Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баўгарыя, Румынія і Турэччына будуць разам чысьціць Чорнае мора ад расейскіх мін


Румынскае судна Ion Giculescu, набытае Вялікай Брытаніяй у верасьні 2023 году
Румынскае судна Ion Giculescu, набытае Вялікай Брытаніяй у верасьні 2023 году

Вайна Расеі ва Ўкраіне ператварае Чорнае мора ў міннае поле. Цярпяць як цывільныя судны, так і экспарт збожжа з Украіны. Баўгарыя, Румынія і Турэччына плянуюць прыняць меры — вайскова-марскія сілы трох сябраў NATO сумесна разьмініруюць мора.

Што вядома пра ініцыятыву MCM Black Sea, напісала баўгарская служба Радыё Свабода.

Баўгарскія, румынскія і турэцкія вайсковыя караблі будуць сумесна патруляваць воды Чорнага мора і чысьціць іх ад марскіх мін. Ініцыятыва правядзеньня сумесных апэрацый трох краін-сябраў NATO ў рэгіёне паходзіць ад Турэччыны. Упершыню пра гэта загаварылі летась, але дзеяньні ўжо ідуць.

Мэмарандум аб стварэньні сумеснай супрацьміннай групоўкі на Чорным моры (MCM Black Sea) падпішуць 11 студзеня ў Стамбуле, пацьвердзіў у чацьвер міністар абароны Баўгарыі Тодар Тагараў.

Гэтая навіна зьявілася на фоне амаль двухгадовай вайны Расеі супраць Украіны. Напружанасьць у Чарнаморскім рэгіёне расьце таксама з прычыны спроб Крамля сабатаваць экспарт збожжа з атакаванай краіны. Часьцейшымі сталі таксама інцыдэнты за межамі зоны баявых дзеяньняў. У канцы 2023 году грэцкі грузавы карабель, які плаваў пад панамскім сьцягам у Чорным моры, сутыкнуўся з расейскай мінай. Пачаўся пажар, двое маракоў атрымалі раненьні. Гэта ня першы такі выпадак.

Акрамя таго, усё лета ВМФ Расеі анансаваў вучэньні, у тым ліку ў марской эканамічнай зоне Баўгарыі.

Хоць апэрацыя мае больш гуманітарны характар — разьмінаваньне, яна таксама павінна паказаць Расеі, што астатнія краіны рэгіёну ня згодныя з дэманстрацыяй ёю вайсковага дамінаваньня ў Чорным моры.

Як зразумець, што будзе на фронце ва Ўкраіне

«Вайна на Ўкраіне, распачатая Расеяй, прыводзіць да рызык для нашай тэрыторыі, для бясьпекі суднаходзтва, і каб мінімізаваць гэтыя рызыкі, вайскова-марскія сілы трох краін удзельнічаюць у разьмінаваньні, спадзяемся, пасьпяхова», — сказаў міністар абароны Баўгарыі Тодар Тагараў у чацьвер.

Абароннае ведамства плянуе ўвесьці групу ў дзеяньне на працягу некалькіх месяцаў, паведамілі ў адказах на пытаньні Радыё Свабода.

Мэмарандум аб узаемаразуменьні будзе дзейнічаць на працягу трох гадоў з магчымасьцю працягнуць яго яшчэ на тры гады і можа быць скасаваны ў любы час.

Што мы ведаем на дадзены момант пра MCM Black Sea?

Што такое MCM Black Sea?

MCM Black Sea (MCM, або Mine Countermeasures, азначае «супрацьмінныя захады») — назва ініцыятывы дзеля ачышчэньня Чорнага мора ад марскіх мін.

«З прычыны вайны паміж Украінай і Расеяй ва ўкраінскіх і расейскіх партах устаноўлены міны.

Часам яны дасягаюць нашых праліваў з прычыны плыняў», — заявіў міністар абароны Турэччыны Яшар Гюлер пасьля сустрэчы ў штаб-кватэры NATO ў Брусэлі ў сьнежні, цытуе Reuters.

«Нашы тральшчыкі будуць ажыцьцяўляць пастаяннае патруляваньне аж да таго месца, дзе канчаюцца (марскія) межы Румыніі», — сказаў Гюлер.

Пакуль прадугледжаны ўдзел супрацьмінных караблёў толькі з Румыніі, Баўгарыі і Турэччыны. Ініцыятыва застаецца адкрытай для сумесных дзеяньняў і ўдзелу супрацьмінных сіл і сродкаў іншых краін-сябраў NATO за межамі Чарнаморскага рэгіёну, гаворыцца ў адказе Міністэрства абароны (МА) на пытаньні Радыё Свабода. Перамовы паміж трыма краінамі-сябрамі аб стварэньні групы вяліся пры ўдзеле Альянсу.

«Дзейнасьць ДСМ Чарнаморскага рэгіёну ня будзе накіраваная супраць якой-небудзь іншай краіны (...), без замены прысутнасьці і цяперашняй дзейнасьці NATO па стрымліваньні і абароне ў Чарнаморскім рэгіёне», — заявілі ў Мінабароны Баўгарыі.

Хто будзе кіраваць групай

Супрацьміннай вайскова-марской групоўкай на Чорным моры будзе кіраваць камітэт, у працы якога возьмуць удзел галоўнакамандуючыя ВМС трох краін. Гэта будзе орган, які будзе прымаць рашэньні і кіраваць любой апэрацыяй апэратыўнай групы.

Дзеяньні ў абазначаных раёнах будуць ажыцьцяўляцца па графіку, «пры гэтым сілы, заплянаваныя да ўдзелу, будуць таксама ўказаныя на адпаведны пэрыяд актывізацыі групоўкі (ня больш за 4 пэрыяды па 15 дзён у адным каляндарным годзе)», — тлумачаць у баўгарскім міністэрстве.

Колькі караблёў будзе ўдзельнічаць

«Аптымальны ўдзел кожнай краіны-ўдзельніцы для адпаведнай актывацыі групоўкі — з адным караблём», — таксама заявілі ў баўгарскім Мінабароны ў адказе Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG