Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле зьвестак BelPol, Віктар Бабарыка, верагодна, знаходзіцца ў папраўчай калёніі Наваполацку


6 ліпеня 2021 году. Віктар Бабарыка ў клетцы ў судзе.
6 ліпеня 2021 году. Віктар Бабарыка ў клетцы ў судзе.

Паводле зьвестак аб’яднаньня BelPol, асуджаны экс-прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Віктар Бабарыка, пра якога даўно няма пацьверджанай інфармацыі, зараз знаходзіцца ў памяшканьні камэрнага тыпу наваполацкай калёніі № 1 ў Віцебскай вобласьці.

Пра тое, што Бабарыка можа знаходзіцца ў памяшканьні камэрнага тыпу наваполацкай калёніі № 1, гаварыў 23 чэрвеня у эфіры Свабоды Premium былы палітвязень Аляксандар Кабанаў, які раней сядзеў у гэтай жа калёніі.

«Яго стан здароўя здавальняючы, аднаўляецца пасьля атрыманых траўм, — гаворыцца ў паведамленьні аб’яднаньня BelPol. — Цяпер адносіны да яго з боку адміністрацыі калёніі нармальныя, „прэсаваць“ Віктара Бабарыку баяцца з прычыны арганізаванай дэмакратычнай супольнасьцю інфармацыйнай кампаніі ў яго падтрымку».

Сьцьвярджаецца, што МУС праводзіла ў калёніі праверку, каб выявіць крыніцу ўцечкі інфармацыі пра атрыманьне Бабарыкам «сур’ёзных цялесных пашкоджаньняў». Паводле інфармацыі абʼяднаньня, правяралі як пэрсанал пэнітэнцыярнай установы, так і зьняволеных, але «асоб, якія агучылі зьвесткі пра здарэньне, не знайшлі».

BelPol — арганізацыя, якая зьявілася пасьля расколу ў абʼяднаньні былых сілавікоў ByPol у чэрвені 2023 года.

Свабода ня можа пацьвердзіць дакладнасьць гэтай інфармацыі.

Афіцыйнай інфармацыі пра месцазнаходжаньне і стан Віктара Бабарыкі дасюль няма. Лукашэнка толькі нядаўна заявіў журналістам, што з Бабарыкам «усё ў парадку»: «Пытаюся міністра: а што зь Віктарам Бабарыкам? «Нармальна, у калёніі. Ці то нешта шые, ці то ў кацельні топіць», — цытуе Лукашэнку ТАСС.

Апошні раз інфармацыя пра Віктара Бабарыку даходзіла ў ноч на 25 красавіка, калі банкіра з калёніі перавялі ў бальніцу Наваполацку. Нібыта са сьлядамі зьбіцьця і пнэўматораксу, але дакладнага пацьверджаньня гэтаму няма.

Тры асноўныя вэрсіі, дзе можа знаходзіцца Віктар Бабарыка:

  • у турэмным шпіталі ў Калядзічах;
  • у шпіталі менскага СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага;
  • у ПКТ у наваполацкай калёніі №1.
  • 26 красавіка зьявілася інфармацыя пра шпіталізацыю палітыка ў наваполацкую бальніцу са сьлядамі зьбіцьця і пнэўматораксам. Крыніца BPN паведаміла, што «магчыма, у лёгкіх у Бабарыкі выяўленая вада».
  • Увечары 27 красавіка мужчына ўсё яшчэ знаходзіўся ў бальніцы, праходзіў лячэньне ў хірургічным аддзяленьні, быў у стане сярэдняй цяжкасьці. З 28 красавіка дакладна не вядома, дзе ён знаходзіцца.
  • У чэрвені дзяржСМІ анансавалі ўдзел Віктара Бабарыкі ў працэсе па справе яго сына Эдуарда ў якасьці сьведкі, аднак у судзе ён так і не зьявіўся.
  • У канцы мінулага месяца мэдыя «Наша Ніва» са спасылкай на былога палітвязьня Валянціна Лабачова паведаміла, што Бабарыка, магчыма, перанёс інсульт і знаходзіцца ў цяжкім стане. Мужчына ўдакладніў, што атрымаў такую інфармацыю ад сваякоў аднаго з палітвязьняў. Сьцьвярджалася, што Бабарыка на той момант так і не вярнуўся ў наваполацкую калёнію.
  • Крыніца BPN, якая пажадала застацца неназванай, паведаміла, што «дыягназ Бабарыкі, агучаны ў СМІ — інсульт — можа быць праўдай».
  • Перасьлед Віктара Бабарыкі. Што важна ведаць

    • Віктара Бабарыку абвінавацілі ў «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (па частцы 2 арт. 235 КК), і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (па частцы 3 арт. 430 КК).
    • У крымінальнай справе «Белгазпрамбанку» 122 тамы. Справу разглядаў Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну.
    • 22 сакавіка абарона Бабарыкі заявіла пярэчаньні на прад’яўленыя абвінавачаньні, бо апісаньне, якое ёсьць у іх, не дазваляла ў дастатковай ступені зразумець, у якіх менавіта дзеяньнях абвінавачанага Бабарыкі ўгледзілі злачынства, заявіў адвакат Дзьмітры Лаеўскі. Таксама ён адзначыў, што ў абвінавачаньні няма апісаньня інкрымінаваных дзеяньняў з указаньнем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх учыненьня. Адвакат папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакумэнт, у якім выклаў «дэфэкты абвінавачаньня».
    • Віктар Бабарыка віны не прызнае.​

    Хроніка перасьледу

    • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць тых, хто адмаўляецца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
    • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў за адмываньне грошай і ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
    • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога кампрамату на яго.
    • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
    • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў, «​гэта адна шайка-лейка». Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
    • Фігурантамі «справы „Белгазпрамбанку“» сталі каля 20 чалавек.
    • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскія акцыянэры банку («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
    • 17 чэрвеня ўлады арыштавалі без тлумачэньняў выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.
    • 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку — кіраўніка ініцыятыўнай групы. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
    • Кіраўнік КДК Іван Тэртэль назваў Бабарыку «непасрэдным арганізатарам» «махлярскай схемы з адмываньнем грошай» з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».
    • 19 чэрвеня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы.
    • Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
    • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
    • 2 ліпеня стала вядома, што Бабарыку вінавацяць па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу.
    • 14 ліпеня ЦВК адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі празь неадпаведнасьць прадстаўленай дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.
    • 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся зь Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ.
    • 17 лютага 2021 году пачаўся суд над Віктарам Бабарыкам і былымі супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». На працэс не пусьцілі нікога зь незалежных журналістаў.
    • 6 ліпеня Бабарыку асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Вырак вынес судзьдзя Ігар Любавіцкі. Бабарыка не прызнаў віны, ягоныя абаронцы яшчэ раз заявілі аб палітычных матывах справы.
    • 12 ліпеня стала вядома, што Бабарыку этапавалі ў ПК №1 у г. Наваполацак.
    • 12 кастрычніка з ізалятараў выйшлі некалькі чалавек, затрыманых у справе «Белгазпрамбанку»​. Ім зьмянілі меру стрыманьня, але іншыя падрабязнасьці справы невядомыя.
    • У кастрычніку 2023 году арганізацыя былых сілавікоў BelPol паведамляла, што Віктар Бабарыка ў калёніі мае праблемы з сэрцам. Паводле інфармацыі арганізацыі, Бабарыку нанесьлі «сур’ёзныя цялесныя пашкоджаньні», прычым зрабілі гэта людзі, якія не адносяцца да пэрсаналу наваполацкай калёніі, дзе той сядзіць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG