў, што сытуацыя з Іл-76 нэгатыўна паўплывала на працэс абмену, аднак падкрэсьліў, што праца працягваецца.

Крушэньне Іл-76

  • Крушэньне вайскова-транспартнага самалёта Іл-76 адбылося днём у сераду, 24 студзеня, у раёне вёскі Ябланава Карачанскага раёну Белгарадзкай вобласьці.
  • Міністэрства абароны Расеі сьцьвярджае, што на борце Іл-76, які ўпаў, нібыта знаходзіліся 65 палонных вайскоўцаў УСУ, якіх перавозілі ў Белгарадзкую вобласьць для абмену, а таксама шэсьць чальцоў экіпажу самалёта і трое суправаджальнікаў.
  • У МЗС РФ крушэньне Іл-76 назвалі «тэрактам» і ўдакладнілі, што «ўдар па самалёце быў нанесены ўкраінскім бокам зэнітнымі ракетамі з раёну н. п. Ліпцы Харкаўскай вобласьці».
  • У Галоўным упраўленьні выведкі Мінабароны Ўкраіны, у сваю чаргу, пацьвердзілі, што ў сераду, 24 студзеня, павінен быў адбыцца абмен ваеннапалоннымі паміж Украінай і Расеяй, але расейскі бок не паведаміў Кіеву пра тое, як менавіта даставяць украінскіх ваеннапалонных да месца абмену. У ведамстве заявілі, што сытуацыя з крушэньнем вайскова-транспартнага самалёта Іл-76 у Белгарадзкай вобласьці магла быць сплянаванай правакацыяй з боку Расеі.
  • Уладзімір Пуцін заявіў, што ўкраінскі бок нібыта ведаў пра тое, што ў самалёце знаходзіліся ўкраінскія ваеннапалонныя. Ён таксама агучыў вэрсію СК РФ, што Іл-76 нібыта атакавалі зэнітнай ракетай з амэрыканскай ці францускай сыстэмы СПА з тэрыторыі Ўкраіны. Пуцін дадаў, што вынікі экспэртыз будуць абнародаваныя «праз два-тры дні».
  • Кіеў патрабуе міжнароднага расьсьледаваньня катастрофы самалёта, у Крамлі кажуць, што расьсьледаваньне вядуць расейскія вайскоўцы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG