Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома яшчэ пра адну беларуску, якая добраахвотна перайшла на бок акупацыйных уладаў у Данецкай вобласьці


Горад Ліман пасьля дэакупацыі. Украінскае войска вызваліла горад ад расейцаў у кастрычніку 2022 году. Ілюстрацыйнае фота
Горад Ліман пасьля дэакупацыі. Украінскае войска вызваліла горад ад расейцаў у кастрычніку 2022 году. Ілюстрацыйнае фота

Ураджэнка Беларусі, грамадзянка Ўкраіны, пагадзілася працаваць дыспэтчарам пажарна-ратавальнай часткі, створанай у Лімане ў падпарадкаваньні акупацыйных уладаў і так званай «ДНР».

Упраўленьне Дзяржаўнага бюро расьсьледаваньняў у Краматорску (Данецкая вобласьць) адкрыла завочнае вядзеньне крымінальнай справы датычна ўкраінскай грамадзянкі, якая нарадзілася ў Магілёве і добраахвотна перайшла на працу ў акупацыйныя ўлады Данецкай вобласьці.

Як адзначаецца ў матэрыялах крымінальнай справы, ураджэнка Беларусі пасьля захопу ў траўні 2022 году расейскімі войскамі гораду Ліман Краматорскага раёну Данецкай вобласьці добраахвотна пагадзілася на «ўдзел у незаконным ваенізаваным фармаваньні, створаным на часовай акупаванай тэрыторыі гораду Ліман».

У прыватнасьці, яна пагадзілася працаваць дыспэтчарам мясцовай пажарна-ратавальнай часткі, створанай у падпарадкаваньні акупацыйных уладаў і так званай «ДНР».

Сьледчыя кваліфікавалі яе дзеяньні згодна з ч.7 артыкула 111-1 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (добраахвотная праца на пасадах у незаконных судовых, праваахоўных органах, ваенізаваных і вайсковых фармаваньнях, створаных на часова акупаванай тэрыторыі). Ёй пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 12 да 15 гадоў з пазбаўленьнем права займаць адказныя пасады, а таксама з магчымай канфіскацыяй маёмасьці.

21 сьнежня стала вядома, што Служба бясьпекі Ўкраіны абвясьціла ў вышук этнічную беларуску, грамадзянку Ўкраіны Галіну Кацюшчанку, якая ачоліла створаную расейскай акупацыйнай уладай так званую «Цэнтральную выбарчую камісію» Запароскай вобласьці і правяла незаконны рэфэрэндум аб далучэньні да Расеі захопленых расейскай арміяй украінскіх тэрыторый рэгіёну.

Супраць Галіны Кацюшчанкі завялі справу паводле ч. 5 артыкула 111-1 і ч. 2 артыкула 28 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны («Добраахвотная дзейнасьць на пасадзе ў незаконных органах улады, створаных на часова акупаваных тэрыторыях» і «Злачынства, учыненае ў папярэдняй змове групай асобаў»). Гэтыя дзеяньні караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 5 да 10 гадоў з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасьці.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG