Служба бясьпекі Ўкраіны абвясьціла ў вышук этнічную беларуску, грамадзянку Ўкраіны Галіну Кацюшчанку, якая ачоліла створаную расейскай акупацыйнай уладай так званую «Цэнтральную выбарчую камісію» Запароскай вобласьці і правяла незаконны рэфэрэндум аб далучэньні да Расеі захопленых расейскай арміяй украінскіх тэрыторый рэгіёну.
Адначасова ўкраінскі суд дазволіў яе затрымаць і прывесьці ў суд для вырашэньня пытаньня аб яе арышце. Як адзначаецца ў судовым рашэньні, вышук даручылі правесьці апэратыўным супрацоўнікам аддзелу супрацьдзеяньня кібэрзлачынствам у Запароскай вобласьці Дэпартамэнту кібэрапаліцыі Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны.
Супраць Галіны Кацюшчанкі завялі справу паводле ч. 5 артыкулу 111-1 і ч. 2 артыкулу 28 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны («Добраахвотная дзейнасьць на пасадзе ў незаконных органах улады, створаных на часова акупаваных тэрыторыях» і «Злачынства, учыненнае ў папярэдняй змове групай асобаў»). Гэтыя дзеяньні караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 5 да 10 гадоў з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з або без канфіскацыі маёмасьці.
Што вядома пра Галіну Кацюшчанку
Эўразьвяз уключыў ураджэнку Віцебску, жыхарку Мелітопаля Галіну Кацюшчанку (дзявочае прозьвішча Курчанка) у новы санкцыйны пакет. Сёлета ў верасьні, калі адзначалі гадавіну так званага «рэфэрэндуму» аб далучэньні Запароскай вобласьці да Расеі, Галіна Кацюшчанка заявіла:
«Запароская вобласьць вярнулася дадому, стала часткай Расейскай Фэдэрацыі — мы сэрцам і душой разам. Галоўнае, што мы перажылі за гэты год, — гэта адчуваньне, што ты дома. Зычу ўсім нам працьвітаньня, веры ў сябе, веры ў сваю краіну. Наша краіна найлепшая».
Яе сын Глеб вучыўся ў Севастопалі ў кадэцкай вучэльні. А сама яна з гэтага году пачала вучыцца ў Севастопальскім дзяржаўным унівэрсытэце на спэцыяльнасьці «паліталёгія».
Старонка Галіны Кацюшчанкі ў Facebook амаль пустая. Апошнія здымкі яна публікавала ў студзені 2022 году — за месяц да расейскага ваеннага ўварваньня. Яна цікавілася фігурным катаньнем, вышываньнем, шыцьцём і псыхалёгіяй.
Перш, чым уключыцца ў палітычную дзейнасьць, ураджэнка Віцебску займалася ў Мелітопалі невялікім бізнэсам, мела статус індывідуальнага прадпрымальніка і аказвала сацыяльную дапамогу без забесьпячэньня месца жыхарства. З 2014 году яна ўступіла ў партыю «Апазыцыйны блёк» (адна з партый, утвораных пасьля распаду «Партыі рэгіёнаў» Віктара Януковіча. — РС) і спрабавала ўдзельнічаць у выбарах, каб трапіць у Мелітопальскую гарадзкую раду. Але ніводнага разу не перамагла.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.