Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Царская нявестка. Што азначае ўзнагароджаньне жонкі Дзьмітрыя Лукашэнкі адмысловай прэміяй Аляксандра Лукашэнкі


Ганна Сялук, каляж.
Ганна Сялук, каляж.

Аляксандар Лукашэнка ўзнагародзіў Ганну Сялук, жонку свайго сына Дзьмітрыя, адмысловай прэміяй за «вялікі асабісты ўклад у разьвіцьцё сучаснага музычнага мастацтва, рэалізацыю сацыяльна значных культурных ініцыятыў».

Дзеці ды сваякі кіраўнікоў СССР традыцыйна займалі высокія месцы ў савецкай герархіі і хутка рухаліся па службовай лесьвіцы.

Васілій Сталін у 25 гадоў стаў генэралам, у 26 — камандуючым вайскова-паветранымі сіламі Маскоўскай акругі.

Сяргей Хрушчоў у 23 гады ў якасьці канструктара ракетнай тэхнікі стаў ляўрэатам Ленінскай прэміі, а ў 27 атрымаў званьне Героя Сацыялістычнай працы.

Сын Брэжнева пры бацькавым жыцьці быў прызначаны першым намесьнікам міністра зьнешняга гандлю СССР, а зяць — першым намесьнікам міністра ўнутраных спраў СССР. Абодва былі абраныя дэпутатамі Вярхоўнага Савету РСФСР, сталі кандыдатамі ў члены ЦК КПСС (апошняе азначала, што яны ўваходзілі ў паўтысячы самых высокапастаўленых і ўплывовых у краіне асобаў).

Але ўжо на Андропаву традыцыя сваяцкіх кар’ераў пачала прытарможваць. Калі ягоны сын Ігар яшчэ дасягнуў пры жыцьці бацькі высокай службовай прыступкі ў МЗС (хоць амбасадарам стаў пазьней), дык ужо дзеці Чарненкі не «сьвяціліся» на колькі-небудзь прыкметных у маштабах краіны пасадах. Адзіная дачка Гарбачова, калі ён быў ва ўладзе, працавала ў непрыкметнай мэдычнай установе.


У незалежнай Беларусі дзеці яе першых кіраўнікоў не займалі ніякіх высокіх пасадаў: дачка Шушкевіча ад першага шлюбу, скончыўшы кансэрваторыю, у часы ягонага старшынёўства ў ВС выхоўвала дзіця, а сын быў школьнікам. Сын і дачка Мячыслава Грыба таксама ня мелі ніякіх пасадаў.

З прыходам да ўлады Лукашэнкі традыцыя вылучэньня дзяцей і сваякоў на кіроўныя пазыцыі аднавілася.

Найбольшага посьпеху дасягнуў, бясспрэчна, старэйшы сын Віктар: ён стаў памочнікам прэзыдэнта і членам Савету бясьпекі — своеасаблівага аналягу савецкага Палітбюро. Такой вышыні не дасягалі сваякі ні Сталіна, ні Брэжнева.

Віктар Лукашэнка на мотафэстывалі ў Варонежы, 2019 год.
Віктар Лукашэнка на мотафэстывалі ў Варонежы, 2019 год.

Забароненая сфэра

У савецкіх лідэраў блізкія родзічы кім толькі не былі — кіраўнікамі міністэрстваў, генэраламі ды рэктарамі, высокапастаўленымі дыпляматамі, супрацоўнікамі абаронных установаў.

Але існавала адна сфэра, куды дзецям і сваякам камуністычных кіраўнікоў доступ быў ня тое што забаронены, але дзе яны, якімі б талентамі ды здольнасьцямі ні валодалі, не маглі разьлічваць на публічнае прызнаньне і тым больш на нейкія афіцыйныя ўзнагароды. Гэта сфэра мастацкай і літаратурнай творчасьці.

Кожны, хто чытаў тэксты дачкі Сталіна Сьвятланы, пераканаўся, што яе мэмуары — ня толькі ўнікальнае (фактычна адзінае) сьведчаньне пра тое, што адбывалася ў сям’і дыктатара, але і прыклад якаснай мэмуарнай літаратуры (добры стыль Сьвятланы адзначалі і яе рэдактары). Ня ў першую дзясятку, але ў першую сотню маладых (на той момант) савецкіх літаратараў Сьвятлана пры жыцьці бацькі магла б увайсьці нават ананімна, без пратэкцыі магічнага прозьвішча. Але яна разумела, што тут перад ёю была каменная сьцяна (што пацьвярджае і апублікаваная нядаўна яе перапіска зь сябрамі).

Дачка Сталіна Сьвятлана Алілуева на вокладцы франузкага часопіса, 1960-я.
Дачка Сталіна Сьвятлана Алілуева на вокладцы франузкага часопіса, 1960-я.

Андропаў у свой час прыклаў істотныя намаганьні, каб ягоныя дзеці не пайшлі ў акторскую прафэсію, пра якую марылі. І нават, як прыгадваюць, падзякаваў галоўнаму рэжысэру «Таганкі» Юрыю Любімаву, што той адмовіўся прымаць сына ў сваю трупу.

Прыклады можна доўжыць.

Прычыны такога стаўленьня маглі быць у кожнага розныя, але агульнае, відаць, было тое, што гэтыя надзвычай далёкія ад паняцьцяў дэмакратыі і справядлівасьці дзеячы разумелі: сфэра мастацкай творчасьці — тэрыторыя, на якую іхным сваякам лепей не ступаць.

Словы дыктара Левітана на ўсю краіну ў рэпартажы з Краснай плошчы «Пачынае паветраны парад самалёт, за штурвалам якога генэрал-лейтэнант Васілій Сталін!» — так. Публікацыя нават не ў сталічным, а ў нейкім непрыкметным правінцыйным часопісе апавяданьня маладой літаратаркі Сьвятланы Сталінай — ані ў якім разе. Партыйныя кіраўнікі разумелі, што сфэра мастацтва, як ніякая іншая, найбліжэй цікавіць тых, каго яны прызвычаіліся называць «простым народам».

Сапраўды: акторы, сьпевакі, паэты цікавяць людзей куды болей, чым міністры, генэралы ды надзвычайныя і паўнамоцныя амбасадары. У сталінскія часы інфармацыя з кінэматаграфічнай ці літаратурнай «кухні» істотна дазавалася, але чуткі вакол разьмеркаваньня роляў ці прэміяў даволі хутка даходзілі да самых «нізоў». Вельмі часта — у скажоным варыянце.

Мала каго цікавіла, што намесьнік кіраўніка МУС — зяць Брэжнева, затое нібыта існуючая сувязь адной папулярнай у той час эстраднай сьпявачкі зь Ленінграду з кіраўніком рэгіёну і членам Палітбюро Раманавым абмяркоўвалася вельмі шырока (пазьней выявілася, што ніякіх рэальных падстаў для гэтага не было). Некаторыя біёграфы Андропава лічаць, што плётка распаўсюджвалася супрацоўнікамі КДБ нароўні з чуткамі пра вясельле дачкі таго ж Раманава ў «Зімнім палацы», на якім госьці нібыта разьбілі сэрвіз Кацярыны II (сапраўднае вясельле прайшло сьціпла і ў вузкім коле). Мэта простая — дыскрэдытаваць у вачах людзей найбольш верагоднага канкурэнта Андропава ў будучай барацьбе за пасаду генсека.

Пры тым, што кіраўнікі СССР абапіраліся на дзяржаўны апарат, на армію і КДБ, на адладжаны мэханізм прапаганды і, здавалася б, зусім не залежалі ад меркаваньня насельніцтва (на «выбарах» нязьменна фігуравала лічба 99,8% за «блёк камуністаў і беспартыйных») — ім усё ж было неабыякава, што гавораць пра кожнага зь іх «у народзе».

Прадэманстраваў, што ўсё можна

Наўрад ці Лукашэнка кантралюе беларускае грамадзтва ў большай ступені, чым у свой час Сталін кантраляваў грамадзтва савецкае. Але такога падаўленьня асабістых свабодаў не было з моманту сьмерці дыктатара ў 1953-м, гэта значыць — сем дзясяткаў гадоў.

Можна сказаць, што Лукашэнка дасягнуў такога ўзроўню кантролю над краінай і над кожным яе жыхаром, калі яму абсалютна абыякава, што будуць пра яго думаць.

Прызначэньнем сына Віктара ў Савет бясьпекі Лукашэнка прадэманстраваў чынавенству, што яно, чынавенства, пад поўным кантролем.

Прэміяй сваёй нявестцы Лукашэнка паказаў, што яму абсалютна абыякавая думка народу.

Хай бы і кожны з 9,5 мільёна грамадзянаў Беларусі зь яго сьмяяўся і кожны яго ненавідзеў — ён ведае, што сьмяяцца ды зьдзекавацца публічна ніхто не адважыцца (колькасьць асуджаных за «абразу прэзыдэнта» ўжо ідзе на сотні). Ну, а «праява нянавісьці» ў дачыненьні ня тое што да «вярхоўнага галоўнакамандуючага», але і да сяржанта АМАПу лёгка кваліфікуецца як тэрарызм з пакараньнем больш цяжкім, чым за наўмыснае забойства.

У такіх умовах нейкая прэмія нявестцы фактычна цара — гэта вельмі нават сьціпла. Тым больш што, мяркуючы па рэестры інтэлектуальнай уласнасьці, яна за няпоўныя тры гады стварыла 106 песень, сярод якіх «Ах, Аляксандар», «Бульба-данс» і гімн Генэральнай пракуратуры

Гульнага Карымава з Жэрарам Дэпардзье.
Гульнага Карымава з Жэрарам Дэпардзье.

Аднак было б несправядлівым абвінавачваць Лукашэнку ў тым, што ён адзіны, хто парушыў сьвятую некалі для кіраўнікоў СССР традыцыю. Напрыклад, Гульнара Карымава, дачка колішняга прэзыдэнта Ўзбэкістану, пры бацькавым жыцьці дасягнула зайздроснага вакальнага посьпеху: сьпявала ў дуэце з Хуліё Іглесіясам і Жэрарам Дэпардзье. І нават з самой Мансэрат Кабалье, чым мог бы пахваліцца далёка ня кожны опэрны сьпявак першага сусьветнага шэрагу.

Цяпер Гульнара Карымава адбывае пакараньне ў 13 гадоў 4 месяцы пазбаўленьня волі — «за фінансавыя махінацыі і стварэньне злачыннай супольнасьці».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG