Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юрыстка ацаніла адмову ўладаў Беларусі ад арганізацыі галасаваньня за мяжой


Галасаваньне. Архіўнае фота
Галасаваньне. Архіўнае фота

Беларуская дзяржава паказала сваю няздольнасьць выконваць абавязаньні перад грамадзтвам, лічыць юрыстка Вікторыя Рудзянкова.

Дзяржава павінна імкнуцца забясьпечыць рэалізацыю выбарчага права для тых, хто жыве як у краіне, так і за яе межамі, заявіла выданьню «Позірк» юрыстка кампаніі незалежнага назіраньня за выбарамі дэпутатаў у Адзіны дзень галасаваньня 25 лютага Вікторыя Рудзянкова.

Згодна з рашэньнем Цэнтрвыбаркаму ад 23 студзеня, выкарыстоўваць сваё канстытуцыйнае права грамадзяне, якія жывуць за мяжой, змогуць толькі ў Менску. Для гэтага вызначаны ўчастак для галасаваньня ў гімназіі № 75 на вуліцы Сьвярдлова.

Прагаласаваць на гэтым участку змогуць грамадзяне, якія маюць выбарчае права, пражываюць за мяжой (тэрмін не ўдакладняецца) і аформілі выезд для сталага пражываньня за межамі Беларусі, якія стаяць на консульскім уліку і ня маюць рэгістрацыі ў Беларусі.

Юрыстка Вікторыя Рудзянкова падкрэсьлівае, што для грамадзян, якія пражываюць за мяжой, «яўна непрапарцыйна цяжка і нязручна было б ехаць у краіну для галасаваньня (а хтосьці ня можа з прычыны небясьпекі), таму ў гэтым выпадку агульнапрынятай у сьвеце практыкай зьяўляецца арганізацыя ўдзелу ў выбарах праз пасольствы краіны».

«Адмова ад гэтага бязь нейкага рацыянальнага абгрунтаваньня зьяўляецца парушэньнем міжнародных абавязаньняў Беларусі і дэманстрацыяй няздольнасьці ўлады выконваць свае абавязкі перад грамадзтвам», — адзначыла юрыстка.

  • Кампанія незалежнага назіраньня за выбарамі дэпутатаў у Адзіны дзень галасаваньня праводзіцца праваабарончым цэнтрам «Вясна» і Беларускім Хельсынскім камітэтам.
  • Мэтай кампаніі заяўлена ацэнка выбарчага працэсу з пункту гледжаньня айчыннага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, інфармаваньне беларускай грамадзкасьці і міжнароднай супольнасьці аб ходзе падрыхтоўкі і правядзеньня выбараў, а таксама аб выніках назіраньня.
  • Тэрмін «выбары» ў дачыненні да выбарчай кампаніі 2024 году праваабаронцы выкарыстоўваюць з зорачкай («выбары*»), каб падкрэсьліць яго ўмоўнасьць, «бо любая свабодная і справядлівая выбарчая кампанія прадугледжвае ўсе ўмовы, пры якіх у поўнай меры рэалізуюцца правы і свабоды, у тым ліку свабода слова, свабода мірных сходаў і аб’яднаньняў, права ўдзельнічаць у кіраваньні сваёй дзяржавай, свабода ад дыскрымінацыі, якія цяпер у Беларусі практычна адсутнічаюць».
  • 25 лютага ўпершыню ў краіне пройдуць абʼяднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы. На працягу 60 дзён пасьля яго адбудзецца першае паседжаньне «ўсебеларускага народнага сходу» ў новым статусе.
  • Назіраць за выбарамі запрошаны прадстаўнікі цэнтарвыбаркамаў краін СНД, Парлямэнцкай асамблеі АДКБ. А Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
  • З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводнай выбарчай кампаніі ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.

Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня — 2024

  • 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
  • Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
  • Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
  • Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
  • Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
  • Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
  • Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
  • Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
  • Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
  • Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
  • Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
  • На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
  • Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
  • З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG