Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні вынесьлі вырак беларусу за напад на беларускую амбасаду. Пакараньне ён ужо адбыў


Мацьвей Бяляй, 2023
Мацьвей Бяляй, 2023

Па другім абвінавачаньні, зьвязаным са спробай уцячы з-пад арышту, грамадзяніна Беларусі апраўдалі.

Віленскі гарадзкі акруговы суд прызнаў вінаватым грамадзяніна Беларусі Мацьвея Бяляя ў нападзе на амбасаду Беларусі 20 красавіка 2023 году і прызначыў яму пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі на 11 месяцаў з накіраваньнем на папраўчыя работы ва ўстановах аховы здароўя, сацыяльнага абслугоўваньня або ў недзяржаўных арганізацыях, якія апякуюцца старымі людзьмі або інвалідамі.

У той жа час, як адзначаецца ў судовым рашэньні, суд залічыў у пакараньне знаходжаньне Мацьвея Бяляя пад вартай у часе дасудовага расьсьледаваньня.

«Згодна з артыкулам 66 Крымінальнага кодэксу Літоўскай Рэспублікі, у прызначанае пакараньне ўключыць час часовага затрыманьня і знаходжаньня пад вартай з 20 красавіка да 18 кастрычніка 2023 году, прыраўняць адзін дзень часовага затрыманьня і арышту да двух дзён абмежаваньня волі і лічыць, што Мацьвей Бяляй адбыў пакараньне», — адзначаецца ў рашэньні суду.

Суд прызнаў, што дзеяньні Мацьвея Бяляя не прывялі да маштабнай шкоды маёмасьці беларускай амбасады.

Віленскі гарадзкі акруговы суд, які вынес вырак
Віленскі гарадзкі акруговы суд, які вынес вырак

Па другім абвінавачаньні, зьвязаным са спробай уцячы з-пад арышту (ч. 1 артыкула 22 і ч. 1 артыкула 241 Крымінальнага кодэксу Літвы), грамадзяніна Беларусі апраўдалі, бо не знайшлі дастатковых доказаў інкрымінаванага яму злачынства. Суд зьвярнуў увагу на тое, што канваіры адключалі відэарэгістратар, таму няма поўнага запісу ў часе знаходжаньня беларуса ў лякарні, зь якой ён нібыта спрабаваў уцячы.

Па абвінавачаньні ў нападзе на амбасаду беларусу пагражаў арышт або пазбаўленьне волі на 5 гадоў, а па абвінавачаньні ў спробе ўцёкаў — арышт або пазбаўленьне волі на тэрмін да 3 гадоў.

«Я буду абскарджваць гэты вырак. Мне нават не далі яго пераклад. Абскардзіць я магу цягам 20 дзён пасьля атрыманьня перакладу», — паведаміў Свабодзе Мацьвей Бяляй.

Справа аб дэпартацыі яшчэ разглядаецца

Паводле Бяляя, 31 студзеня 2024 году Найвышэйшы адміністрацыйны суд Літвы разглядае ягоную апэляцыю на рашэньне суду першай інстанцыі аб дэпартацыі з прычыны таго, што ён стварае «пагрозу для нацыянальнай бясьпекі Літвы». Абвяшчэньне рашэньне па выніках разгляду адбудзецца 7 лютага.

Мацьвей Бяляй адседзеў паўгода ў сьледчым ізалятары, а пасьля выхаду на волю даведаўся аб прызначэньні іншага судовага пасяджэньня ў пытаньні аб яго дэпартацыі.

У Міграцыйным дэпартамэнце Літвы, куды Свабода зьвярталася па камэнтар з нагоды пазбаўленьня Мацьвея Бяляя прытулку і магчымай дэпартацыі, адмовіліся паведамляць падрабязнасьці гэтай справы.

У 2022 годзе ён атрымаў пяцігадовы дазвол на жыхарства ў Літве і статус уцекача, зарэгістраваўся індывідуальным прадпрымальнікам у сфэры будаўніцтва.

У справе аб нападзе на амбасаду Беларусі суд вынес вырак 15 студзеня 2024 году.

Праваабаронцы патрабуюць рэабілітацыі Бяляя ў справах у Беларусі

24 студзеня 2024 году шэраг праваабарончых арганізацый Беларусі выступілі з супольнай заявай, у якой патрабавалі рэабілітацыі асуджаных удзельнікаў мірных сходаў.

«Нам вядомыя імёны і абставіны справаў наступных людзей, якія ў пакараньне за ажыцьцяўленьне свабоды выказваньня думак былі пазбаўленыя волі: зьмешчаныя пад варту, хатні арышт, асуджаныя да пазбаўленьня або абмежаваньня волі, арышту, а да цяперашняга часу вызваленыя без рэабілітацыі і кампэнсацыі нанесенай шкоды: Павал Голаў, Захар Яноўскі, Мацьвей Бяляй, Дзьмітры Смаляроў, Антон Нагела, Віталь Сірышка, Віктар Рудзько, Аляксандар Федарук, Улад Манюк», — адзначалася ў заяве праваабаронцаў.

Мацьвей Бяляй раней паведамляў Свабодзе, што ў 2021 годзе яго затрымалі і зьмясьцілі ў жодзінскі ізалятар за тое, што спрабаваў усталяваць на дзьвярах будынку ўраду бел-чырвона-белы сьцяг і разьбіў там шкло малатком. Праз паўгода ён выйшаў з ізалятара і ўцёк — спачатку ў Маскву, там атрымаў гуманітарную візу ў Польшчу. Ён шукаў дапамогі, каб трапіць ва Ўкраіну, але ў выніку вымушаны быў незаконна перабірацца празь Дзісну ў Літву.

«Цяпер у Беларусі праводзяць вобшукі — у бацькі, у сястры, выклікаюць на допыт усіх маіх сваякоў, сяброў, а колішнюю жонку, зь якой мы маем сына, звольнілі з працы за падтрыманьне са мной сувязі. Цяпер ужо датычна мяне нібыта завялі справу аб экстрэмізьме. Сьледзтва вядзе Барысаўскі сьледчы камітэт», — расказваў Мацьвей Бяляй у кастрычніку 2023 году.

У 2020 годзе Мацьвей Бяляй працаваў каардынатарам у штабе кандыдата ў прэзыдэнты, старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Сяргея Чэрачня. Бяляя ў жніўні 2020 году затрымлівалі ў Віцебску. У 2010 годзе працаваў каардынатарам і зьбіраў подпісы за кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава і ўдзельнічаў у падзеях на плошчы Незалежнасьці ў Менску.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG