У офісе прэзыдэнта Ўкраіны ўхвалілі ідэю прызыву ў войска ўкраінскіх уцекачоў, якія цяпер за мяжой

Магілы ўкраінскіх вайскоўцаў на могілках у Белагародцы, Кіеўская вобласьць, 12 кастрычніка 2023 году.
Магілы ўкраінскіх вайскоўцаў на могілках у Белагародцы, Кіеўская вобласьць, 12 кастрычніка 2023 году.

Магчымы прызыў украінскіх бежанцаў ва Ўзброеныя сілы Ўкраіны, на думку дарадцы кіраўніка офісу прэзыдэнта Міхаіла Падаляка, трэба абмяркоўваць на ўзроўні Генштабу, Мінабароны і МЗС Украіны, а таксама з урадамі іншых краін, піша DW.

Дарадца кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк ухвальна выказаўся пра магчымы прызыў уладамі Ўкраіны бежанцаў з гэтай краіны на вайсковую службу. «Гэта правільная ідэя», — заявіў Падаляк у інтэрвію «24 каналу», апублікаваным у пятніцу, 22 сьнежня.

«Усё ж трэба быць сьвядомым, бо выглядае дзіўна. Хтосьці тут павінен несьці пэўную адказнасьць за тое, што адбываецца ў краіне. А хтосьці там пачакае, пакуль гэтыя людзі ўсё выканаюць. Потым прыедзем і будзем далей як ні ў чым не бывала будаваць Украіну. Тут міністар мае рацыю», — дадаў прадстаўнік офісу ўкраінскага прэзыдэнта.

Гэтае пытаньне неабходна абмяркоўваць на ўзроўні Генштабу УСУ, Міністэрства абароны Ўкраіны і іншых міністэрстваў, у тым ліку МЗС, лічыць Падаляк. Акрамя таго, неабходныя кансультацыі з урадамі іншых краін, дзе знаходзяцца ўкраінскія мужчыны, «з пункту гледжаньня таго, ці могуць яны там і далей атрымліваць часовы від на жыхарства, мець пэўныя прэфэрэнцыі, атрымліваць дапамогу», — растлумачыў ён.

Міністар абароны Ўкраіны Рустэм Умераў раней заявіў у інтэрвію выданьням Bild, Welt TV і Politico пра намер ўкраінскіх уладаў у пошуках новых салдат для абарончай вайны супраць Расеі з 2024 году прызываць з запасу на вайсковую службу мужчын-украінцаў ва ўзросьце ад 25 да 60 гадоў, якія знаходзяцца за мяжой.

Неўзабаве пасьля гэтага ў Міністэрстве абароны Ўкраіны фактычна дэзавуавалі словы Ўмерава, заявіўшы, што «на парадку дня няма абмеркаваньня прызыву з-за мяжы».

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 19 сьнежня на прэс-канфэрэнцыі па выніках году заявіў, што вайскоўцы прапануюць яму прызваць на вайсковую службу дадаткова 450-500 тысяч чалавек. Рыхтуецца адпаведны законапраект, які потым паступіць на разгляд Вярхоўнай Рады, сказаў кіраўнік украінскай дзяржавы.

​
XS
SM
MD
LG