Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няхай ваююць іншыя». Сумневы ў перамозе Ўкраіны ня толькі ад расчараваньня і стомленасьці ад вайны


Уладзімір Зяленскі, Уладзімір Пуцін, Ёсіф Сталін. Каляж
Уладзімір Зяленскі, Уладзімір Пуцін, Ёсіф Сталін. Каляж

Ці магчыма выйграць вайну (нават справядлівую, абарончую), калі няма ўсенароднага ўздыму і татальнай канцэнтрацыі высілкаў грамадзтва і дзяржавы.

Сьцісла:

  • Прэзыдэнт Зяленскі ўсё часьцей паўтарае асьцярожныя папрокі і нараканьні ў адрас тых суайчыньнікаў, якія пасьля пачатку вайны апынуліся за межамі Ўкраіны і не імкнуцца вяртацца;
  • Нягледзячы на забарону на выезд з Украіны, толькі ў Нямеччыне цяпер знаходзяцца каля 200 тысяч мужчын прызыўнога ўзросту, якія маюць украінскае грамадзянства. А ўсяго ў краінах Эўразьвязу іх каля 600 тысяч;
  • Ад патрыятычнага ўздыму і эўфарыі першых тыдняў і месяцаў — да паступовага раздражненьня і глухой незадаволенасьці, калі выяўляецца, што жаданых перамог няма, а фронт патрабуе ўсё больш высілкаў, ахвяраў і абмежаваньняў: такая звыклая лёгіка падобных узброеных канфліктаў;
  • Перавага ў зброі, пра якую ўвесь час нагадвае Кіеў і якой увесь час патрабуе ад Захаду, — гэта яшчэ не гарантыя посьпеху на фронце. Перамагае той, у каго мацнейшыя воля, адвага і самаахвярнасьць.

У любой працяглай зацяжной вайне, якая не суправаджаецца гучнымі перамогамі, непазьбежна надыходзіць этап стомленасьці, расчараваньня і грамадзкай апатыі. І тады вырашальную ролю пачынаюць выконваюць не жалеза і порах, не ракеты і снарады. Вайна на ўсходзе і поўдні Ўкраіны наблізілася якраз да такога этапу. Беларусы чакаюць разьвязкі ўкраінскай драмы з трывогай і непакоем: лёс Беларусі, якая каторы ўжо раз у сваёй гісторыі апынулася на раздарожжы, у значнай ступені залежыць ад зыходу баявых дзеяньняў ва Ўкріане. А вайну гэту ў сілу розных прычынаў пакуль што цяжка назваць усенароднай. У той самы час, пакуль сотні тысяч украінскіх мужчын ваююць у акопах, ня меншая колькасьць іхных аднагодкаў, мужчын-украінцаў прызыўнога ўзросту, выехалі на Захад і застаюцца там. Нягледзячы на заклікі вярнуцца, якія ўсё больш настойліва чуюцца з Кіева.

Лёгіка зацяжной вайны

У асяродзьдзі салідарных з Украінай на гэтую далікатную тэму не прынята надта разважаць і выказваць папрокі. Хоць праблема для многіх стала настолькі відавочнай, што пра яе пачаў гаварыць нават прэзыдэнт Зяленскі. Пакуль што асьцярожна і абачліва, але зусім пэўна і недвухсэнсоўна. У сваім нядаўнім інтэрвію часопісу Economist ён канстатаваў, што «мабілізацыя ўкраінскага грамадзтва і ўсяго сьвету», якая была такой прыкметнай на пачатку вайны, сёньня практычна адсутнічае.

«Гэта неабходна зьмяніць»,— кажа прэзыдэнт Украіны, робячы акцэнт на тым, што зьніжэньню мабілізацыйнага ўзросту і скарачэньню падстаў для адтэрміноўкі ад службы няма альтэрнатывы, хоць яны і не папулярныя ва ўкраінскім грамадзтве.

Уладзімір Зяленскі з байцамі на пазыцыі украіскіх сіл на бярдзянскім кірунку. Чэрвень 2023
Уладзімір Зяленскі з байцамі на пазыцыі украіскіх сіл на бярдзянскім кірунку. Чэрвень 2023

Зяленскі дакарае Захад, што той страціў адчуваньне неабходнасьці тэрміновай і маштабнай падтрымкі, а таксама папракае многіх украінцаў за тое, што страцілі пачуцьцё экзыстэнцыйнай пагрозы, якое было такім вострым у першыя тыдні і месяцы расейскага ўварваньня.

Завышаныя спадзяваньні і чаканьні напярэдадні ўкраінскага контранаступу 2023 году, патавая сытуацыя на фронце, няспраўджаныя надзеі, а як вынік — стомленасьць і расчараваньне, — такія рэаліі сёньняшняга дня. Украіна ня першая і не апошняя ў гісторыі дзяржава, якая вымушана праходзіць гэтыя абавязковыя стадыі ня надта пасьпяховай вайны. Ад патрыятычнага ўздыму і эўфарыі першых тыдняў і месяцаў — да паступовага раздражненьня і глухой незадаволенасьці, калі выяўляецца, што жаданых перамог няма, а фронт патрабуе ўсё больш высілкаў, ахвяраў і абмежаваньняў: гэта звыклая лёгіка падобных узброеных канфліктаў. Так было, для прыкладу, і ў Першую сусьветную, і падчас Расейска-японскай вайны пачатку мінулага стагодзьдзя, і ў больш аддаленай гісторыі, напрыклад падчас Крымскай вайны сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя.

«Самая важная прафэсія для ўкраінца сёньня — быць ва Ўкраіне»

Зусім не выпадковы празрысты і асьцярожны намёк Зяленскага ў адрас суайчыньнікаў: «Самая важная прафэсія для ўкраінца сёньня — гэта быць ва Ўкраіне...» Ён адрасаваны, відавочна, тым сотням тысяч (а магчыма, ужо і мільёнам) украінцаў, якія пасьля 24 лютага 2022 году апынуліся далёка ад родных мясьцін, пераважна за мяжой — у Польшчы, Нямеччыне, Чэхіі, Італіі, а таксама ў многіх іншых краінах Захаду, у тым ліку за акіянам.

«Мабілізацыя — гэта ня толькі салдаты, якія адпраўляюцца на фронт. Гаворка ідзе пра ўсіх нас. Гэта мабілізацыя ўсіх сіл. Гэта адзіны спосаб абараніць нашу дзяржаву і вызваліць нашу зямлю. Давайце будзем сумленнымі, мы пераключыліся на ўнутраную палітыку... Калі мы працягнем факусавацца на ўнутранай палітыцы, нам трэба будзе прызначыць выбары. Мяняць законы, канстытуцыю. Але тады давядзецца забыцца пра контранаступальныя дзеяньні і дэакупацыю».

«Самая важная прафэсія для ўкраінца сёньня — гэта быць ва Ўкраіне ..., а для нашых заходніх партнэраў — быць з Украінай ... Калі ў вас няма сіл, то адыдзіце ўбок. Мы не адступім».

Украінскі баец на Данбасе
Украінскі баец на Данбасе

Асьцярожныя папрокі і нараканьні Зяленскага ў адрас суайчыньнікаў — гэта якраз канстатацыя таго, чаго бракуе ў гэтай вайне ў параўнаньні з тым, што было падчас пераможнай вайны з фашызмам — масавага ўсенароднага ўздыму, які грунтаваўся б на асэнсаваньні агульнай пагрозы, а не на абяцаньнях шчодрых заробкаў ці льгот. Апошнім часам Зяленскі паўтарае гэтую думку ўсё часьцей. У тым ліку, напрыклад, у сваім нядаўнім навагоднім звароце да ўкраінцаў, зноў і зноў нагадваючы, што «пара быць разам»:

«...І гэта гісторыі людзей, юнакоў і дзяўчат, якія не маглі сядзець дома і пайшлі на фронт. І тыя, хто ня мог больш сядзець за мяжой, недзе далёка ад дома, і вярнуліся. Зразумеўшы і сказаўшы сабе: „Мне ня ўсё роўна. І я тут патрэбен. Я патрэбен перамозе, я патрэбен Украіне“. Той, хто даказаў: я мацнейшы за страх... Зрабіце выбар: кім я хачу быць. Ахвярай ці пераможцам? Уцекачом ці грамадзянінам?»

Уцекачы ці ўхілісты?

Стома і расчараваньне Захаду грунтуюцца ня толькі на тым, што ў 2023 годзе ня спраўдзіліся вялікія спадзевы на ваенныя посьпехі Ўкраіны. Як вядома, заходнія палітыкі ў сваіх рашэньнях арыентуюцца найперш на грамадзкую думку ўнутры сваіх краін, на сымпатыі і антыпатыі ўласных выбарнікаў. А грамадзкія настроі, у сваю чаргу, вынікаюць з жыцьцёвых абставінаў мясцовых жыхароў, будзённых назіраньняў нямецкага, польскага, чэскага абываталя, якія штодня бачыць на сваіх вуліцах ня толькі ўкраінскіх жанчын і дзяцей, але і ўкраінцаў-мужчын у росквіце сіл. Іх немагчыма не заўважыць: украінскую мову (ці расейскую з выразным украінскім акцэнтам) пачуеш сёньня ў многіх эўрапейскіх гарадах: з вуснаў будаўніка і сантэхніка, таксіста і дастаўшчыка піцы, кіроўцы грузавіка і дворніка. А яшчэ — ад шматлікіх заяўнікаў і просьбітаў у цэнтрах сацыяльнай дапамогі і падтрымкі, у чэргах па бясплатнае харчаваньне, сацыяльнае жытло, грашовыя выплаты.

«А чаму я павінен са сваіх падаткаў даваць грошы на іх утрыманьне? І зь якой прычыны ў той час, калі ў іх там — няўдачы на фронце, поўная мабілізацыя і забарона на выезд з краіны, яны апынуліся тут?», — задае сабе пытаньне нямецкі ці польскі абываталь.

І пытаньне гэтае тут жа апынаецца ў парадку дня палітыкаў, адбіваючыся на тым, ці выдаткуюць Кіеву новыя сотні мільёнаў даляраў дапамогі і ці пагодзяцца на фінансаваньне шматмільярдных асыгнаваньняў на вытворчасьць новых партый зброі і амуніцыі для паставак на ўкраінскі фронт.

Маштаб зьявы: у адной толькі Нямеччыне, паводле сьведчаньня дэпутата Бундэстага, экспэрта ў вонкавай палітыцы фракцыі ХДЗ Родэрыха Кізэвэтэра, знаходзяцца цяпер каля 200 тысяч мужчын прызыўнога ўзросту, якія маюць украінскае грамадзянства. А ўсяго ў краінах Эўразьвязу іх каля 600 тысяч. Улічваючы настроі, якія пануюць у нямецкім грамадзтве, дэпутат Кізэватар нават прапанаваў скараціць памер грашовых дапамог украінцам прызыўнога ўзросту, якія знаходзяцца на тэрыторыі Нямеччыны.

Як яны трапілі туды, калі фармальна пасьля 24 лютага 2022 году выезд з Украіны для іх забаронены? Частка, відавочна, выехала за мяжу яшчэ да вайны. Але значная колькасьць выкарыстала іншыя спосабы і кіравалася іншымі матывамі, галоўны зь якіх — «няхай ваююць іншыя». Напрыклад, толькі паводле афіцыйных украінскіх зьвестак, зь лютага 2022-га па кастрычнік 2023 году пры спробе нелегальна перасячы ўкраінскую мяжу ў заходнім кірунку затрымалі больш за 22 тысячы мужчын прызыўнога ўзросту. Колькі не затрымалі і колькі пасьпяхова выкарысталі кантрабандныя сьцежкі ў карпацкіх лясах і дунайскіх плаўнях, можна толькі здагадвацца.

Між тым Узброеныя сілы Ўкраіны на 2023 год, паводле зьвестак Global Firepower, налічваюць каля 500 тысяч вайскоўцаў, зь іх 200 тысяч — дзейнага вайсковага складу. Акрамя таго, 250 тысяч вайскоўцаў уваходзяць у склад рэзэровых сілаў. Такім чынам, вайсковаабавязаных мужчын-украінцаў, якія на сёньня з розных прычынаў апынуліся і застаюцца за мяжой, болей, чым асабовага складу ва ўсіх Узброеных сілах Украіны.

«Пры неабходнасьці расстрэльваць на месцы»

Масавае ўхіленьне ад мабілізацыі, якое адбывалася і адбываецца на нашых вачах, не такая ўжо надзвычайная зьява. Падчас Другой сусьветнай вайны назіралася нешта падобнае — хоць і савецкая, і цяперашняя пуцінская (і лукашэнкаўская) прапаганда пра гэта звычайна маўчаць, акцэнтуючы ўвагу на «ўсенароднай барацьбе» і «масавым гераізме». Між тым і дэзэртырства, і ўхіленьне ад прызыву на фронт тады было масавым. Напрыклад, на першым этапе вайны — з 22 чэрвеня да канца 1941 году — у СССР органы НКВД арыштавалі больш за 710 тысяч дэзэртыраў і больш як 71 тысячу «ўхілістаў» ад мабілізацыі.

Многія зь іх потым апынуліся ў ГУЛАГу альбо ў «штрафбатах» на перадавой. Але нярэдкімі былі выпадкі, калі затрыманых такім чынам дэзэртыраў расстрэльвалі перад строем на месцы, каб застрашыць астатніх. Сталін у гэтым цалкам разьвязаў рукі сваім спэцслужбам. У загадзе Стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандаваньня ад 16 жніўня 1941 года, падпісаным Сталіным, указвалася:

«Калі даць волю гэтым баязьліўцам і дэзэртырам, яны за кароткі тэрмін разбэсьцяць нашу армію і загубяць наша Радзіму. Баязьліўцаў і дэзэртыраў трэба зьнішчаць». Камандзіраў, якія «хаваюцца ў шчылінах падчас бою», гэтым загадам дазвалялася «пры неабходнасьці расстрэльваць на месцы».

Другая сусьветная вайна. Салдаты ідуць у атаку, 1 чэрвеня 1943 году. Фотахроніка ТАСС
Другая сусьветная вайна. Салдаты ідуць у атаку, 1 чэрвеня 1943 году. Фотахроніка ТАСС

На заключным этапе вайны, у ліпені—верасьні 1944-га, калі Чырвонай Арміі, якая маштабна наступала на ўсіх франтах, востра не хапала салдатаў, НКВД, НКГБ, пракуратура і СМЕРШ правялі па ўсёй краіне своеасаблівую «зачыстку» — спэцапэрацыю, галоўнай мэтай якой было злавіць і накіраваць на фронт як мага больш дэзэртыраў і ўхілістаў. Арыштавалі такім чынам больш за 170 тысяч чалавек. Зь іх 104 тысячы перадалі вайсковым камісарыятам для адпраўкі на фронт, а рэшта, у ляяльнасьці якой да савецкай улады ўзьніклі сумневы, як звычайна ў тыя часы, папоўніла кантынгент ГУЛАГу.

Усяго, паводле розных ацэнак, за час той вайны з Чырвонай арміі ўцяклі 1,7–2,5 мільёна чалавек. Паўсталі перад судом паводле крымінальнага артыкулу «дэзэртырства» 376 тысяч. Яшчэ 212 тысяч зь ліку абвешчаных у вышук так ніколі і не знайшлі. Большасьць зь іх апынулася за мяжой. Але некаторыя вельмі спрытна хаваліся на радзіме. Вядомыя ўвогуле надзвычайныя выпадкі, калі хавацца дэзэртырам удавалася на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў. Лічыцца, што найдаўжэй заставаўся дэзэртырам латыш Яніс Пінупс: ён пайшоў здавацца ўладам 9 траўня 1995 года, праз паўстагодзьдзя пасьля вайны, толькі калі канчаткова ўпэўніўся, што ні камуністаў, ні НКВД у Латвіі больш няма.

Абсалютныя лічбы дэзэртыраў і ўхілістаў у Чырвонай арміі былі вялізныя. Але пры гэтым трэба мець на ўвазе, што ў канцы Другой сусьветнай вайны, у 1945 годзе, Узброеныя сілы СССР налічвалі больш за 11 мільёнаў чалавек. Такім чынам, калі браць у працэнтных суадносінах, лічбы нават аддалена не набліжаюцца да тых лічбаў, зь якімі мае справу сёньняшняя Ўкраіна — калі за мяжой раптам апынулася больш патэнцыйных прызыўнікоў і рэзэрвістаў, чым ваююць сёньня на фронце.

Такія розныя войны

Досьвед Другой сусьветнай, якую ў Расеі і Беларусі называюць Вялікай Айчыннай, міжволі кідае адбітак на сёньняшнюю вайну Расеі супраць Украіны. Усе пасьляваенныя пакаленьні савецкіх і постсавецкіх грамадзян у Расеі і Беларусі выхаваныя на пастуляце, які пад страхам крымінальнага перасьледу забаронена аспрэчваць: пра ўсенародны супраціў акупантам, масавы гераізм і бяспрыкладную самаахвярнасьць. Што з гэтага міт, а што рэальныя гістарычныя факты, — тэма асобнай вялікай размовы. І ўсё ж не выклікае сумневу, што ў аснове перамогі над фашызмам 80 гадоў таму ўсё гэта было — і вялізны размах партызанскага руху, і нянавісьць да акупантаў, і імкненьне людзей абараніць сваю Радзіму.

Зьбіты расейскі самалёт. Сакавік 2022
Зьбіты расейскі самалёт. Сакавік 2022

Адметнасьці вайны сёньняшняй цяжка было б зразумець тым савецкім людзям, якія жылі ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя. Ці мог нехта ў 1940-я гады ўявіць, што пойдзе на вайну, каб добра зарабіць альбо забясьпечыць сваю сям’ю (бо цяпер за гібель вайскоўца сям’і выплочваюць кампэнсацыю, вялізную паводле расейскіх і ўкраінскіх мерак)? Сёньня гэта стала адным з ключавых фактараў фармаваньня баявых частак, якія накіроўваюцца на перадавую. Адбываецца відавочная камэрцыялізацыя вайны. У Расеі, пагадзіўшыся пайсьці на фронт, можна купіць сабе прэзыдэнцкую амністыю нават за самыя цяжкія крымінальныя злачынствы. Значная частка тых, хто сёньня на перадавой лініі ўкраінска-расейскага фронту — гэта сучасныя ляндскнэхты і кандат’еры. Прычым з абодвух бакоў: і расейскага, і ўкраінскага. І ці трэба зьдзіўляцца, што амаль не чуваць (за выключэньнем адзінкавых выпадкаў) пра масавы партызанскі рух на акупаваных тэрыторыях поўдня і ўсходу Украіны.

Адметна таксама, што гэтая адна з самых крывавых з часу Другой сусьветных эўрапейскіх войнаў афіцыйна вайной не прызнаная ніводным з варагуючых бакоў. Крэмль з самага пачатку ўварваньня афіцыйна назваў яе «спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй» і жорстка перасьледуе кожнага, хто ўжывае слова «вайна». А Кіеў у адказ таксама не абвесьціў Расеі вайну, абмежаваўшыся ўвядзеньнем у краіне ваеннага становішча, якое падаўжаецца кожныя 90 дзён. Афіцыйна гэта абгрунтоўваецца тым, што, паколькі Расея вайну не абвесьціла, то ў выпадку, калі б гэта зрабіла Ўкраіна, юрыдычна менавіта яна магла б лічыцца ініцыятаркай вайны, і гэта здольна паўплываць на маштабы міжнароднай падтрымкі.

Сыстэмы Patriot на ўзбраеньні Ўкраіны
Сыстэмы Patriot на ўзбраеньні Ўкраіны

Перавага ў зброі, пра якую ўвесь час нагадвае Кіеў і якой увесь час патрабуе ад Захаду, гэта яшчэ не гарантыя посьпеху на фронце. Маштабныя амэрыканскія і брытанскія пастаўкі ўзбраеньняў ды іншых рэсурсаў для СССР падчас Другой сусьветнай (славуты лэнд-ліз) былі істотным фактарам перамогі, але не адзіным і наўрад ці вырашальным. Заходняя зброя была памножаная на людзкія рэсурсы СССР, і толькі ў такім спалучэньні выканала сваю вырашальную ролю. Але дзеля таго, каб пастаўленыя ЗША і Вялікай Брытаніяй 430 000 «студэбэкераў», «вілісаў» «доджаў», «фордаў» і танкаў «Матыльда» дабраліся зь перамогай ад Масквы і Сталінграда да Бэрліна і Вены, патрэбны былі высілкі і ахвяры 10 мільёнаў савецкіх салдатаў. І па-іншаму наўрад ці магло атрымацца. І ці атрымаецца цяпер ва Ўкраіне? Вялікае пытаньне, адказ на якое трывожыць і непакоіць многіх, у тым ліку беларусаў, бо ад зыходу гэтай вайны шмат у чым залежыць і будучыня незалежнасьці беларускай дзяржавы.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG