Сьледчыя органы Ўкраіны атрымалі дазвол суду на правядзеньне завочнага дасудовага расьсьледаваньня датычна да ўраджэнца Беларусі, які да пачатку поўнамаштабнага расейскага ваеннага ўварваньня жыў у сяле Далінскае Кахоўскага раёну Херсонскай вобласьці і пасьля захопу гэтага рэгіёну расейскімі войскамі добраахвотна пайшоў служыць у мясцовую «паліцыю».
Грамадзяніну Ўкраіны, які нарадзіўся ў вёсцы Пагодзіца Барысаўскага раёну Менскай вобласьці, інкрымінуюць ч. 7 артыкулу 111-1, ч. 2 артыкулу 111 Крымінальнага кодэксу («Добраахвотная праца на пасадах у незаконных судовых або праваахоўных органах, створаных на часова акупаваных тэрыторыях» і «Дзяржаўная здрада»). Гэтыя дзеяньні караюцца пазбаўленьнем волі ад 10 да 15 гадоў з або без канфіскацыі маёмасьці.
Згодна з матэрыяламі сьледзтва, ураджэнец Беларусі ў ліпені 2022 году напісаў заяву на службу ў Чаплынскім раённым аддзяленьні «паліцыі» Кахоўскага раёну Херсонскай вобласьці, на пасадзе «часова выканаўцы абавязкаў спэцыяліста групы тылавога забесьпячэньня». Такім чынам, сьцьвярджаюць сьледчыя, ён «спрыяў дзяржаве-агрэсарцы Расеі ўзмацняць захады акупацыі Херсонскай вобласьці».
У верасьні 2022 году ён перавёўся на пасаду «паліцэйскага кіроўцы асобнага ўзводу патрульна-паставой службы паліцыі».
Сьледчыя сьцьвярджаюць, што на службе ў незаконных «праваахоўных органах» ураджэнец Беларусі перадаваў расейцам інфармацыю аб месцах пражываньня і знаходжаньня вэтэранаў Антытэрарыстычнай апэрацыі, заклікаў мясцовых жыхароў да супрацы з акупацыйнай уладай і дапамагаў ёй праводзіць пашпартызацыю ўкраінцаў, а таксама ў складзе паліцэйскіх груп удзельнічаў у правядзеньні фільтрацыйных мерапрыемстваў датычна цывільнага насельніцтва.
Гэта ня першы выпадак, калі ўраджэнцы Беларусі або этнічныя беларусы, якія даўно жылі на тэрыторыі Ўкраіны і мелі ўкраінскі пашпарт, пераходзяць на бок акупацыйных уладаў пасьля захопу расейскімі войскамі некалькіх украінскіх рэгіёнаў.
У сьнежні 2023 году стала вядома аб ураджэнцы Беларусі, якая добраахвотна пагадзілася працаваць дыспэтчарам пажарна-ратавальнай часткі, створанай у Лімане ў падпарадкаваньні акупацыйных уладаў і так званай «ДНР».
Летась Служба бясьпекі Ўкраіны абвясьціла ў вышук этнічную беларуску, грамадзянку Ўкраіны Галіну Кацюшчанку, якая ачоліла створаную расейскай акупацыйнай уладай так званую «Цэнтральную выбарчую камісію» Запароскай вобласьці і правяла незаконны рэфэрэндум аб далучэньні да Расеі захопленых расейскай арміяй украінскіх тэрыторый рэгіёну.