Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Завернутыя» перадачы, чуткі пра ПКТ. Што вядома пра знакавых палітвязьняў, зь якімі амаль год няма сувязі


Палітвязьні, зь якім даўно няма сувязі, каляж
Палітвязьні, зь якім даўно няма сувязі, каляж

Мікалай Статкевіч 335 дзён у невядомасьці, Максім Знак — 332, Марыя Калесьнікава — 330, Ігар Лосік — 325. На скаргі сваякоў з калёній прыходзяць фармальныя адказы, што «ў перапісцы зьняволеныя не абмежаваныя».

«Інкамунікада» і адсутнасьць сродкаў гігіены як катаваньні

Апошні ліст ад палітвязьня Міколы Статкевіча прыйшоў 9 лютага, ад Ігара Лосіка — 20 лютага. 11 месяцаў няма лістоў ад Віктара Бабарыкі, Сяргея Ціханоўскага, Максіма Знака, Марыі Калесьнікавай. Усе яны, паводле абазнаных крыніц, утрымліваюцца ў адзіночках ПКТ — памяшканьня камэрнага тыпу. У лістападзе ў ПКТ Горацкай калёніі трапіў і нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі. Сувязі зь імі няма. На працу яны ня ходзяць. Перадачы, спатканьні, тэлефанаваньні забароненыя. Ліставаньне дазволенае, але на практыцы яго таксама няма.

Паводле беларускага заканадаўства, у ПКТ вязень можа адбываць пакараньне ня больш за 6 месяцаў.

«Канвэнцыяй супраць катаваньняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжальных для годнасьці відаў абыходжаньня і пакараньня» ААН прадугледжваецца магчымасьць утрыманьня пад вартай у рэжыме «інкамунікада» (строгай ізаляцыі) на тэрмін да пяці дзён у якасьці выключнай меры ў выпадках асабліва сур’ёзных злачынстваў. Каб зьвярнуцца да падобнай працэдуры, ва ўсім цывілізаваным сьвеце неабходна атрымаць судовы ордэр на працягу сутак з моманту затрыманьня, а судзьдзя, які выдаў такі ордэр, павінен пастаянна атрымліваць інфармацыю пра стан затрыманай асобы«, — тлумачыць былы адвакат аднаго з палітзьняволеных, пазбаўлены ліцэнзіі.

У беларускім заканадаўстве тэрміна «інкамунікада» і адпаведнага пакараньня для вязьняў няма. Адвакаты і праваабаронцы раяць сваякам і грамадзкасьці працягваць пісаць скаргі — у калёніі, Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС, у міжнародныя структуры, нягледзячы на фармальныя адпіскі.

Мікалай Статкевіч — 335 дзён у невядомасьці

Апошні ліст ад палітвязьня Міколы Статкевіча прыйшоў 9 лютага 2023 году. Днямі рэчавую перадачу, якую жонка Статкевіча Марына Адамовіч спрабавала перадаць мужу, вярнулі ўжо трэці раз запар. На сваю скаргу Марына Адамовіч атрымала чарговы фармальны адказ. Зь яго вынікае, што Мікола Статкевіч «працягвае адмаўляцца выконваць законныя патрабаваньні адміністрацыі, за што да яго ўжываюцца меры спагнаньня».

Адказ утрымлівае таксама стандартныя выразы: згодна з часткай 6 арт. 10 КВК асуджаны мае права на ахову здароўя, мэдычная дапамога асуджанаму Статкевічу аказваецца ў адпаведнасьці з інструкцыямі, пагроз жыцьцю і здароўю асуджанага Статкевіча на сёньняшні дзень няма.

Марыя Калесьнікава — 330 дзён у невядомасьці

«Больш за 40 месяцаў Марыя за кратамі, 2 гады ў Гомельскай калёніі № 4», — напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку сястра Марыі Тацяна Хоміч.

Апошні ліст бацьку ад Марыі прыйшоў летась 15 лютага. Паводле некалькіх абазнаных крыніцаў, Марыя знаходзіцца ў адзіночцы ў памяшканьні камэрнага тыпу Гомельскай папраўчай калёніі № 4.

Гэта асобны аднапавярховы будынак зялёнага колеру, які стаіць на тэрыторыі калёніі асобна, ён нагадвае вагон з камэрамі-купэ па абодва бакі. Усярэдзіне сьцены і падлога пафарбаваныя ў колеры расейскага сьцяга, расказалі Свабодзе былыя сядзельцы. На працу Марыя ня ходзіць. Год таму Калесьнікава перанесла цяжкую апэрацыю — у яе дыягнаставалі пэрытаніт і прабадную язву. Пасьля апэрацыі яна страціла 15 кіляграмаў вагі, Марыі неабходна адмысловая дыета.

Ігар Лосік — 325 дзён у невядомасьці

Апошні ліст бацькам прыйшоў ад Ігара 20 лютага 2023 году. Адвакат таксама бачыў Ігара ў лютым. У сакавіку яго да падабароннага ў Наваполацкую калёнію не дапускалі, а потым затрымалі на 30 сутак. Ігар у сярэдзіне сакавіка з прычыны правакацыі і на знак пратэсту спрабаваў пашкодзіць сабе руку і горла. Бацькі тройчы езьдзілі ў калёнію на прыём да начальніка. Ім паведамілі, што Ігар адбывае пакараньне за правіны, стан здароўя ў яго здавальняючы, таму спатканьні, званкі, перадачы забароненыя. То бок нават прадметаў гігіены і рэчаў першай неабходнасьці яму не перадаюць. І забараняюць атаварку ў турэмнай краме, хоць паводле заканадаўства вязень мае права купляць неабходнае на суму ў адну базавую велічыню.

Перад самым Новым годам у дзьверы кватэры бацькоў уторкнулі позву на імя Ігара Лосіка з патрабаваньнем зьявіцца ў аддзел выкананьня пакараньняў і аплаціць «выдаткі на ўтрыманьне дзіцяці». Як відаць, у аддзеле прымусовага выкананьня ня ведаюць, што Лосік ужо 3,5 года за кратамі. Судовы выканаўца чарговым разам сфатаграфаваў маёмасьць у кватэры бацькоў Ігара.

Сяргей Ціханоўскі — 305 дзён у невядомасьці

Пра Сяргея Ціханоўскага нядаўна расказала яго жонка Сьвятлана ў праграме «Ток». Вядоўца Наста Роўда запыталася ў Сьвятланы, калі сям’я апошні раз атрымлівала «вестачку» ад Сяргея.

«Калі можна лічыць вось гэтыя відэа, якія праўладныя каналы апублікавалі, вестачкай, то гэта было яно. Апошні раз адвакатка бачыла і размаўляла зь Сяргеем 9 сакавіка 2023 году. І з таго часу лісты і мае, і дзяцей не даходзяць. Дзеці пішуць, але, я так мяркую, не аддаюць і дзіцячыя. Не даходзяць і грашовыя пераводы. Мы спрабавалі нядаўна перадаць кнігі, але іх не прынялі. Сяргей не адзіны такі ў рэжыме „інкамунікада“, у поўнай ізаляцыі. Я ўвогуле не разумею, як там людзі выжываюць: ні зубной шчоткі, ні паперы, ні прылад для пісьма, ні мыла. Як яны жывуць? Нельга купіць, нельга перадаць. Што яны ядуць? Гэта вельмі страшна», — расказала Сьвятлана Ціханоўская праграме «Ток» на «Нашай Ніве».

Віктар Бабарыка — няма зьвестак з канца красавіка

Яшчэ менш інфармацыі пра Віктара Бабарыку. Апошні раз яго бачылі ў Наваполацкім шпіталі ў канцы красавіка. У ліпені адразу некалькі крыніц, у тым ліку сваякі Віктара Бабарыкі, якія трапілі на прыём да начальніка калёніі, і аб’яднаньне былых сілавікоў BelPol, паведамілі, што палітвязень зьмешчаны ў ПКТ.

Паводле абазнанай крыніцы, дагэтуль Віктар Бабарыка знаходзіцца ў адзіночцы ПКТ Наваполацкай калёніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG