Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трывожная кнопка і відэаназіраньне. Кіраўнік МУС расказаў пра захады бясьпекі на ўчастках для галасаваньня 25 лютага


Міністар унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў (зьлева). Архіўнае фота
Міністар унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў (зьлева). Архіўнае фота

«У выпадку найменшай небясьпекі будуць замацаваныя групы хуткага рэагаваньня, якія будуць надаваць дапамогу супрацоўнікам, якія ахоўваюць парадак».

Міністар унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў заявіў, што сілавыя органы пачалі рыхтавацца да дня галасаваньня загадзя, каб папярэдзіць імавернасьць паўтарэньня сытуацыі 2020 году.

«Пасьля 2020 году, калі сытуацыя была вельмі напружаная, мы правялі працу над памылкамі і прааналізавалі сытуацыю. І на рэфэрэндуме ў 2022 годзе бясьпека на выбарчых участках забясьпечвалася зусім па-іншаму», — сказаў Іван Кубракоў у этэры тэлеканалу «Беларусь 1», паведаміла інфармацыйнае агенцтва БелТА.

Міністар унутраных спраў падкрэсьліў, што на кожным участку будуць усталяваныя «кнопка трывожнай сыгналізацыі» і сыстэма відэаназіраньня.

«Раскажу на прыкладзе Менску. Выдзелена асобнае памяшканьне, дзе будуць працаваць ня менш за 50 чалавек. Кожны выбарчы ўчастак і прылеглая тэрыторыя будзе пільна кантралявацца. У выпадку найменшай небясьпекі будуць замацаваныя групы хуткага рэагаваньня, якія будуць надаваць дапамогу супрацоўнікам, якія ахоўваюць парадак. Таму сытуацыя знаходзіцца ў нас пад кантролем. У ўпэўнены, што тактыка і дзеяньні, якія мы заплянавалі, дадуць свой вынік, і мы гарантуем бясьпеку», — сказаў Кубракоў.

25 лютага ў Беларусі адбудзецца «адзіны дзень галасаваньня». Выбарнікам упершыню прапануюць прагаласаваць адначасова за кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы.

Кампанія адбываецца на фоне зачысткі палітычнага поля. Цягам лета і восені 2023 году Міністэрства юстыцыі зьліквідавала ўсе апазыцыйныя палітычныя партыі, многія іх лідэры і актывісты знаходзяцца ў турмах і вымушанай эміграцыі.

Галасаваньне будзе праходзіць у адсутнасьць міжнародных місій назіраньня, у тым ліку з АБСЭ.

12 студзеня старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Ігар Карпенка заявіў, што магчымасьць назіраць за падзеямі ў «адзіны дзень галасаваньня» 25 лютага атрымаюць «індывідуальныя экспэрты з розных краін, у тым ліку краін Эўразьвязу». Аднак ён не ўдакладніў, што гэта за краіны.

Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024

  • 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
  • Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
  • Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
  • Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
  • Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
  • Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
  • Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
  • Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
  • Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
  • Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
  • Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
  • На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
  • Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
  • З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG