Як заявіў сталы прадстаўнік Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Вене Андрэй Дапкюнас, «Беларусь устрымаецца ад запрашэньня назіральнікаў АБСЭ на выбары, якія пройдуць 25 лютага 2024 году». Пра гэта паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Паводле яго, беларускі бок паведаміў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ аб сваім намеры не запрашаць назіральнікаў і абгрунтаваў свае аргумэнты і матывацыю.
Беларусь не запрашала назіральнікаў АБСЭ і на прэзыдэнцкія выбары ў 2020 годзе, і на канстытуцыйны рэфэрэндум 2022 году. Усе выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі, пачынаючы з 1995 году, БДІПЧ АБСЭ прызнала не адпаведнымі стандартам АБСЭ, непразрыстымі і несумленнымі.