Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: фігуранта справы Аўтуховіча перавялі ў крытую турму


Павал Разановіч, архіўнае фота
Павал Разановіч, архіўнае фота

У горадзенскай турме, дзе трымаюць вядомых палітыкаў, апынуўся фігурант справы Аўтуховіча Павал Разановіч, якога ў 2022 годзе асудзілі за «падрыхтоўку да тэрарызму».

Палітвязьня Паўла Разановіча перавялі з калёніі № 17 у Шклове ў горадзенскую турму № 1 у сьнежні мінулага году. Дасьведчаная крыніца таксама паведаміла Свабодзе, што ўмовы ўтрыманьня Разановіча сталі больш жорсткімі, але скаргаў ад яго не атрымлівалі.

«Перавялі на турэмны рэжым. Але стаўленьне ў новай вязьніцы нармальнае, даходзяць лісты, ёсьць спатканьні. Ён ня скардзіцца, настрою ня траціць», — паведаміў суразмоўца.

Павал Разановіч мае юрыдычную адукацыю, да арышту ўвосень 2020 году ён працаваў у раённым аддзеле прымусовага выкананьня пакараньняў у Берасьці. Разановіча асудзілі на 19 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ў падрыхтоўцы да акту тэрарызму.

На судзе абвінавачаны віны не прызнаваў і паведаміў, што супраць яго падчас сьледзтва ўжывалі фізычныя і псыхалягічныя катаваньні. З папраўчай калёніі ў крытую турму Разановіча перавялі па пастанове суду як злоснага парушальніка рэжыму ўтрыманьня.

У справе Мікалая Аўтуховіча аб тэрарызьме ўсяго фігуравала 12 чалавек, сярод іх пэнсіянэрка Ірына Мельхер зь Берасьця. Ірына адбывае пакараньне ў гомельскай жаночай калёніі № 4. Пра сытуацыю ў Ірыны Мельхер расказала асуджаная, якая нядаўна вызвалілася з калёніі.

«Ёй 68 гадоў, таму на працу яе ня водзяць. Сядзіць у корпусе; максымум, чым яе займаюць, — дзяжурствам па атрадзе. У яе праблемы з хрыбетнікам, увогуле са здароўем ня ўсё добра, таму гэтым займаецца, неяк лечыцца. Настрой у яе нармальны, яна маладых падтрымлівае і пераконвае, калі што, дык не сварыцца. Кажа, што мы ўсе тут у палоне, таму трэба адпаведна сябе паводзіць», — расказала суразмоўца.

Вядома, што Ірына Мельхер з чатырох выстаўленых ёй абвінавачаньняў прызнала віну толькі ў адным — ва ўдзеле ў карагодзе, які 13 верасьня 2020 году правялі ў Берасьці дэманстранты на знак пратэсту супраць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў. Суд пакараў жанчыну 17 гадамі зьняволеньня.

Праваабаронцы прызналі Ірыну Мельхер, як і іншых фігурантаў справы Аўтуховіча, палітвязьнямі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG