Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыс Надзеждзін — расейскі варыянт Сьвятланы Ціханоўскай?


Уладзімір Пуцін і Барыс Надзеждзін, каляж
Уладзімір Пуцін і Барыс Надзеждзін, каляж

Ці падобная выбарчая кампанія расейскага палітыка Надзеждзіна да кампаніі Ціханоўскай 2020 году? Што гавораць пра расейскае грамадзтва чэргі, якія зьбіраюцца, каб паставіць подпіс за Надзеждзіна? Ці становіць ягоная кампанія небясьпеку для Пуціна?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае гісторык, палітычны аглядальнік расейскай службы Радыё Свабода Яраслаў Шымаў.

Сьцісла:

  • Параўнаньне цяперашняй кампаніі Надзеждзіна з кампаніяй Ціханоўскай неадэкватнае (прынамсі, пакуль); падабенства адно ў чэргах ахвотных паставіць подпіс за кандыдата.
  • Ёсьць вэрсія, што кандыдатура Надзеждзіна ўзгодненая з Крамлём, у яго занадта багатая палітычная біяграфія, каб цалкам выключаць такую вэрсію.
  • Ёсьць гістарычныя прэцэдэнты, калі кандыдаты-аўтсайдэры рэзка набіралі папулярнасьць.
  • Індыкатарам будзе, ці зарэгіструюць Надзеждзіна кандыдатам. Чэргі ахвотных паставіць подпіс за яго могуць схіліць шалі ў Крамлі ў бок адмовы ад рэгістрацыі.
  • Розныя апазыцыйныя групы ў Расеі аб’ядналіся вакол кандыдатуры Надзеждзіна таму, што ён не належыць да ніводнай зь іх.

— У Расеі — кампанія па выбарах прэзыдэнта. Умовы яе правядзеньня сьведчаць, што выбары ня будуць свабоднымі і справядлівымі. Як горка жартуюць некаторыя, гэта выбары Пуціна прэзыдэнтам.

Тым ня менш кампанія прынесла прынамсі адну неспадзяванку. За тое, каб падпісацца за кандыдата Барыса Надзеждзіна, у расейскіх гарадах стаяць чэргі. У некаторых гэта выклікае аналёгію з такімі ж чэргамі ў Беларусі ў 2020 годзе, каб падпісацца за Сьвятлану Ціханоўскую. Гучыць нават формула: Надзеждзін — расейская Ціханоўская. Наколькі адэкватнае гэтае параўнаньне?

Яраслаў Шымаў
Яраслаў Шымаў

— На мой погляд, параўнаньне абсалютна не адэкватнае. Яно ўводзіць у зман людзей, якія ня вельмі знаёмыя з сытуацыяй у абедзьвюх краінах. Зразумела, што Надзеждзін — ніякі не расейскі варыянт Ціханоўскай узору 2020 году.

Тое, што адбывалася зь Ціханоўскай тады, адбывалася ва ўмовах моцнага і шырокага грамадзкага падʼёму, які пасьля 9 жніўня 2020 году перарос у масавыя пратэсты.

Пакуль што ў Расеі мы бачылі толькі даволі вялікія чэргі ахвотных паставіць подпіс за кандыдата Надзеждзіна.

На фоне таго татальнага грамадзянскага здранцьвеньня, якое пануе ў Расеі прынамсі з пачатку ўварваньня ва Ўкраіну, гэта ўжо нешта. Але для настолькі шырокамаштабных параўнаньняў падставаў пакуль няма.

Няма, апроч іншага, і таму, што Ціханоўская тры гады таму стала абʼяднаўчым сымбалем для праціўнікаў рэжыму. Надзеждзіну да гэтага яшчэ вельмі далёка.

Дый бэкграўнд розны.

Ціханоўская ў 2020 годзе была чалавекам у палітыцы выпадковым. У пазытыўным сэнсе. У яе не было палітычнага мінулага да таго, як яна замест свайго мужа, які трапіў у турму, вылучылася ў прэзыдэнты. Выглядае, што тады яна ня вельмі гэтага і хацела.

Надзеждзін — бывалы палітык. Ня вельмі высокага ўзроўню, але ў яго даволі доўгая палітычная біяграфія. І ў ёй праглядаецца жаданьне атрымаць нейкую пасаду. Для палітыка ў гэтым нічога заганнага няма. Але ён — homo politicus.

Словам, параўнаньне не пасуе наогул.

— Падабенства пакуль адно ў чэргах. Але Надзеждзін паведаміў, што за яго сабрана 105 тысячаў подпісаў. У Расеі 147 мільёнаў жыхароў, гэта ў 15 разоў болей, чым у Беларусі. 100 тысячаў на 147 мільёнаў — гэта няшмат. Ці такія ж доўгія чэргі падпісацца за яго, як былі за Ціханоўскую?

— Візуальна яны падобныя. Але давайце адэкватна апісваць сытуацыю. Надзеждзін — чалавек, які зьбірае чэргі ахвотных падпісацца за яго, як іх зьбірала Ціханоўская ў 2020 годзе. І ўсё.

А далей жыцьцё пакажа. Калі за Надзеждзіна пачнуць выходзіць на вуліцы расейскіх гарадоў сотні ці хаця б дзясяткі тысячаў людзей — тады аналёгія будзе больш абгрунтаваная. Пакуль нічога падобнага няма і блізка.

— Спрабавала вылучыцца на цяперашнія расейскія выбары яшчэ адна кандыдатка з памяркоўнай антываеннай праграмай — Кацярына Дунцова. Але ёй нават не зарэгістравалі ініцыятыўную групу па зборы подпісаў. А групу Надзеждзіна зарэгістравалі. Калі і адно, і другое было палітычным рашэньнем, то чаму гэтыя рашэньні былі такімі, чаму групу Дунцовай не зарэгістравалі, а групу Надзеждзіна зарэгістравалі?

— Складана сказаць. Некаторыя кажуць, што Надзеждзін — гэта кандыдат, узгоднены з Крамлём. У мяне няма падставаў быць упэўненым у гэтым, але паўтару — ён чалавек з багатай палітычнай біяграфіяй. Ён быў і ў Нямцова ў Саюзе правых сілаў, і ў партыі «Правое дело» ў нулявыя гады, потым — у структурах, блізкіх да «Единой России». Ён такі вандроўнік па палітычным спэктры. І падчас гэтых сваіх вандраваньняў ён узаемадзейнічаў зь людзьмі, блізкімі да крамлёўскай адміністрацыі.

Я не магу адназначна сьцьвярджаць, што яго кандыдатура ўзгодненая з крамлёўскай адміністрацыяй. Але пэўныя чыньнікі пацьвярджаюць такую вэрсію.

Калі прыняць яе за праўду, то атрымліваецца, што ў Крамлі вырашылі, што нядобра будзе, калі спаборнічаць з Пуціным будуць толькі кандыдаты ад ЛДПР ды КПРФ. Гэта неяк ужо зусім ніжэй за плінтус.

На ўсіх прэзыдэнцкіх выбарах у Расеі ўзьнікала нейкая фігура для лібэральнай публікі.

У 2018 годзе дазволілі балятавацца Ксеніі Сабчак; раней, у больш вэгетарыянскія гады, кандыдатам быў Міхаіл Прохараў. Магчыма, зараз у гэтай ролі выступае Надзеждзін.

Вы слушна заўважылі адрозьненьне яго ад Дунцовай. Спадарыня Дунцова — «чалавек ніадкуль». А Надзеждзін — чалавек з палітычным мінулым.

Паглядзім, ці зарэгіструюць кандыдатуру Надзеждзіна. Чэргі ахвотных падпісацца за яго могуць многіх у Крамлі зьбянтэжыць.

— У Расеі вылучыліся 11 кандыдатаў, уключна з Пуціным. Але чэргі, каб падпісацца, стаяць толькі за Надзеждзіна. Чаму?

— Відавочны адказ — бо ён адзіны кандыдат, які выступае з антываеннай рыторыкай. Яна даволі асьцярожная, з агаворкамі. Але часткай яго праграмы зьяўляецца непрыняцьце гэтай вайны, тэза, што яе трэба канчаць. І ёсьць шмат сьведчаньняў таго, што ладная частка расейскага грамадзтва хацела б спыненьня гэтай вайны. На якіх умовах — іншае пытаньне. Але хацела б. І гэтае жаданьне ўвасабляецца ў імкненьні падтрымаць кандыдата, які выступае супраць вайны.

— Сёньня прэсавага сакратара Пуціна Дзьмітрыя Пяскова папрасілі пракамэнтаваць вылучэньне Надзеждзіна. Пяскоў адказаў, што Надзеждзін — не супернік Пуціну. Што гэта азначае? Намёк, што Надзеждзін ня будзе зарэгістраваны як кандыдат? Ці што Пуцін такі вялікі і магутны, што дробны палітык Надзеждзін яму не канкурэнт?

— Гэта хутчэй другое. Не Пяскоў вырашае, каго зарэгістраваць, а каго не. Ён ня можа нават намякаць на тое, што перад нейкім кандыдатам апусьцяць шлягбаўм.

Тут тэза, што, маўляў, хто такі Надзеждзін, калі ёсьць Пуцін?

Але досьвед падказвае, што часам альтэрнатыўныя кандыдаты, якіх не ўспрымаюць як супернікаў «вялікаму і магутнаму», выходзяць з-пад кантролю.

У 2018 годзе, на выбарах прэзыдэнта РФ, быў кандыдат ад кампартыі Павал Грудзінін — мажны мужчына, кіраўнік аграрнага прадпрыемства.

І ён нечакана пачаў набіраць папулярнасьць. У выніку ён, паводле ЦВК, атрымаў 11%. Але падчас кампаніі было бачна, што крамлёўская адміністрацыя і пракрамлёўскія СМІ пачалі яго «прэсаваць». Не чакалі, што ён так хутка раскруціцца, думалі, што возьме свае 2–3%.

Я мяркую, што чыноўнікі ў Крамлі павінны зараз перасьцерагацца паўтарэньня такога сцэнару з Надзеждзіным. І гэта можа схіліць шалі, каб яго не зарэгістраваць.

Але тыя самыя чэргі паказваюць, што такая рэакцыя можа выклікаць пэўнае грамадзкае незадавальненьне. Не такое, як у Беларусі ў 2020 годзе, але пэўнае. І Пуціну гэтае незадавальненьне наўрад ці ў цяперашняй сытуацыі патрэбнае.

— Калі адказаць адным словам, што робіць расейская апазыцыя, трэба сказаць — сварыцца. Часьцяком тое можна сказаць і пра беларускую апазыцыю. Але адносна Надзеждзіна расейская апазыцыя раптоўна прадэманстравала адзінства — яго кандыдатуру падтрымала каманда Аляксея Навальнага, падтрымалі Міхаіл Хадаркоўскі і Максім Кац. Чаму?

— Сумны досьвед пэрыяду вайны падштурхнуў расейскую апазыцыю да думкі, што ў такім раздробленым стане існаваць нельга, што гэта вядзе да поўнай безнадзейнасьці. Забаўна, што самае прозьвішча Надзеждзіна — гаварушчае, удалае для апазыцыйнага кандыдата. Апазыцыйнай супольнасьці Расеі, апазыцыйнаму электарату патрэбная нейкая надзея. І раптам нейкі намёк на гэта ўзьнік.

У той жа час кандыдат наўпрост не зьвязаны зь ніводнай з гэтых апазыцыйных групаў. Ён не з каманды Навальнага, не паплечнік Хадаркоўскага. Ён як бы «нічый». І падтрымка яго з боку кожнай з гэтых групаў не азначае, што яна «схіліла галаву» перад канкурэнтам з апазыцыі, зь якім гэтая група ў мінулым шмат разоў лаялася.

Антоніў Салазар, кіраўнік Партугаліі ў 1932-1968 гадах
Антоніў Салазар, кіраўнік Партугаліі ў 1932-1968 гадах

Такія прэцэдэнты былі і ў іншых краінах. У канцы 1950-х гадоў у Партугаліі ўзьнік кандыдат — генэрал Дэлгаду, які кінуў выклік дыктатару Салазару. Дэлгаду служыў рэжыму, а потым выйшаў з апазыцыйнай праграмай. І пачалі зьбірацца велізарныя мітынгі ў яго падтрымку. Салазар спалохаўся. У выніку Дэлгаду намалявалі крыху больш за 20%, там усё было ня так жорстка, як у цяперашняй Расеі. Народ у Партугаліі тады быў абураны. Але паабураўся і супакоіўся. І рэжым там трываў яшчэ больш за 10 гадоў. Але гэта была першая прыкмета таго, што незадаволеных робіцца ўсё больш, і яны ў пэўны момант могуць абʼяднацца вакол нейкай постаці, учора яшчэ нікому не вядомай.

Барыс Надзеждзін — 60-гадовы расейскі палітык, ён балятуецца ў прэзыдэнты ад партыі «Грамадзянская ініцыятыва», займае антываенную пазыцыю і публічна выступае супраць палітыкі Ўладзіміра Пуціна, які зьбіраецца стаць прэзыдэнтам пяты раз. Шлях у палітыцы ён пачаў у 1990-я гады. У нулявыя быў дэпутатам Дзярждумы РФ ад партыі Саюз правых сілаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG