Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі стаяць чэргі, каб падпісацца за кандыдата ў прэзыдэнты Надзеждзіна. Хто гэта такі?


Барыс Надзеждзін. Архіўнае фота
Барыс Надзеждзін. Архіўнае фота

Відавочцы публікуюць фатаздымкі і відэа чэргаў да пунктаў збору подпісаў у падтрымку кандыдата Барыса Надзеждзіна.

Барыс Надзеждзін балятуецца на пасаду прэзыдэнта Расеі ад партыі «Грамадзянская ініцыятыва», займае адкрытую антываенную пазыцыю і публічна выступае супраць палітыкі Ўладзіміра Пуціна, што зьбіраецца стаць прэзыдэнтам пяты раз.

Для рэгістрацыі неабходна сабраць ня менш за 100 тысяч подпісаў як мінімум у 40 рэгіёнах краіны.

Збор подпісаў завяршаецца 31 студзеня. Аб рэгістрацыі кандыдатаў ЦВК аб’явіць не пазьней за 10 лютага. Цяпер на пасаду прэзыдэнта Расеі прэтэндуюць 11 кандыдатаў, дапушчаных да збору подпісаў у сваю падтрымку або вылучаных парлямэнцкімі партыямі (такім кандыдатам подпісы зьбіраць ня трэба).

Хто такі Барыс Надзеждзін

Барыс Надзеждзін — дэпутат Дзяржаўнай Думы Расеі ў 2000–2003 гадах ад «Саюза правых сіл». З 2008 году быў сябрам палітрады партыі «Правая справа», пакуль ня выйшаў з партыі ў 2011-м. У 2015-м няўдала ўдзельнічаў у праймэрыз «Единой России» для выбараў у Дзярждуму ад яе «лібэральнага крыла», у 2021 годзе таксама няўдала балятаваўся ў Думу ад «Справедливой России».

Надзеждзіна рэгулярна запрашаюць у якасьці лібэральнага госьця на расейскія тэлевізійныя ток-шоў. Свой удзел ён тлумачыць неабходнасьцю данесьці да аўдыторыі «разумныя ідэі» «ў атмасфэры ўсеагульнага вар’яцтва». Надзеждзін абяцае, стаўшы прэзыдэнтам, вярнуць Расею ў Эўропу і «спыніць гэтую гісторыю з Украінай».

Надзеждзіна падтрымалі іншыя апазыцыйныя палітыкі Расеі

Першай дапамагчы Надзеждзіну сабраць подпісы заклікала Кацярына Дунцова, якой ЦВК Расеі раней адмовіў у рэгістра3цыі яе ініцыятыўнгай групы для збору подпісаў. Яна матывавала гэта тым, што ў выпадку рэгістрацыі Надзеждзін будзе адзіным кандыдатам зь мірным парадкам дня і шанцам на незалежнае назіраньне за галасаваньнем.

Выбарчая кампанія Надзеждзіна актывізавалася пасьля роліка пра яго Максіма Каца. Ён таксама назваў яго «адзіным антываенным кандыдатам» і заклікаў ставіць за яго подпісы.

Затым у падтрымку Надзеждзіна выказаўся Міхаіл Хадаркоўскі і прыхільнікі Аляксея Навальнага: Георгій Албураў, Любоў Собаль і Іван Жданаў.

Пасьля гэтага ля пунктаў збору подпісаў за Надзеждзіна сабраліся чэргі. Пра іх паведамлялася з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Екацярынбурга, Мыцішчаў і іншых расейскіх гарадоў, а таксама з Тбілісі, Будвы, Бялграда. Да раніцы 22 студзеня ў падтрымку вылучэньня Надзеждзіна было сабрана амаль 78 тысяч подпісаў.

Акрамя таго, павялічваецца колькасьць падпісчыкаў у тэлеграм-канале Надзеждзіна, а сэрвіс Google Trends зафіксаваў рэзкі рост цікавасьці да палітыка.

Рэгіянальныя расейскія СМІ паведамляюць, што ў праўладных выданьнях пачалі зьяўляцца публікацыі, накіраваныя супраць збору. У Новасібірску ўзброеныя людзі выгналі зьбіральніка подпісаў з гандлёвага цэнтру. У падмаскоўным гандлёвым цэнтры збор запатрабавала спыніць адміністрацыя, якая заявіла, што чарга ахвочых падпісацца замінае іншым наведнікам.

  • Галасаваньне на выбарах прэзыдэнта Расеі пройдзе з 15 па 17 сакавіка 2024 году.
  • Выбары ў Расеі незалежныя назіральнікі і экспэрты ацэньваюць як несвабодныя і несумленныя.
  • Улады Расеі рэгулярна ўмешваюцца ў выбарчы працэс, абцяжарваюць доступ да апазыцыі, ствараюць перавагі праўладным кандыдатам, у шэрагу выпадкаў гаворка ідзе і аб фальсыфікацыях.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG