Пра гэта ён заявіў у камэнтары ўкраінскай службе Радыё Свабода.
Паводле яго слоў, на борце самалёта Іл-76, які разьбіўся ў Белгарадзкай вобласьці, маглі знаходзіцца як ракеты, так і людзі.
«На борце маглі быць як ракеты для комплексу С-300, гэтак і ракеты і людзі адначасова. Гаворка ідзе пра вялікі вайсковы самалёт. Зь іх слоў, ён быў загружаны толькі на траціну. Ці мела сэнс выкарыстоўваць менавіта гэты борт? Тамсама паралельна зь ім адначасова знаходзіліся іншыя самалёты — гэта Ан-26 і Ан-72 у прасторы побач зь Іл-ам. Ёсьць шмат абставінаў, якія патрабуюць расьсьледаваньня і максымальнага вывучэньня», — сказаў Юсаў.
Ён нагадаў, што ў адпаведнасьці з нормамі міжнароднага права дзяржава, якая ўтрымлівае ваеннапалонных, нясе адказнасьць за іх бясьпеку, у тым ліку за транспартаваньне на абмен.
«Украіна выканала ўсе ўмовы і абавязаньні. Мы можам меркаваць любыя сцэнары, у тым ліку наўмысную правакацыю, а таксама выкарыстаньне ўкраінскіх ваеннапалонных фактычна ў якасьці жывога шчыта для транспартаваньня боекамплектаў і ўзбраеньня для ракетных комплексаў, якія зьнішчаюць украінскія гарады», — сказаў прадстаўнік вайсковай выведкі Ўкраіны.
Юсаў мяркуе, што Расея магла сама зьбіць гэты самалёт. Паводле яго слоў, да прыкладу, расейскія войскі супрацьпаветранай абароны маглі ўспрыняць украінскі выведны БПЛА як цэль, але запушчаныя ракеты або ПЗРК памыліліся і зьбілі ўласны самалёт — гэта адна з вэрсіяў.
«Пакуль можна канстатаваць, што гэта фактычна зона баявых дзеяньняў. І, напрыклад, у гэты час і ў гэты дзень з абодвух бакоў ішло актыўнае ўжываньне баявых дронаў. У прыватнасьці, гаворка ідзе пра выкарыстаньне Ўкраінай выведных бесьпілётных лятальных апаратаў, якія, у сваю чаргу, могуць стаць мішэньню сродкаў супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны агрэсара. Уласна, гэта той сцэнар, які ўжо некалькі разоў адбываўся ў Расеі, калі так званым „дружалюбным агнём“ зьнішчалася іх авіяцыя: і транспартная, і вайсковая. І яшчэ раз падкрэсьлім, што гаворка ідзе пра вайсковы самалёт, у якім у прынцыпе не павінна было быць палонных», — сказаў ён.
Прадстаўнік Мінабароны Ўкраіны Юсаў ня стаў камэнтаваць раней апублікаваныя ў Расеі сьпісы ўкраінскіх ваеннапалонных, якія маглі знаходзіцца на борце самалёта.
«Камэнтаваць ня будзем, бо для гэтага павінны быць афіцыйныя паведамленьні асобаў, адказных за абыходжаньне з ваеннапалоннымі. Ні Сіманьян, ні Шарый да гэтага ня маюць дачыненьня. То бок інфармацыя афіцыйная ад Мінабароны Расеі ці ад іншых структураў. У адваротным выпадку гэта ўспрымаецца як мэтанакіраваная інфармацыйна-псыхалягічная апэрацыя праціўніка», — дадаў ён.
Юсаў падкрэсьліў, што Ўкраіна настойвае на правядзеньні міжнароднага расьсьледаваньня, каб дакладна высьветліць усе падрабязнасьці таго, што адбылося.
25 студзеня Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла пра адкрыцьцё крымінальнай справы па факце катастрофы Іл-76 у Расеі паводле арт. 438 КК Украіны (парушэньне законаў і звычаяў вайны).
Як паведамлялі расейскія дзяржагенцтвы са спасылкай на Мінабароны РФ, 24 студзеня ў Белгарадзкай вобласьці падчас плянавага палёту разьбіўся расейскі вайскова-транспартны самалёт Іл-76.
Пры гэтым расійскае ведамства сьцьвярджае, што на борце самалёта нібыта знаходзіліся 65 палонных украінскіх вайскоўцаў, якіх везьлі для абмену ў Белгарадзкую вобласьць, а таксама шэсьць чальцоў экіпажу і тры чалавекі, якія суправаджалі палонных.
Масква пакуль не пацьвердзіла, што на борце знаходзіліся ўкраінскія ваеннапалонныя.
У галоўным упраўленьні выведкі Мінабароны Ўкраіны заявілі, што «заплянаваны на 24 студзеня абмен не адбыўся, у той жа час у ведамства няма дадзеных аб тым, ці былі на борце ўкраінскія палонныя». Вайсковая выведка Ўкраіны таксама прывяла свае аргумэнты і заявіла, што гаворка можа ісьці аб «сплянаваных і наўмысных дзеяньнях РФ з мэтай дэстабілізацыі сытуацыі ва Ўкраіне і аслабленьня міжнароднай падтрымкі».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.